Повседневная жизнь порой подбрасывает довольно неприятные “сюрпризы”

На Лепельшчыне актывізуецца дзейнасць праваахоўных органаў і грамадскасці. Гэта пазітыўны фактар. Праўда, праблем таксама шмат. Супакойвацца на дасягнутым рубяжы не выпадае. Нельга! Злачыннасць працягвае заставацца сур’ёзнай сацыяльна-прававой праблемай, прычыняе значную матэрыяльную і сацыяльную шкоду, перашкаджае ўстойліваму развіццю грамадства.

6121 Болевыя кропкі вядомыя, і на гэтых сегментах варта засяродзіцца ўсім суб’ектам прафілактыкі. Дарэчы, пракуратурай раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі і праваахоўнымі органамі ажыццяўляюцца наглядныя, арганізацыйныя і правапрымяняльныя меры, накіраваныя на забеспячэнне законнасці і правапарадку. Аб гэтым гутарым з пракурорам раёна Алегам Несцяронкам.
— Абстаноўка няпростая. Паўсядзённае жыццё часам даволі непрыемныя “сюрпрызы” рознага кшталту падкідвае. І ў такіх варунках недаравальна, як кажуць, расслабляцца, плысці па цячэнні. Мяркую так, Алег Альбінавіч, што ў пачатку нашай размовы варта абмаляваць агульную сітуацыйную карціну правапарушэнняў.
— Летась колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў засталася на ранейшым узроўні — 23, цяжкіх і асабліва цяжкіх па лініі крымінальнага вышуку — 11. Пры гэтым адбыўся рост наўмысных забойстваў і замахаў на забойства — з 2 да 4, згвалтаванняў — з 0 да 1, разбойных нападаў — з 0 да 3.
— Якія высновы зрабілі пасля аналізу складнікаў злачыннасці на тэрыторыі сельсаветаў? Ці спрацоўвае на поўную моц прафілактычны патэнцыял?
— І на гэтым напрамку трэба закасваць рукавы і настойліва працаваць. Узнялася крывая злачынстваў на тэрыторыях Домжарыцкага і Слабадскога сельсаветаў. Старшыням сельвыканкамаў неабходна скрупулёзна прааналізаваць прычыны сітуацыі, правесці пасяджэнні выканкамаў з удзелам прадстаўнікоў пракуратуры, Лепельскага РАУС, кіраўнікоў прадпрыемстваў і прыняць меры па стабілізацыі крымінагеннай сітуацыі.
— Коратка ахарактарызуйце, Алег Альбінавіч, так бы мовіць, якасны бок злачыннасці.
— Назіраецца тэндэнцыя да росту злачынстваў, якія здзяйсняюцца грамадзянамі, раней судзімымі, і групай асоб.
— На старонках “Лепельскага краю” рэгулярна публікуюцца “Міліцэйская хроніка”, матэрыялы работнікаў пракуратуры, суда, следства, міліцыі. Часта правапарушэнні адбываюцца на глебе злоўжывання алкаголем. Вось гэта сапраўдная бяда. Пакутуюць сем’і выпівох, дзеці, родныя і блізкія. Даводзіцца толькі са шкадаваннем канстатаваць: часцяком нават суседзі раўнадушна праходзяць міма, адводзяць убок вочы. А беспакаранасць спараджае злачынствы на бытавой глебе.
— Злачынствы, здзейсненыя ў стане алкагольнага ап’янення, засталіся на ранейшым узроўні — 54. Пры ўсім тым удзельная вага іх склала 28 працэнтаў пры сярэднеабласным паказчыку 21,7. Аналіз сведчыць аб тым, што ў рэгіёне фіксуецца шэраг негатыўных з’яў, якія патрабуюць прыняцця канкрэтных мер па стабілізацыі аператыўнай абстаноўкі.
Не спынена тэндэнцыя да росту наўмысных забойстваў, згвалтаванняў, разбойных нападаў. Акрамя таго, павялічылася колькасць рабаванняў — з 5 да 10, крадзяжоў транспартных сродкаў — з 2 да 5.
— Прама скажу — трывожная статыстыка. Складнікаў яе нямала. Назавіце, калі ласка, галоўныя пралікі, на якіх варта ўсім сканцэнтраваць свае высілкі. Будучыя злачынцы ходзяць сярод нас, бачым гэта, але не б’ём ва ўсе званы. А потым, калі бяда зазірне ў вокны, пачынаем заламваць рукі і наракаць на праваахоўнікаў. Пра сваю пасіўнасць і абыякавасць не ўспамінаем. На жаль.
— Асноўная прычына дакладна прачытваецца між строк вашага аповеду. Прычынай такой сітуацыі стала таксама паслабленне прафілактычнай дзейнасці з боку раённага аддзела ўнутраных спраў з асобамі, якія патрабуюць пастаяннай увагі і кантролю за іх паводзінамі, іншых суб’ектаў прафілактыкі.
Далей па тэме. Пракуратурай, скажам, праверана дзейнасць суб’ектаў прафілактыкі раёна ў сувязі з забойствамі А. Азаронка, А. Уса…
— І якія высновы можна зрабіць?
— Давайце па парадку. Шостага ліпеня мінулага года А. Макараў, раней судзімы за крадзеж, падчас сумеснага распіцця спіртных напояў, а потым рэзкага сполаху сваркі наўмысна нанёс шматлікія ўдары сякерай у вобласць галавы і шыі А. Азаронку. Апошні памёр на месцы здарэння.
Макараў стаяў на ўліку ў нарколага з дыягназам «сіндром залежнасці ад алкаголю», прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за хуліганскія дзеянні ў дачыненні да сваёй жонкі. Адміністрацыйныя правапарушэнні былі здзейсненыя ў стане алкагольнага ап’янення. Пасля ўступлення ў законную сілу пастановы па справе яго павінны былі накіраваць на медыцынскі агляд для ўстанаўлення наяўнасці або адсутнасці захворвання, што перашкаджае яго знаходжанню ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Да ўсяго іншага, яму павінны былі вынесці папярэджанне аб магчымасці накіравання ў ЛПП. Такія меры з боку РАУС у дачыненні да А. Макарава прынятыя не былі.
На тым яго “прыгоды” не скончыліся. У маі грамадзянін здзейсніў два адміністрацыйныя правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення. І паўторна не было прынята ніякіх мер, нібы праз капірку паўтарыўся першы варыянт. Начальніку РАУС у сувязі з выяўленымі парушэннямі пракуратурай было ўнесена прадстаўленне.
— Гэта адзін прыклад даволі жорсткага забойства. Злачынец каціўся па нахільнай, свядома рухаўся да забойства і ніхто яго не спыніў. Нібыта існаваў чалавек у нейкім сацыяльным вакууме. Напэўна, нешта аналагічнае адбылося і ў другім эпізодзе забойства, пра якое вы, Алег Альбінавіч, коратка выказаліся ў пачатку нашай гутаркі…
— Маеце на ўвазе забойства грамадзяніна Уса?
— Так.
— Тут ніякага сакрэту няма. Н.П. Бірукоў раней быў судзімы за крадзеж. 17 жніўня мінулага года бавіў час у вёсцы Ляхавічы. Пасля сумеснага ўжывання спіртных напояў завіхурыла сварка. Грамадзянін Бірукоў з асаблівай жорсткасцю рыдлёўкай і пілой прычыніў цялесныя пашкоджанні Алегу Усу, ад якіх апошні памёр у цэнтральнай раённай бальніцы.
— Як характарызаваўся грамадзянін Бірукоў па месцы жыхарства?
— Мяркуйце самі. Пражываў ён у Ляхавічах. Асноўнымі сродкамі для існавання з’яўлялася пенсія па ўзросце. Злоўжываў спіртнымі напоямі, якія распіваў з аднавяскоўцамі. Дом, у якім пражываў, належаў іншаму грамадзяніну. Пасля смерці гаспадара ў спадчыну на жылое памяшканне ніхто не ўступаў. Ніякіх правоў на домаўладанне Бірукоў не меў, па дадзеным адрасе не быў зарэгістраваны. У хаце адсутнічала якая-небудзь дзеючая бытавая тэхніка, адключана было электразабеспячэнне, панаваў беспарадак і антысанітарыя. Ацяпляльная печ мела пашкоджанні, яе эксплуатацыя магла прывесці да пажару.
Уласнага жылля грамадзянін Бірукоў не меў. Раней пражываў у вёсцы Ляхавічы, у хаце сваякоў, якая згарэла.
Па месцы жыхарства характарызаваўся адмоўна: круг зносін — грамадзяне, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Пражываў перыядычна на тэрыторыі Чашніцкага раёна альбо ў Ляхавічах. На прафілактычныя гутаркі ўчастковага інспектара не рэагаваў, быў схільны да крадзяжоў.
Пацярпелы В.І. Ус па месцы жыхарства таксама характарызаваўся адмоўна. Нідзе не працаваў, пражываў сумесна з братам, не працаўладкоўваўся. Злоўжываў спіртнымі напоямі. У ходзе следчых дзеянняў сведкі паказалі, што ён неаднаразова адбіраў частку грашовых сродкаў у Н.П. Бірукова. Дарэчы, нейкай пэўнай прафілактычнай работы з названымі грамадзянамі з боку Лепельскага РАУС, за выключэннем прафілактычных гутарак, не праводзілася.
— Якія меры прымаліся пракуратурай у рамках выканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны». Найперш маю на ўвазе бяспеку грамадзян на вытворчасці і ў паўсядзённым жыцці, кампенсацыю матэрыяльнай шкоды, нанесенай у выніку парушэнняў заканадаўства.
— Па выніках пракурорскага нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратурай раёна ўнесена 24 прадстаўленні, вынесена 52 прадпісанні, прынесена 14 пратэстаў, афіцыйна папярэджаны аб недапушчэнні парушэнняў заканадаўства 119 асоб.
— Пракурорскія работнікі не абмяжоўваліся выключна прадпісаннямі і ўшчуваннямі?
— Вядома, не абмяжоўваліся. Па патрабаванні пракурора да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 57 грамадзян, да адміністрацыйнай — 102, да матэрыяльнай — 32 фізічныя і юрыдычныя асобы, якімі кампенсаваны нанесены па іх віне матэрыяльны ўрон, зроблены плацяжы ў бюджэт на суму звыш 8000 рублёў.
У агульныя суды ў інтарэсах грамадзян, дзяржаўных прадпрыемстваў прад’яўлена 57 іскаў на суму 37978 руб. Разгледжаны і задаволены 53 іскі (7596 рублёў). У інтарэсах суб’ектаў гаспадарання ў эканамічныя суды прад’яўлена 10 іскаў і 4 заявы ў парадку загаднай вытворчасці на 966493 рублі, разгледжана і задаволена сем — у памеры 885503 рублі і 4 заявы ў парадку загаднай вытворчасці на суму 33680 рублёў.
У другім паўгоддзі летась выяўляліся парушэнні заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, уліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, захаванасці ўласнасці, рацыянальным і эфектыўным выкарыстанні сельскагаспадарчай тэхнікі. Па ўсіх парушэннях у райвыканкам унесены прадстаўленні.
— Алег Альбінавіч, напрыканцы нашай сустрэчы хацелася б коратка пачуць вашы меркаванні наконт нагляду за выкананнем заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб.
— Скажам, найбольшая колькасць зваротаў у РАУС звязана са стратай мабільных тэлефонаў. Пры разглядзе названай катэгорыі заяў у большасці сваёй супрацоўнікамі прымаюцца меры для ўстанаўлення месца знаходжання згубы, у тым ліку шляхам адпрацоўкі месцаў рэалізацыі і рамонту мабільных тэлефонаў.
Разам з тым у шэрагу матэрыялаў выклікае сумнеў поўнае выкананне супрацоўнікамі РАУС мерапрыемстваў па ўстанаўленні месца знаходжання мабільных тэлефонаў. Прычынамі і ўмовамі выяўленых парушэнняў з’явіліся недастатковы ўзровень ведаў заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб супрацоўнікамі аддзела, прыніжаны кантроль з боку кіраўніцтва за дзеяннямі і рашэннямі падначаленых.
Праведзена таксама чатыры праверкі выканання патрабаванняў заканадаўства аб зваротах грамадзян у рамках плана кантрольнай дзейнасці: у ААТ «Лепельаграсэрвіс», філіяле РУП «Віцебскхлебпрам» сельскагаспадарчым вытворчым прадпрыемстве «Пражэктар», УАЗ «Лепельская абласная псіхіятрычная бальніца», Лепельскім філіяле Віцебскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблпаліва».
Па выніках праверак меры пракурорскага рэагавання ў частцы выканання заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб не прымаліся.
— У інтэрв’ю палоснага фармату проста немагчыма ахапіць усе бакі шырокага спектра пазначанай тэматыкі. Думаю, Алег Альбінавіч, мы прадоўжым нашу размову ў наступных публікацыях па праваахоўнай дзейнасці пракуратуры.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.