Помогите, пожалуйста, получить заработанные деньги

img_1243 Старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Сяргей Воўк рэгулярна прыязджае ў Лепель, дапамагае разабрацца ў складаных сацыяльна-прававых пытаннях, дае кансультацыі. Сёння ж у яго была асабліва пачэсная місія. Расказвае Сяргей Ігаравіч:

— Кожны год у час жніва мы, згодна з рашэннем прафсаюзных арганізацый, адзначаем лепшых працаўнікоў на ўборачных работах. Мяне вельмі радуюць падобныя даручэнні, я яшчэ раз пераконваюся, што ў Беларусі, на Лепельшчыне — выдатныя працаўнікі, якім па плячы вырашэнне самых складаных задач.
Сёлета для працаўнікоў сельскай галіны склаліся вельмі цяжкія, неспрыяльныя ўмовы. Вясна і першая палова лета былі, можна сказаць, экстрэмальным перыядам. Асабліва падкасіла засушлівая пара, якая ўсталявалася ў канцы мая і на пачатку ліпеня. У той час, калі збожжа павінна было налівацца, не хапала пажыўнай вільгаці. З-за гэтага гаспадаркі сёлета не дабіраюць неабходнага ўраджаю. Натуральна, што і намалаціць тысячу тон, асабліва на камбайне айчыннай вытворчасці, нялёгка. Мы вырашылі адзначыць проста лепшых работнікаў, уручыць ім падзякі і грашовыя падарункі, памятныя прызы.
Першым пунктам стала поле за вёскай Паляны. Непасрэдна да месца сустрэчы з перадавіком Уладзімірам Буракоўскім нас суправаджаў спецыяліст КУВСГП “Лепельскае” Іван Бабовіч.
Да нядаўняга часу КУСП “Лепелька” было самастойным прадпрыемствам, з вясны яно ўвайшло ў склад КУВСГП “Лепельскае”. Уладзімір Буракоўскі сеяў азімае і яравое збожжа ў першай арганізацыі, а ўбіраў у другой. Мужчына выдатна працаваў, на КЗС-1218 выконваў абавязкі камбайнера і памочніка, намалаціў больш за 800 тон збожжа. У дзень аб’езду стаяла пахмурнае надвор’е, з неба перыядычна імжэў дробны, нудны дожджык, таму механізатар перасеў на іншую тэхніку: на трактары апрацоўваў глебу пад азімую сяўбу.
img_1229Уладзіміру Міхайлавічу ўручылі падарункі, павіншавалі з працоўным поспехам, пажадалі новых дасягненняў. У гутарцы механізатар падняў вострае і неадназначнае пытанне:
— Дапамажыце, калі ласка, атрымаць заробленыя грошы. Справа ў тым, што палову заробку ў нас выдаюць грашыма, а палову — пералічваюць на краму раённага спажывецкага таварыства. З аднаго боку, гэта, можа, і добра, але не заўсёды. Зараз пара адносна вялікіх заробкаў, на корманарыхтоўчай, уборачнай, азімай пасяўной кампаніях механізатары няблага зарабляюць, нам налічваюць добрыя грошы. Зімой жа працы мала, заробкі слабыя. Атрымліваецца, што мы будзем жыць за тое, што заробім цяпер. Зараз трэба збіраць дзяцей у школу, у тэхнікумы і ўніверсітэты, здымаць жыллё ў вялікіх гарадах, многім трэба плаціць крэдыты. Гэтага мы, натуральна, не зможам зрабіць праз крамы райспажыўтаварыства. Прашу пасадзейнічаць у вырашэнні нашых праблем.
Сяргей Воўк запэўніў, што возьме праблему на асаблівы кантроль.
Наступным пунктам стала дзяржаўная сельскагаспадарчая ўстанова “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”. Камбайнер Яўген Шамшур намалаціў больш за 750 тон збожжа. Намалаціў бы і болей, тым больш што летась перасягнуў тысячны рубеж, аднак у сельгасарганізацыі банальна скончыліся збожжавыя палеткі, усё зжалі камбайнеры. Застаўся хіба яравы рапс. Віншуючы механізатара, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч сказаў:
— Вельмі прыемна сачыць за поспехамі Яўгена Шамшура, апошнія гады кожную ўборачную кампанію ён — у лідарах, а летась быў і тысячнікам. Шкада, што сёлета надвор’е не дало з большай эфектыўнасцю завяршыць земляробчы цыкл, меншыя сёлета валавыя намалоты. Таму яшчэ больш важкі ваш уклад. Дзякую вам за вашу шчырую, самаадданую працу, жадаю моцнага здароўя, ладу ў сям’і, і каб мы яшчэ шмат разоў сустракаліся з нагоды вашых новых працоўных дасягненняў.
Апошнім пунктам аб’езду стала адкрытае акцыянернае таварыства “Чарэйшчына”. Там перадавым з намалотам у больш за 660 тон стаў маладзёжны экіпаж Віктара Гарыслаўкі і Мікіты Осіпава. Камбайнеры гаспадаркі таксама выдатна папрацавалі ў сёлетнюю ўборачную кампанію, на дзень прыезду гасцей убраць заставалася менш за пяць працэнтаў збожжавых.
Хлопцы ж у дажджлівы дзень збіраліся працаваць на іншай тэхніцы, займацца апрацоўкай глебы пад азімую сяўбу. Ім таксама ўручылі падзякі, сувеніры і грашовыя падарункі ад прафсаюзаў.
— Я ўжо каля дзесяці гадоў прыязджаю на Лепельшчыну, каб павіншаваць гвардзейцаў жніва, — кажа Сяргей Воўк. — Радуе, што ў нас ёсць такія працаўнікі, асабліва моладзь, за імі будучыня. Яны ўносяць уклад у скарбонку, мацуюць харчовую бяспеку краіны. Гэтыя падарункі не самыя вялікія. Хацелася б, каб поспехі земляробаў ацэньваліся яшчэ больш важка, але мы сыходзім з тых магчымасцяў, якія маем у наяўнасці на дадзены момант. У любым выпадку я шчыра ўдзячны ўсім за самаадданую, цяжкую земляробчую працу. Жадаю толькі моцнага здароўя і каб яшчэ шмат разоў сустракацца з самай добрай нагоды.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: уручэнне падарункаў Мікіту Осіпаву, Віктару Гарыслаўку і Яўгену Шамшуру.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.