Прагнозныя паказчыкі галіны

Зіма неўзабаве ўладарна заявіць пра сябе. Складаная пара ў жывёлагадоўлі. Невыпадкова на чарговым пася­джэнні мясцовага органа ўлады разглядалася выкананне прагнозных паказчыкаў вытворчасці малака, падрыхтоўка аб’ектаў да пастаноўкі жывёлы на стойлавае ўтрыманне. Дарэчы, праграмай развіцця на 2014 год запланавана надаіць у гаспадарках усяго 28500 тон малака, на адну фуражную карову — па 4530 кілаграмаў. Прадугле­джана тым самым павялічыць вытворчасць прадукцыі да ўзроўню 2013 года на 4,1% (1118 тон), рэалізацыю — на 109,7 (2188 тон), прадукцыйнасць дойнага статка — на 144 кілаграмы.
А як развіваецца галіна фактычна? За восем месяцаў вытворчасць малака ўзрасла да адпаведнага перыяду папярэдняга года на 6,4% (1194 тоны), на 2321 тону або на 15% больш рэалізавана яго дзяржаве пры таварнасці 89,2%.
У сельскагаспадарчых арганізацыях створана належная матэрыяльная база па ўстойлівым развіцці малочнай галіны. Канкрэтызуем сказанае. Практычна не засталося фермаў з састарэлай затратнай тэхналогіяй вытворчасці прадукцыі з даеннем кароў у пераносныя вёдры, конна-ручной раздачай кармоў.
І што не менш радуе, намецілася станоўчая дынаміка штогадовага росту колькасці пагалоўя кароў: за апошнія пяць гадоў — на 944 галавы (17,3%), у тым ліку за восем месяцаў — на 79 галоў.
Палепшылася якасць прадукцыі, рэалізавана яе гатункам «экстра» і вышэйшым — 91,1% супраць 83,1 у 2013 годзе.
Завершана падрыхтоўка памяшканняў да стойлавага ўтрымання грамадскіх статкаў.
Вядома, без пэўных хібаў не абышлося. Парушаліся тэхналагічны рэгламент вытворчасці малака і працоўная дысцыпліна, не ў поўным аб’ёме выконваліся патрабаванні і рэкамендацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі — і ў выніку скарацілася за адзначаны перыяд вытворчасць малака ў ААТ «Лядна» на 8,7%, ААТ «Ладасна» — 8,3, ААТ «Лепель­аграсэрвіс» — 4,1.
Малако, кажуць, у каровы на языку. Аднак сёлета большасцю сельскагаспадарчых арганізацый (СВФ «Заазер’е» ААТ «Лепельскі МКК», ААТ «Ладасна», ААТ «Лепельаграсэрвіс», КУВСГП «Баброва») праігнаравана заданне па закладцы шматгадовай шматкампанентнай культурнай пашы.
Рэзервы дынамічнага развіцця сельскіх гаспадарак ляжаць на паверхні. Усе разумеюць, а дзейнічаюць адэкватна не паўсюдна. Вось прыклады. Вельмі дрэнна вядзецца работа па паляпшэнні якасці рэалізуемага малака ў КУВСГП «Баброва», ААТ «Ладасна». У першай гаспадарацы не рэалізавана ніводнай тоны прадукцыі гатунку “экстра”, вышэйшым — 51,7%, у другой адпаведна толькі 4 і 13,4%.

Прамысловы вектар
Традыцыйнымі сталі справа­здачы кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання Лепельшчыны. На гэты раз справаздачу трымалі прадстаўнікі адкрытых акцыянерных таварыстваў «Лепельскі рамонтна-механічны завод» і «Лепельскі электрамеханічны завод». Тэма — выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за студзень — жнівень 2014 года і прымаемыя меры па далейшым развіцці вытворчасцей. За восем месяцаў з 13 асноўных паказчыкаў, устаноўленых распараджэннем райвыканкама, першым прадпрыемствам рэалізаваны тры, другім — чатыры.
Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ААТ «Лепельскі электрамеханічны завод» склаў 28,6 млрд руб., або 90,9 працэнта да адпаведнага леташняга перыяду. Прадпрыемства не мае інавацыйнай прадукцыі. З адставаннем ад графіка рэалізуецца план мадэрнізацыі. З запланаваных на бягучы год 5,2 млрд рублёў на тэхнічнае пераўзбраенне асвоена 0,3 млрд.
Пры зніжэнні аб’ёмаў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі за студзень — ліпень бягучага года на 2,7 працэнта сабекошт яе павялічыўся на 0,1. За студзень — чэрвень у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 г. матэрыялаёмістасць прадукцыі вырасла на 0,1 працэнта, узровень выдаткаў на вытворчасць прадукцыі — на тры.
Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ААТ «Лепельскі рамонтна-механічны завод» за студзень — жнівень 2014 г. склаў 13,4 млрд рублёў — 65 працэнтаў да студзеня — жніўня 2013 года.
Запасы гатовай прадукцыі на складзе на першага верасня дасягнулі 3,8 млрд рублёў, што перавышае сярэднямесячны аб’ём вытворчасці ў 2,4 раза. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі тавараў, работ, паслуг — 14,4 млрд рублёў, ці 62,2 працэнта да адпаведнага перыяду папярэдняга года. За студзень — чэрвень у параў­нанні з аналагічным перыядам 2013 г. узровень выдаткаў на вытворчасць прадукцыі павялічыўся на 13,8 працэнта.
На прадпрыемствах ёсць невыкарыстоўваемыя і неэфектыўна выкарыстоўваемыя вытворчыя плошчы.
Райвыканкам абавязаў кіраўніцтва абодвух прадпрыемстваў забяспечыць выкананне даведзеных заданняў сацыяльна-эканамічнага развіцця па выніках 2014 года, распрацаваць і зацвердзіць неадкладна першачарговыя меры ў акрэсленым напрамку, вызначыць дакладны план дзеянняў па эфектыўным выкарыстанні асноўных фондаў.

Прафилактычны патэнцыял
Злачынцамі не нараджаюцца, імі становяцца. І фактараў таму зашмат. Злачынную хвалю магчыма ўтаймаваць толькі супольнымі высілкамі. І поле дзейнасці даволі шырокае. Звернемся да фактаў. 47 грамадзянамі, якія маюць судзімасць, учынена 61 (2013 г. — 66) злачынства. Усе яны стаяць на ўліку ў інспекцыі раённага аддзела ўнутраных спраў, з іх 34 асобы беспрацоўныя і толькі трынаццаць на дзень праверкі працавалі. ­Удзельная вага рэцыдыўных злачынстваў дасягнула 49,2 працэнта, што вышэй за сярэднеабласны паказчык на восем працэнтаў.
Адбылося восем пасяджэнняў назіральнай камісіі райвыканкама, дзе разгледжана 46 асуджаных па аказанні дапамогі пры садзейнічанні органаў па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насель­ніцтва ў працаўладкаванні і вырашэнні жыллёвых пытанняў, з іх 34 грамадзян праца­ўладкаваны.
Намечаны меры па актывізацыі прафілактычнага патэнцыялу суб’ектаў прафілактыкі. У выпадку прыняцця на работу грамадзян, якія раней былі судзімыя і вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый усіх формаў уласнасці неабходна замацаваць за імі адказную асобу для кантролю за захаваннем працоўнай дысцыпліны, прадастаўляць у РАУС адпаведную інфармацыю штомесяц да пятага чысла месяца, наступнага за справаздачным.

Мінімальная колькасць рабочых дзён
Зацверджана мінімальная колькасць рабочых дзён для ўдзелу беспрацоўных у аплачваемых грамадскіх работах: на кастрычнік — 4 рабочыя дні, лістапад — чатыры, снежань — два.
Усталяваць для беспрацоўных, якія ўдзельнічаюць у аплатных грамадскіх работах, у чацвертым квартале нормы здачы другаснай сыравіны ў наступных памерах: прыраўняць да аднаго дня ўдзелу збор і здачу чатырох кілаграмаў макулатуры або двух — рыззя.

Савет грамадскага пункта аховы правапарадку
Створаны савет грамадскага пункта аховы правапарадку г. Лепеля і зацверджаны яго састаў. Старшыня савета — А. М. Бруцкі-Стэмпкоўскі, дырэктар дзяржаўнай установы “Сярэдняя школа №3 г. Лепеля”; намеснік — І. А. Міхно, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.
Размешчаны савет па адрасе: г. Лепель, вул. Ленінская, д. 3.
Пасяджэнні праводзяцца па меры неабходнасці, але не ра­дзей за адзін раз у месяц. Акрамя яго членаў у залежнасці ад разглядаемага пытання на пасяджэнні могуць запрашацца службовыя асобы суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў, іншых арганізацый і грамадзяне.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.