Прарыў у бессмяротнасць

221Напярэдадні Дня Перамогі з плошчы Свабоды горада Лепеля стартаваў аўтапрабег, прысвечаны 70-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Перад тым, як яго ўдзельнікі накіраваліся ў дарогу па месцах баявой славы перыяду Вялікай Айчыннай вайны, усклалі вянкі на магілы воінаў і партызан у гарадскім скверы. Прайшлі мітынг і cвяточны парад дружын раённай піянерскай арганізацыі. З прывітальнымі словамі да моладзі і прадстаўнікоў грамадскасці, ветэранаў вайны і працы звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” Таццяна Шчэрбач, старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Павел Лямцаў, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Андрэй Лапцеў і многія іншыя патрыёты нашага роднага краю. Ва ўрачыстай абстаноўцы былі прыняты ў піянеры больш за 100 мясцовых школьнікаў, атрымалі білеты членаў грамадскага аб’яднання “БРСМ” каля 70 юнакоў і дзяўчат Лепельшчыны. Адбылося таксама святочнае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра, у якім штогод прымаюць удзел сотні мясцовых навучэнцаў. Сёлета яны накіраваны на аб’екты народнай гаспадаркі і будаўніцтва ў нашай краіне і за яе межамі. Адзін са студэнцкіх будаўнічых атрадаў будзе працаваць на выкананні работ па абуладкаванні сацыяльнай інфраструктуры на газавым радовішчы паўвострава Ямал (Расія).
Затым удзельнікі аўтапрабегу размясціліся ў аўтобусах і легкавых аўтамашынах, выехалі за межы Лепеля і ўсяго праз гадзіну руху дабраліся ў гарадскі пасёлак Ушачы. Там іх ужо чакалі дэлегацыі піянераў і школьнікаў з гарадоў Віцебска, Полацка, Наваполацка, Пастаўскага, Глыбоцкага і Ушацкага раёнаў.
Адбылося ўрачыстае пастраенне ўсіх удзельнікаў аўтапрабегу на цэнтральнай плошчы гарадскога пасёлка, якая носіць імя Уладзіміра Ільіча Леніна. Намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Наталля Марковіч, іншыя прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскасці расказалі аб шматлікіх адметнасцях Ушаччыны, слаўных баявых традыцыях свайго роднага краю. Было адзначана, што ўжо ў канцы верасня 1942 года партызаны вызвалілі Ушачы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і гэты населены пункт аж да мая 1944 года быў вольны, з’яўляўся партызанскай “сталіцай”-цэнтрам Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, якая займала тэрыторыю ў 3245 квадратных кіламетраў, налічвала 1220 населеных пунктаў з колькасцю жыхароў больш за 70 тысяч чалавек. 220
Потым удзельнікі аўтапрабегу зноў выбралі­ся ў дарогу і наведалі мемарыяльны комплекс “Прарыў”, які знаходзіцца за сем кіламетраў ад Ушачаў, паміж вёскамі Паперына, Пліна і Новае Сяло. Піянерам і школьнікам, членам грамадскага аб’яднання “БРСМ”, іншым патрыётам Айчыны было патлумачана, што менавіта тут у ноч на пятага мая 1944 года была прарвана блакада Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, арганізаваная прыфрантавымі нямецкімі воінскімі часцямі. Усе партызанскія злучэнні, у тым ліку і Лепельская партызанская брыгада імя Сталіна, выйшлі з варожага акружэння і вывелі з сабой каля 15 тысяч мірных жыхароў. Толькі ў красавіку — маі 1944 года гітлераўцы страцілі тут у баях супраць народных мсціўцаў 8,3 тысячы салдат і афіцэраў забітымі, 12,9 тысячы — параненымі. Партызанамі было знішчана 59 танкаў, 116 аўтамашын, 22 гарматы, два самалёты, шмат іншай ваеннай тэхнікі і ўзбраенняў.
Удзельнікі аўтапрабегу, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Беларусі, прайшлі па размешчаным у самым пачатку мемарыяла забетанаваным адрэзку шляху, па якім рухаліся на прарыў народныя мсціўцы. “Дарога жыцця” на перападах рэльефу спускаецца прыступкамі, агінае невялікае балотца, робіцца шырэй каля бронзавай пліты-карты абароны партызанскай зоны, над якой зроблены надпіс: “Партызанскія злучэнні Полацка-Лепельскай зоны пасля працяглых жорсткіх бітваў з фашысцкімі карнікамі ў маі 1944 года каля вёсак Пліна і Паперына здзейснілі легендарны прарыў варожай блакады. Іх было 17185 супраць 60 тысяч. Мужнасць народа перамагла смерць і стала бяссмерцем”.
Далей шырокая сцежка, сціснутая шэрымі бетоннымі сценамі, на якіх замацаваны бронзавыя пласціны з назвамі партызанскіх брыгад, што ўдзельнічалі ў прарыве, вядзе да вяршыні ўзгорка. На ім у разрыве бетоннай сцяны-глыбы вышынёй больш за дзесяць метраў, якая сімвалізуе пераадоленне кальца блакады, узвышаецца дзевяціметровая бронзавая фігура партызана з аўтаматам у руцэ. На верхняй пляцоўцы ўзвышша, справа ад скульптуры, пахаваны 450 партызан з тых, што загінулі ў час прарыву, і ўстаноўлены паўкругам 33 пліты з імёнамі 1452 ­удзельнікаў прарыву. Побач размешчана бронзавая кампазіцыя “Апошні прывал” — тры карабіны ў пірамідзе і стужка з надпісам: “Яны загінулі ў барацьбе з ворагам, выканаўшы свой свяшчэнны абавязак перад Савецкай Ра­дзімай і гісторыяй”.
На ўзгорку пасаджаны 16 дубоў, якія сімвалізуюць стойкасць і гераізм шаснаццаці партызанскіх брыгад. А таямнічае шапаценне пад павевамі цёплага вясенняга ветрыка маладой зялёнай лістоты ніцых вербаў і бяроз узмацняюць патрыятычныя пачуцці, робяць незабыўным эмацыйнае ўздзеянне мемарыяльнага комплексу “Прарыў” на кожнага яго наведвальніка.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымках: білеты членаў грамадскага аб’яднання “БРСМ” ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюць намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Таццяна Шчэрбач; школьнікі падарылі кветкі ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны Андрэю Лапцеву (справа).
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.