Прафесійнае даўгалецце

Рашэнні наймальнікаў неабходна накіроўваць не толькі на павелічэнне прыбытку суб’ектаў гаспадарання, яны павінны быць сувымяральныя з надзённымі патрэбамі і здароўем людзей. Значыць, толькі ў такім выпадку можна гаварыць аб цывілізаваным падыходзе.

Зразумела, сацыяльны эфект пры дасягненні намечаных паказчыкаў можа быць значным. Захаванне працоўнага патэнцыялу работнікаў і забеспячэнне іх прафесійнага даўгалецця самі па сабе маюць прыярытэтнае дзяржаўнае значэнне. Немалаважная таксама эканамічная эфектыўнасць. Паводле папярэдніх разлікаў, зніжэнне сумарнай эканамічнай шкоды, звязанай з прафесійна абумоўленай захворваемасцю можа скласці дзясяткі мільярдаў рублёў у цэлым па краіне. І гэтую акалічнасць добра разумеюць на Лепельшчыне. Праграма па паляпшэнні ўмоў і аховы працы за 2013 год рэалізавана ў поўным аб’ёме.
— Выдаткі на рэалізацыю праграмных мерапрыемстваў летась склалі 52378,1 мільёна руб., з іх 8909,8 мільёна выкарыстана суб’ектамі гаспадарання на паляпшэнне ўмоў і аховы працы, зніжэнне ўздзеяння шкодных і небяспечных вытворчых фактараў, а 43468,3 мільёна руб. выдаткавана на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасцяў, — адзначыў у нашай гутарцы галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргей Макарскі. — У рамках раённай праграмы палепшаны ўмовы на 47 працоўных месцах розных галін эканомікі, пабудаваны і рэканструяваны 23 санітарна-бытавыя і дапаможныя памяшканні, абуладкаваны адзін кабінет і восем куткоў па ахове працы. Для аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння замест запланаваных 127 выдзелена 131 пуцёўка.
Актывізаваны навучальны патэнцыял. Праведзена 56 семінараў, у якіх прынялі ўдзел 1272 работнікі. На пасяджэннях раённай камісіі па ахове працы заслухоўваюцца кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, дзе дапушчана найбольшая колькасць парушэнняў заканадаўства аб працы, выпадкі вытворчага траўматызму. Летась адбылося 13 пасяджэнняў камісіі, разгледжана 53 пытанні і заслухана 147 кіраўнікоў, праведзена 16 тэматычных навучальных семінараў з удзелам 1028 чалавек.
Асобна скажам пра раённую мабільную групу. Якія мэты стварэння яе? Аказанне метадычнай дапамогі наймальнікам, папярэджанне парушэнняў аховы працы і прыняцце аператыўных мер па ліквідацыі выяўленых недахопаў. У ходзе леташняга маніторынгу абследавана 78 прадпрыемстваў, устаноўлена 1249 парушэнняў, 1138 ліквідавана ў ходзе рэйдавай работы па патрабаванні інспектараў. Ад работы па розных прычынах адхілены дзесяць чалавек, забаронена 49 відаў работ і эксплуатацыя 27 адзінак тэхнікі.
За мінулы год Лепельскім міжраённым аддзелам Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы ў арганізацыях раёна праведзена 19 праверак, з іх дзевяць планавых і дзесяць пазапланавых. Які вынік? Складзена 14 актаў, выяўлена 215 парушэнняў, выдадзена 14 прадпісанняў па ўстараненні 201 парушэння, прыпынена функцыянаванне 15 адзінак абсталявання і аднаго ўчастка.
Паўсядзённая дзейнасць кадраў, службы аховы працы забяспечылі ў поўнай меры папярэджанне вытворчага траўматызму. Праілюструем высновы такімі лічбамі. Калі ў 2012 годзе адбылося тры выпадкі цяжкага траўмавання, чатыры чалавекі атрымалі траўмы (ААТ «Лепельскі рамонтна-механічны завод» — тры работнікі, КУП ДРАЦ «Жамчужына» — адзін), то летась — ніводнага.
Практыка відавочна засведчвае, што паспяховыя ў эканамічным дачыненні прадпрыемствы ўкладаюць значную частку атрыманага прыбытку ў ахову здароўя работнікаў. І эканамічная аддача не прымушае сябе доўга чакаць. Калектывы развіваюцца дынамічна і стабільна, расце прадукцыйнасць працы.
— Зніжэнне агульнай і прафесійнай захворваемасці, удасканаленне рэжымаў працы і адпачынку, рацыянальнае харчаванне, фізічнае і санітарна-гігіенічнае выхаванне, аздараўленне рабочага асяроддзя, фарміраванне здаровага ладу жыцця — гэта кола абавязковых задач любога кіраўніка, — зазначыў Сяргей Макарскі. — Забеспячэнне камфортных умоў на вытворчасці, пастаянны кантроль параметраў мікраклімату і своечасовае прыняцце адэкватных мер істотна зніжаюць рызыку прафесійных і іншых відаў хвароб…
А тут, як кажуць, няўзнятая цаліна. Колькасць дзён часовай непрацаздольнасці за 2013 год дасягнула 95687, за 2012 — 87966, 2011 — 91934. І далей “капаем” праблему. Выдаткі велізарныя, урон несувымяральны. На выплату дапамог па часовай непрацаздольнасці накіравана, адпаведна, 1198885,8 тыс. руб., 8492888,3 тыс., 4518695,1 тыс. руб. Найбольш “вызначыліся” філіал РУВП «Віцебскхлебпрам» «Лепельскі хлебазавод”, «Лепельскае ПМС», ААТ «Лепельскі электрамеханічны завод” і шэраг іншых суб’ектаў гаспадарання.
Кампенсуе істотныя матэрыяльныя страты грамадзянам у выпадку нанясення iх жыццю або здароўю шкоды пры выкананні працоўных абавязкаў сістэма сацыяльнай абароны насельніцтва. Не лішне адцяніць такую дэталь. На 31 снежня 2013 года ў прадстаўніцтве “Белдзяржстраху” зарэгістравана 1120 страхавальнікаў, у тым ліку 533 юрыдычныя, 33 адасобленыя падраздзяленні, 554 індывідуальныя прадпрымальнікі.
Галоўнай крыніцай страхавых выплат пацярпелым на вытворчасці з’яўляюцца страхавыя ўзносы, якія наймальнікі абавязаны выплачваць страхавальніку рэгулярна і ў поўным аб’ёме. Летась зроблены выплаты па бальнічных лістах, звязаных з траўмамі на вытворчасці, ДЛГУ «Лепельскі лясгас» — 47 дзён на суму 5377850 рублёў; КУП ДРАЦ «Жамчужына» — 58 дзён на суму 9988757 беларускіх рублёў; РУП «Белпошта» — 32 дні на суму 3554066 рублёў.
Пацярпелым на вытворчасці і ад прафесіянальных захворванняў па ўсіх відах страхавых плацяжоў выплачана 1 655,3 мільёна рублеў. Летась двум работнікам аплачана санаторна-курортнае лячэнне на суму 15183 тысячы рублёў, чацвярым — на выраб і рамонт пратэзаў — 29255 тысяч.
Сітуацыя вымагае актыўных дзеянняў з боку кіраўнікоў усіх рангаў і спецыялістаў па навядзенні парадку на вытворчасці, стварэнні аптымальных умоў працы на прадпрыемствах. На жаль, недастатковая ўвага надаецца навучанню бяспечным метадам і прыёмам працы, інструктажам і праверцы ведаў кадраў. Нярэдкія выпадкі, калі да выканання работ з высокім узроўнем небяспекі і складанасці дапускаюцца спецыялісты іншых прафесій без адпаведнай падрыхтоўкі. Не паўсюдна ўкамплектаваны службы аховы працы. Вельмі нізкая забяспечанасць работнікаў спецвопраткай і сродкамі індывідуальнай абароны. Не ўсе прадпрыемствы маюць абсталяваныя санітарна-бытавыя памяшканні, якія спрыяюць стварэнню належнага псіха-эмацыйнага настрою ў рабочых і служачых, больш хуткаму аднаўленню працаздольнасцi, зніжэнню суб’ектыўнай рызыкі вытворчага траўматызму.
Выклікае заканамерную трывогу і такая акалічнасць. Далёка не ва ўсіх суб’ектаў гаспадарання наладжаны пільны кантроль за персаналам на працягу рабочага дня. І тут, як кажуць, таксама адзін крок да бяды. Яўна рызыкуюць кіраўнікі, з маўклівай згоды якіх дапускаюцца да ўдзелу ў руху вадзіцелі і механізатары. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспецыі ці не кожны дзень затрымліваюць іх у нецвярозым стане за рулём. А п’яны вадзіцель — патэнцыйны злачынец. П’янаму мора па калена.
На жаль, за апошнія гады ўзровень бяспекі працы і якасць выкарыстоўваемых машын і механізмаў паляпшаюцца марудна, большасць эксплуатуемага абсталявання не адпавядае патрабаванням ДАСТ па розных характарыстыках. А прычына на паверхні ляжыць. Не сакрэт, эканамічнае становішча большасці арганізацый наводзіць на пэўны роздум, яўна не стае інвестыцый на мадэрнізацыю вытворчых магутнасцей, удасканальванне абсталявання і тэхналогій.
Шчыра кажучы, карціна не настолькі змрочная. Вопыт на Лепельшчыне ёсць і ён павінен працаваць на ўсю моц. На ААТ “Малочнакансервавы камбінат”, на хлебазаводзе, шэрагу іншых прадпрыемстваў ажыццяўляецца планамерны працэс мадэрнізацыі, паляпшаюцца ўмовы, на асучасванне тэхналагічных ланцужкоў выдаткоўваюцца значныя сродкі. Стварэнне здаровых і бяспечных умоў працы дасягаецца шляхам дзейсных мер па выкананні заканадаўства ў галіне аховы працы, сацыяльна-эканамічных, тэхнічных і арганізацыйных мерапрыемстваў, так бы мовіць, па аздараўленні вытворчых працэсаў.
Высновы падмацуем такімі данымі. Усяго ў выніку выканання Праграмы з пачатку сёлетняга года аптымізаваны ўмовы працы на 33 працоўных месцах, узведзены або рэканструяваны 23 санітарна-бытавыя і дапаможныя памяшканні, укаранёны СУОТ на аснове СТБ 18001-2009 на сямі прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна — ААТ «Лепель-лён», ААТ «Лепельпрамшвеймэбля», ААТ «Ладасна», ААТ «Чарэйшчына», ААТ «Лядна», у філіялах “Кааппрамгандаль» «Каапаўтабаза» Лепельскага райспажыўтаварыства і г.д.
З 24 кастрычніка 2013 года ўступілі ў сілу змяненні і дапаўненні ў Крымінальны кодэкс, калі за здзяйсненне злачынства па арт. 317-1 КК прадугледжана спецыяльная канфіскацыя транспартнага сродку, якім кіравалі ў стане ап’янення. І падкрэслім, што прымяненне гэтай меры не залежыць ад таго, каму належыць транспартны сродак на праве ўласнасці: вінаватай фізічнай або юрыдычнай асобе, дзе працуе парушальнік.
Такім чынам, здзяйсненне работнікамі дзяржаўных прадпрыемстваў злачынстваў па арт. 317-1 КК пасля ўзмацнення мер крымінальнай адказнасці цягне за сабой значны ўрон для суб’ектаў гаспадарання ў выглядзе адабрання транспартных сродкаў. А на падставе палажэнняў арт. 400-408 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь нанесеная прадпрыемствам і арганізацыям шкода падлягае пакрыццю вінаватымі асобамі ў поўным аб’ёме. Пры гэтым пытанне аб кампенсацыі ўрону ад канфіскацыі будзе разглядацца не толькі ў дачыненні да асуджаных асоб, але і кіраўнікоў, якія дапусцілі іх да кіравання транспартам.
Асноўным прынцыпам дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы працы з’яўляецца забеспячэнне прыярытэту жыцця і здароўя работнікаў у адносінах да вынікаў вытворчай дзейнасці. Наймальніку неабходна арганізоўваць вытворчы працэс такім чынам, каб пры выкананні прафесійных абавязкаў была забяспечана ўсебаковая бяспека работніка. Такім чынам, удасканаленне аховы працы, як сістэмы забеспячэння бяспекі жыцця і здароўя грамадзян — ключавая задача дзяржавы, кожнага суб’екта гаспадарання.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.