Праграма “Чыстая вада” — у Лепелі будзе рэалізоўвацца наступная чарга

Matton_HR_100_70_water Пра перспектывы далейшай рэалізацыі праграмы “Чыстая вада” гутарым з начальнікам аддзела ЖКГ райвыканкама Мікалаем Пшонкам.

— Мікалай Мікалаевіч, сёння, з увядзеннем у строй другой лініі ад стайскага водазабору амаль увесь горад забяспечаны якаснай пітной вадой.

— Так, амаль увесь, за выключэннем, так бы мовіць, зарэчча – мікрараёна за ракой Улай. Сёлета была праведзена маштабная работа, быў пракладзены трубапровад, падведзена другая нітка, што дазволіла падключыць так званыя прамысловыя кварталы – малочнакансервавага камбіната, лясгаса, меліярацыі, сельгастэхнікі. Палепшылася водазабеспячэнне і саміх прамысловых прадпрыемстваў. А іх патрэбы не маленькія. Напрыклад, МКК у асобныя дні спажывае да тысячы кубаметраў вады.

Важным плюсам стала выкарыстанне поліэтыленавых труб. Напомню, што адной з прычын прыняцця і рэалізацыі праграмы “Чыстая вада” было занадта вялікае ўтрыманне жалеза ў вадзе з тагачаснага водазабору. Да прыроднай колькасці дадавалася жалеза, якое выдзялялася са сценак металічных трубапровадаў. Новыя трубапровады – поліэтыленавыя, што гарантуе ад пападання жалеза. Да таго ж, новыя трубы нашмат больш даўгавечныя за старыя.

 — Якія планы па далейшым развіцці водаправоднай сеткі горада?

— Наступны этап – падача чыстай вады ў кварталы за Улай.

 — Аднак водная перашкода…

— Не перашкода. Сёння існуюць і актыўна выкарыстоўваюцца тэхналогіі пераадолення водных перашкод. Трубу дыяметрам 150 міліметраў пракладуць пад зямлёй, пад рэчышчам. Гэтымі работамі займаюцца, наколькі ведаю, мінскія кампаніі, яны валодаюць абсталяваннем, тэхналогіямі, маюць ліцэнзіі. А ўсяго ад колішняй нарыхтоўчай канторы райспажыўтаварыства да бальніцы трэба будзе пракласці 1,5 кіламетра трубапроваду. Калі ўсё будзе добра і фінансаванне будзе бесперабойным, то да канца наступнага года кварталы раённай бальніцы, шпіталя, раёна электрасетак, Бяленіца, цагельны завод, Зялёнка будуць падключаны да чыстай вады.

Ну і трэба будзе дэмантаваць невыкарыстоўваемую воданапорную вежу на прывакзальнай плошчы. Вежа не мае гісторыка-культурнай каштоўнасці, некалькі год стаіць закансерваваная.

 — З падключэннем новых спажыўцоў ці хопіць магутнасцяў стайскага водазабору?

— Хопіць. Мы рабілі папярэднія падлікі яшчэ некалькі гадоў таму, калі толькі пачыналі свідраваць зямлю ў Стаях. Існуючых свідравін дастаткова, каб забяспечыць шматкватэрныя дамы, прыватны сектар і прамысловыя прадпрыемствы. Аднак, калі дазволяць сродкі, хочам зрабіць запас, задзел на будучыню і прабіць яшчэ адну, рэзервную, свідравіну. Калі за плячыма маеш запас, адчуваеш сябе больш упэўнена.

 — Вы правільна сказалі “калі дазволяць сродкі”. Наколькі ўпамянутыя праекты забяспечаны фінансаваннем?

— Пры планаванні бюдэту раёна на наступны год і планаванні работ па праграме “Чыстая вада” прадугледжваецца парытэтнае фінансаванне: з раённага бюджэту плануецца выдзеліць палову сродкаў, другую палову – з абласнога. Пакуль што закладзена пяць мільярдаў рублёў, патрэбныя яшчэ каля 2,3 мільярда.

Гутарыў Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.