Посев кукурузы на Лепельщине

img_7484Зерневыя культуры на палетках раёна засеяны, палі пачынаюць зелянець рунню яравой пшаніцы, ячменю і аўсу. Зараз большасць гаспадарак усе сілы кінула на сяўбу кукурузы – адной з галоўных кармавых культур.

Важнасць яе мне аднойчы растлумачыў знаёмы аграном:
— Колькі можа даць зялёнай масы гектар травы? Пры добрым раскладзе — 120-150 цэнтнераў. Кукуруза ж дае ад 200 цэнтнераў гектараў, а на некаторых палетках пры добрым доглядзе можна атрымаць і звыш 400 цэнтнераў зялёнай масы з гектара. А гэта — кукурузны сілас, пажыўны корм для кароў.
Гэту размову ўзгадаў, едучы на поле за вёскай Падымхі, дзе трактарыст КУВСГП “Лепельскае” Мікалай Дуброўскі сеяў кукурузу.
Кукуруза — культура цеплалюбівая, таму яе ніяк нельга сеяць ні ў пачатку красавіка, ні тым больш у канцы сакавіка, як, напрыклад, сёлета ў гэтай жа гаспадарцы сеялі авёс (“Лепельскі край” №23 за 20 сакавіка бягучага года). Авёс, ячмень у глебе могуць спакойна паляжаць, перачакаць халады ці непагадзь, каб потым пры наступленні спрыяльнага надвор’я пайсці ў рост. Зерне ж кукурузы ад холаду часткова можа страціць свае жыццёвыя сілы, а можа і загінуць.
Поле шырокае, раскінулася на чатырнаццаці гектарах. Калісьці на гэтых абшарах было балота, парослае чэзлым кустоўем. Затым яно было асушана і пераўтворана ў поле, пра што сведчыць сетка меліярацыйных каналаў. Мікалай Іванавіч толькі-толькі прыехаў на поле.
— Распавядзіце, калі ласка, як сёлета праходзіць пасяўная кампанія? — пытаюся ў механізатара.
— Няблага праходзіць. Надвор’е паспрыяла. Мы паспелі адсеяцца па ўсіх зерневых, зараз сеем кукурузу.
— Што ў вас за тэхніка?
— Ох! – уздыхнуў суразмоўца. — Вельмі балючае пытанне. На трактар МТЗ-1221, якому ўжо восем гадоў, працую другі год. Да мяне на ім так “папрацавалі”, што давялося па некалькі разоў перабіраць каробку перадач і рухавік, каб давесці, нарэшце, больш-менш да ладу.
— А сеялка?
— Сеялка Sapfir фірмы Lemken зборкі Віцебскага маторарамонтнага завода. Неблагі агрэгат, але ёсць у ім, так бы мовіць, некалькі слабых месцаў. Па-першае, за сезон у ёй выношваецца шмат дэталяў, асабліва падшыпнікаў і ўтулак. Навяду яе перад пасяўной, замяню падшыпнікі на сашніках — радочкі роўненькія ідуць спачатку. А ў канцы пасяўной, пасля таго, як засеяў дзясяткі гектараў па камяністай глебе, радкі ідуць зігзагамі. Па-другое, гэта сеялка вельмі цяжкая для трактара МТЗ-1221. Нават пры тым, што ў ёй фрэза з рэдуктарамі заменена на простыя культыватары, а гэта адымае амаль паўтоны. Вялікая маса — павышаная нагрузка на гідрасістэму. Я, напрыклад, у сваім трактары ўжо памяняў масляную помпу. Яшчэ ў савецкія часы ў гаспадарках выкарыстоўвалася спецыяльная кукурузная сеялка. Яна была прычапная, працавала са звычайным МТЗ-82. На паваротах толькі падымай сашнікі — і ўсё.
— Аднак камення яна ўсё роўна баялася?
— Любы агрэгат камення на полі баіцца, можа паламацца ад сутыкнення з каменем .
— Поле добра падрыхтавана пад сяўбу?
— Няблага. Тут ад інтэграванай структуры ААТ “Віцебскі мясакамбінат” працаваў “Кіравец” з культыватарам АКШ. Добра апрацаваў.
— Нешта не бачу загрузчыка, які б папаўняў бункер вашай сеялкі па меры сяўбы…
— Ён і не патрэбен. Норма высейвання кукурузы на зялёную масу і сілас — да 100 кілаграмаў на гектар. Бункер мае аб’ём 800 літраў. Мая дзённая норма — шэсць гектараў. Так што мне аднаго бункера на цэлы дзень хопіць. А заўтра зноў запраўлюся палівам, насеннем — і вярнуся на гэтае ж поле.
Мікалай Іванавіч мае багаты жыццёвы і прафесійны вопыт. Механізатарам пачынаў працаваць яшчэ ў калгасе “Адважны барацьбіт” Ушацкага раёна. Затым пераехаў на радзіму жонкі ў Грыгаравічы, працаваў у мясцовым саўгасе, у ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс”, апошнія два гады — у КУВСГП “Лепельскае”.
— Калі не сакрэт, які заробак на пасяўной?
— Пакуль што не ведаю. Дакладней, расцэнкі яшчэ перад пачаткам работ нам раздалі. За сакавік разлічыліся, а за красавік, калі ішла асноўная пасяўная, нам яшчэ не плацілі.
— Колькі гектараў за сёлетнюю пасяўную вы засеялі?
— Трэба паглядзець па пуцёўках. Мяркую, ужо больш за сто гектараў ёсць.
У КУВСГП “Лепельскае” наладжана дастаўка гарачага харчавання
на палеткі, абеды прывозяцца з уласнай сталовай. Пры гэтым аплата бярэцца вельмі ўмераная. 70 працэнтаў кошту абеду аплочвае гаспадарка, 30 працэнтаў — работнік.
Насенне кукурузы лягло ў вільготную глебу. Вопытныя земляробы цяпер спадзяюцца на пацяпленне, каб культура расла добра, набірала зялёную масу.
Васіль МАТЫРКА.

One thought on “Посев кукурузы на Лепельщине

  • 21.06.2020 в 9:55 пп
    Permalink

    Кукуруза выращивается на силос и убирается в стадии молочно-восковой спелости кормоуборочными комбайнами со специальными жатками. Кукуруза на силос имеет большую урожайность.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.