Прадаўжальнік сямейнай дынастыі

493 Вадзіцель — прафесія запатрабаваная. Асабліва добра бывае тады, калі гэта супадае з жаданнем канкрэтнага чалавека авалодаць ёй, прысвяціць гэтай справе ўсё сваё працоўнае жыццё.

Работа вадзіцеля стала свядомым выбарам для лепяльчаніна Віталя Ляха, калі ён паступіў на вучобу ў Лепельскі дзяржпрафліцэй, атрымаў пасля заканчэння гэтай навучальнай установы вадзіцельскія правы. Ды і на відавоку быў прыклад бацькі — Уладзіміра Іванавіча Ляха, які ўжо шмат гадоў круціць баранку, у тым ліку больш за восем гадоў — у ЛКУВП ЖКГ “Лепель”. У жыллёва-камунальнай гаспадарцы ўжо доўгі час рупіцца загадчыцай склада і маці Лідзія Лях. Не выпадковым было рашэнне Віталя Ляха пасля праходжання тэрміновай службы ў пагранічных войсках у красавіку 2013 года ўладкавацца на працу вадзіцелем на гэтае ж прадпрыемства. Стварылася ўжо цэлая працоўная дынастыя Ляхаў у ЛКУВП ЖКГ “Лепель”. Тым больш, што і родны брат Аляксей таксама рупіцца тут, толькі ўжо ў якасці слесара.

— За мной замацавана аўтамашына ЗІЛ-5301, — паведаміў Віталь Уладзіміравіч. — Разам з работнікамі ўчастка па добраўпарадкаванні на чале з майстрам па азеляненні Валянцінай Валевіч развожу ўраджайны зямельны грунт на клумбы па вуліцы Інтэрнацыянальная горада Лепеля, каб з восені можна было ў іх пасадзіць на зіму цыбуліны кветак, якія вясной вельмі ўпрыгожаць наш горад, зробяць яго ўтульным і дагледжаным. Наогул, працы хапае, асабліва зараз, калі набліжаецца позняя восень і затым з’явяцца сапраўдныя зімовыя халады.

— Ці адбыліся змены ў асабістым жыцці?

— Адразу пасля вяртання са службы ў арміі ў 2013 годзе ажаніўся. Разам з жонкай пакуль жывём у двухпакаёвай кватэры маіх бацькоў. Сталі на чаргу ў райвыканкаме на будаўніцтва ўласнага жылля.

Патэлефанаваў вядучаму спецыялісту па кадрах ЛКУВП ЖКГ “Лепель” Таццяне Фомчанкавай.

— Віталь Лях ужо працуе на прадпрыемстве больш за два гады, добрасумленна адно­сіцца да выканання сваіх працоўных абавязкаў, — адзначыла Таццяна Міхайлаўна. — Ён з’яўляецца дастойным прадаўжальнікам працоўнай дынастыі Ляхаў на нашым жыллёва-камунальным прадпрыемстве.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

 На здымку: вадзіцель ЛКУВП ЖКГ “Лепель” Віталь Лях.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.