Посещение музеев, особенно рэтраэкспазицый, вызывает у меня закономерный чувство ностальгии

muzej Па праўдзе кажучы, наведванне музеяў, асабліва рэтраэкспазіцый, выклікае ў мяне заканамернае пачуццё настальгіі.  Успаміны наплываюць нібыта кадры дакументальнай кінахронікі. Віртуальную вандроўку ў прасторы і часе зрабіў пад час знаёмства, у прыватнасці, з выставай “Гукі часу” ў раённым краязнаўчым музеі. Экспанавалася гукаўзнаўленчая апаратура савецкага мінулага: патэфоны, электрафоны, магнітафоны, радыёлы і прайгравальнікі.

Прыгадаў тады сваё маленства, дзяцінства. Электрычнасці не было, нават правадное радыё не дайшло ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя ў вёску Пятніцы Ушацкага раёна. А ў бабулінай суседкі дачка рабіла ў Ленінградзе. На тую пару калгаснікі за працадні атрымлівалі хіба што натураплату. Грошай жывых не бачылі. У гарадах жа заробак спраўна плацілі. Гануліна дачка прывезла аднойчы ў падарунак патэфон з камплектам пласцінак і спецыяльных іголак. Без апошніх апарат не працаваў.
У вольную хвілінку амаль уся вёска збіралася пад акном цёткі Ганны. Яна ставіла патэфон на падаконнік. Круціла ручку, спружына ўнутры напружвалася, на пласцінку клалася галоўка гукаўзнаўляльніка, і нягучным раўчуком струменіла чароўная мелодыя. Калі хтосьці з кабет спрабаваў пракаментаваць песню ці падцягнуць прыпеў, слухачкі грозна абрывалі яе і адштурхоўвалі на перыферыю натоўпу. Маўляў, не перашкаджай слухаць цудоўны напеў Казлоўскага, густы бас Шаляпіна, запальныя прыпеўкі Русланавай, іншых папулярных на тую пару выканаўцаў.
Імёнаў артыстаў тады не ведалі, таму цётка Ганна па складах прачытвала прозвішча выканаўцы на кругляшы пласцінкі. Кабеты і мужчыны паважліва ківалі галовамі і дружна ўхвалялі спевака ці спявачку. Патэфонны канцэрт падабаўся ўсім.
Мая матуля была больш дасведчаная. Як жа! Нам падарылі дэтэктарны прыёмнік.Так ён мусіць тады называўся. Высокую антэну змайстраваў тата, нейкія адмысловыя прылады на сцяне, навушнікі падключыў. Да нас часцей завітвалі мужчыны. Яны цікавіліся палітыкай, апошнімі навінамі. Тата прыладкоўваў навушнікі ў парожнім ацынкаваным вядры, і голас дыктара станавіўся больш гучны. Гэтыя лірычныя абразкі міжволі прыгадаліся пры азнаямленні з адпаведнай музейнай выставай краязнаўчага музея.
— Важным напрамкам з’яўляецца правядзенне выстаў. З 2015 па 2017 год праведзена сорак, — адзначыла ў сваёй інфармацыі на пасяджэнні райвыканкама дырэктар краязнаўчага музея Аліна Стэльмах. — Сёлета арганізавана больш як восем выстаў. Летась прайшоў вялікі выставачны праект “Вясельны перапалох, або Вяселле па-лепельску”, які распавядаў аб гісторыі ўзнікнення, развіцця і трансфармацыі вясельнага абраду на Лепельшчыне, пачынаючы з канца дзевятнаццатага стагоддзя і да нашых дзён. Сумесна з хрысціянскімі канфесіямі Лепеля ладзілася экспазіцыя абразоў і рызаў святароў пад назвай «Хрысціянства на Лепельшчыне». Выставачныя прадметы перададзены ў фонды музея. Раз на два гады праходзіць традыцыйная экспазіцыя прац лепельскіх мастакоў «Фарбы Лепельшчыны». Пазалетась у трынаццатай па ліку выставе бралі ўдзел 23 мастакі.
Безумоўна, нямала прыхільнікаў збіраюць мастацкія выставы. На свае вочы пабачыў, што прыходзяць на сустрэчу з творамі землякоў цэлымі сем’ямі. Папулярнасцю карысталіся творы членаў Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь Анатоля Ільінова, Аляксея Пшонкі, Алега Скавародкі і іншых. Мяне асабліва прывабліваюць карціны, напісаныя акварэльнымі фарбамі. Тонка перадаюць яны настрой душы, пачуццяў і думак майстра пэндзля. І здаюцца больш натуральнымі пейзажы, нацюрморты, партрэты. Ніколькі не прэтэндую на ролю нейкага мастацкага мэтра і ні ў якім разе не навязваю сваю думку нікому. Шмат жа яшчэ сапраўдных знатакоў алейнага жывапісу. І яны могуць назваць шмат пераваг гэтай тэхнікі мастацкага асэнсавання жыцця.
Музейная скарбонка надзвычай багатая: налічваецца 21175 прадметаў асноўнага фонду. І папаўненне іх адбываецца на рэгулярнай аснове. Толькі сёлета яны павялічыліся на 219 адзінак. У электронны каталог занесена 21053 прадметы. У Дзяржаўны каталог Рэспублікі Беларусь перададзена 179. Найбольш значныя па колькасці калекцыі — пісьмовыя крыніцы (6026), выяўленчыя (1415), аўдыёвізуальныя (7973), рэчавыя (5599 прадметаў асноўнага фонду).
І зноў маё рэтраспектыўнае адступленне. І навеяна яно памятнай экспазіцыяй лепельскага музея. Якой? Пра гэта крыху ніжэй распавяду. Дык вось, у 1960 годзе бацькі пераехалі на жыхарства ў Наваполацк. Тады паселішча мела назву пасёлак Полацкі. Тата і мама былі першабудаўнікамі Нафтаграда. Яшчэ школьнікам захапіўся фатаграфіяй. О, гэта быў даволі складаны працэс. Бацька Уладзімір Піліпавіч падарыў мне на дзень нараджэння фотаапарат “Змена”, потым ФЭД. З таго і пачалася мая фотаадысея. Здымкі друкаваліся ў дзіцячых выданнях, шматтыражнай газеце “Знамя новабудоўлі”, тагачаснай гарадской газеце “Хімік”, дзіцячых і моладзевых выданнях. Захапленне каштавала грошай і вымагала шмат часу, бо тагачасная тэхналогія больш складаная, чым цяперашні лічбавы варыянт. І гэта невялікае лірычнае адступленне навеяна выставай лепельскага музея, дзе захоўваецца больш за пяцьдзясят фотаапаратаў розных марак: «Фотакор», «Змена», «Аматар», «ФЭД» і інш. І некаторыя знаёмы мне не тэарэтычна, а, так бы мовіць, у практычнай плоскасці.
Калекцыя прадметаў сялянскага і гарадскога побыту прадстаўлена традыцыйнымі прыладамі працы. Экспануюцца жаночы і мужчынскі касцюмы Лепельскага строю, гліняны і сталовы посуд, агітацыйны фарфор дваццатага стагоддзя. Вялікай з’яўляецца калекцыя жывапісу і графікі — больш за 500 адзінак.
Установа ўдзельнічала ў III Міжнародным форуме «Музеі Беларусі» ў кастрычніку 2016 г. і стала пераможцай у намінацыі «Лепшы сувенірны і друкаваны прадукт рэгіянальнага музея» за серыю сувеніраў «Народная лялька-мотанка» і атрымала ва ўзнагароду тэлевізар.
Важнымі напрамкамі паўсядзённай дзейнасці з’яўляюцца навукова-асветніцкая работа і патрыятычнае выхаванне. Пачынаючы з 2004 г. адзін раз у два гады праходзіць навукова-практычная канферэнцыя “Лепельскія чытанні”, якая стала брэндам установы культуры. Выдадзена сем зборнікаў, у якія ўвайшлі 173 даклады па гісторыі і культуры Лепельшчыны. У кастрычніку 2018 г. плануецца правядзенне аналагічнага мерапрыемства.
Цікавасць у наведвальнікаў выклікаюць аглядныя і тэматычныя экскурсіі. За апошнія тры гады адбылася 261 экскурсія. Праграма «Музей выхаднога дня» прапануе кожную апошнюю нядзелю месяца бацькам разам з дзецьмі наведаць установу бясплатна.
Штогод праводзіцца больш за 60 культурна-асветных мерапрыемстваў. Лекцыі на краязнаўчыя тэмы, гістарычныя вечарыны, музейныя заняткі, гістарычныя гульні, святы народнага календара — Каляды, Грамніцы і інш. У музеі распрацавана праграма музейна-педагагічных заняткаў для малодшых і сярэдніх школьнікаў, якія праходзяць у гульнявой форме.
Разнапланавая дзейнасць установы настройвае на пазітыў. Хаця і негатыўныя рысы прасочваюцца. І яны не залежаць ад музейных работнікаў. Будынак не адпавядае патрабаванням захаванасці экспанатаў, бо не захоўваецца тэмпературна-вільготнасны рэжым. Прадметы і дакументы пакрываюцца цвіллю, некаторыя дакументы ўжо не чытаюцца. Пачынае абсыпацца маляўнічы пласт з карцін, драўляныя вырабы гніюць, пашкоджваюцца шкоднікамі, металічныя — іржавеюць. Музейныя прадметы захоўваюцца ў дапаможным памяшканні, праз які праходзіць запасны выхад. У фондасховішчы тры дзесяцігоддзі назад месцілася амаль у тры разы менш прадметаў. Зараз жа няма прытулку не толькі для буйных прадметаў, карцін, прадметаў побыту, а нават для канвертаў з фотаздымкамі і дакументамі.
Вядома ж, не стае і плошчаў для наладжвання новых актуальных экспазіцый і выстаў. Экспазіцыя, створаная ў 1983 годзе, адпавядала інтарэсам і патрабаванням васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. У новых сацыяльна-эканамічных умовах зніжаецца цікавасць да экспазіцыі ў існуючым выглядзе. Ва ўмовах змены адукацыйнага ўзроўню насельніцтва, развіцця інфармацыйных тэхналогій узнікаюць новыя патрабаванні да зместу, афармлення экспазіцыі і да будынка музея, да формаў навукова-асветніцкай працы. У музеі няма выставачнай, лекцыйнай залаў, залы для заняткаў з дзецьмі, месца для работы наведвальнікаў з музейнымі прадметамі, адсутнічаюць камунікацыі.
Яшчэ ў 2006 годзе паводле рашэння Лепельскага гарвыканкама № 885 аддзелу культуры перададзены будынак былога вінаачышчальнага склада агульнай плошчай 1358 квадратных метраў, дзе пасля рэстаўрацыі плануецца размясціць раённы краязнаўчы музей. Што зроблена? Дэманціраваны сістэмы ацяплення, электрыкі, водаправода, часткова дэманціраваны будаўнічыя канструкцыі. Зроблены перакрыцці, дах і дрэнаж. Аб’ём выкананых работ складае каля 30 працэнтаў. У сувязі з адсутнасцю фінансавання работа на аб’екце згорнута.
З улікам перспектыў развіцця Лепельшчыны як турыстычнага рэгіёна пасля завяршэння рэстаўрацыі будынка павінна змяніцца роля ўстановы, якая стане сацыякультурным цэнтрам. Для гэтага прапануецца адкрыць новую экспазіцыю. У новым будынку згодна з праектнымі прапановамі мяркуецца стварыць вялікую выставачную залу, канферэнц-залу, зрабіць пастаяннай экспазіцыю карцін самабытнага мастака В. С. Жарнасека. Пры стварэнні новай экспазіцыі ўлічваць найбольш яркія моманты гісторыі Лепельшчыны.
Апрача класічнай экспазіцыі аб гісторыі Лепельшчыны, дзе цэнтральнае месца адведзена Вялікай Айчыннай вайне, нашым вядомым землякам прадугледжваецца разгортванне музеяў фатаграфіі, Бярэзінскай воднай сістэмы. Унутраны дворык прапануецца абсталяваць у стылі трыццатых гадоў мінулага стагоддзя, калі ў будынку размяшчаўся педтэхнікум. Магчыма і частковае аднаўленне асобных элементаў садова-паркавага мастацтва з сядзібы вядомага садавода Марозу.
Усе гэтыя мерапрыемствы павінны садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню насельніцтва, развіццю музейнай справы ў рэгіёне, прапагандзе і захаванню гісторыка-культурнай спадчыны, павышэнню турыстычнага патэнцыялу.
Уладзімір
ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.