Пра меры прымусовага выканання абавязацельстваў фізічных асоб перад бюджэтам гутарым з начальнікам інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Лепельскім раёне Маей Самусевай

Пра меры прымусовага выканання абавязацельстваў фізічных асоб перад бюджэтам гутарым з начальнікам інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Лепельскім раёне Маей Самусевай.
— Мая Анатольеўна, як часта даводзіцца ў прымусовым парадку спаганяць плацяжы ў бюджэт?
— З пачатку года з фізічных асоб запатрабаваны 55 дэкларацый, выяўлены некалькі фактаў перавышэння расходаў над даходамі, пры гэтым людзі не маглі пацвердзіць свае даходы. Напрыклад, купіў чалавек кватэру ці дарагую машыну, мы задаём яму пытанне, адкуль грошы? Ён запаўняе дэкларацыю аб даходах. Указвае, дапусцім, што за мінулы год заробіў сто мільёнаў рублёў, за якія і сплаціў падаткі, а кватэру набыў за 200 мільёнаў. Гэтая розніца, сто мільёнаў, разглядаецца як няўлічаны даход, выстаўляем яму патрабаванне, каб з яе таксама быў заплачаны падатак. Падаходны падатак з фізічных асоб у Беларусі налічваецца па стаўцы 13 працэнтаў. Аднак у выпадку выяўлення непацверджанага даходу падатак налічваецца па стаўцы 16 працэнтаў. Гэта павінна стымуляваць грамадзян да атрымання легальных даходаў, якія адлюстроўваюцца ў дэкларацыях. Як правіла, колькасць такіх выяўленняў павялічваецца ў пачатку года, калі людзі падаюць дэкларацыі аб даходах.
— Наколькі ахвотна людзі самі плацяць падаткі?
— Прыблізна 50/50. Палова грамадзян добрасумленна, без асаблівых прэтэнзій сплачвае налічаныя сумы. Прыблізна палова з налічэннямі не згодная.
— Якая працэдура ў такім выпадку?
— Праз натарыуса робім выканаўчы запіс і перадаём яго судовым выканаўцам.
— Без судовага разбіральніцтва?
— Нядаўнія змены ў заканадаўстве значна спрасцілі працэдуру спагнання налічаных плацяжоў у бюджэт. Далей справа за судовымі выканаўцамі, у іх ёсць пэўны набор прыёмаў, каб прымусіць неплацельшчыка выканаць свае абавязацельствы. Сярод найбольш дзейсных — арышт на маёмасць, забарона на выезд за межы Рэспублікі Беларусь, забарона на кіраванне транспартнымі сродкамі.
— А калі чалавек усё ж не згодны з прад’яўленымі яму плацяжамі?
— Ён мае права абскардзіць іх праз зварот у суд.
— Праілюструйце, калі ласка, прыкладам.
— Аператыўным шляхам да нас дайшла інфармацыя, што грамадзянін Г., жыхар адной з вёсак Стайскага сельсавета, займаецца незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Схему нам апісвалі прыблізна наступную: чалавек на сваёй машыне ездзіць у Расію, там па танных коштах набывае прадукты харчавання і спіртное сумніўнай якасці, вязе сюды. Тут спіртным і харчамі разлічваецца з мясцовымі вяскоўцамі, якія збіраюць для яго ягады, грыбы, якія той зноў возіць на Расію. Пацвердзіць гэтую схему доказамі было немагчыма, аднак мы праверылі па базе даных расходы і даходы Г. і яго блізкіх. Выявілася некаторае перавышэнне расходаў над афіцыйнымі даходамі. А яго маці, пенсіянерка, у мінулым годзе купіла кватэру ў Лепелі. Розніца ў гэтым выпадку перавысіла 220 мільёнаў рублёў. Праз натарыуса аформілі выканаўчы запіс, судовыя выканаўцы наклалі арышт на кватэру, грамадзяніна пазбавілі права кіравання транспартнымі сродкамі да поўнай сплаты падаткаў. Літаральна за некалькі дзён запазычанасць была пагашана добраахвотна. Калі грамадзянін Г. не згодны з налічэннямі, ён можа абскардзіць іх у судзе, але пакуль што ад яго самога ці ад яго прадстаўнікоў звароту ў суд не паступала.
— Колькі ўсяго грошай спагнана ў бюджэт такім чынам?
— З пачатку года выяўлены 16 фізічных асоб, якія праводзілі значныя пакупкі. У чатырох выпадках людзі набывалі транспартныя сродкі, у 12 выпадках — нерухомасць. У двух асоб выяўлена перавышэнне расходаў над даходамі агульным памерам на 263,3 мільёна рублёў, на гэтую суму налічаны падаходны падатак 16 працэнтаў.
Гутарыў Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.