Праверка захаванасці маёмасці

IMG_0014Не так даўно быў праведзены агляд маёмасці войскаў тэрытарыяльнай абароны, які праводзілі старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў, ваенны камісар Віцебскай вобласці Ігар Мартынаў і ваенны камісар Лепельскага і Ушацкага раёнаў Васіль Шапка.

Акрамя зброі і боепрыпасаў, якія захоўваюцца на складах вайсковых часцей, падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны маюць іншую ваенную маёмасць. Напрыклад, палявыя кухні. Прадбачу іранічныя ўсмешкі і задам сустрэчнае пытанне: колькі салдаты могуць паваяваць без гарачага харчавання? Тыдзень-два? А якія задачы можа салдат выконваць зімой без цёплых рэчаў, зімовай вопраткі? Як ён будзе акопвацца ці ладзіць бліндаж без рыдлёўкі, сякеры, пілы?
У абумоўлены час група агляду выехала на адно з прадпрыемстваў, дзе і стаяць склады маёмасці. Здалёку будынак непрыкметны: ніякай шыльды, дзе б пісалася пра вайсковыя склады, няма. Як патлумачылі вайскоўцы, у дадзеным выпадку цішыня — лепшы саюзнік, не варта прыцягваць залішнюю ўвагу. Дырэктар прадпрыемства і загадчыца склада адчынілі браму.
Унутры справа і злева радамі стаялі палявыя кухні. Старыя, 1960-х гадоў выпуску, вельмі нагадвалі кухні ваенных часоў, паказаныя ў кадрах ваеннай кінахронікі. Самая новая — 1987 года выпуску. Усе кухні вычышчаныя, дзе трэба — пафарбаваныя. Звярнуў увагу, што пакрышкі на колах зусім новыя. Вывесці іх са склада, яшчэ раз прамыць катлы — справа 30 хвілін, і кожная кухня будзе гатовая, каб варыць страву на 100 — 130 байцоў.
На другім складзе — рэчавая маёмасць. Напрыклад, складзены камплекты для прыгатавання і прыёму ежы: лыжкі, міскі, кубкі, чарпакі, складныя сталы і лаўкі. Кожны такі камплект таксама разлічаны на 100 — 130 чалавек, так што адна кухня з камплектам здольныя накарміць стандартную пяхотную роту.
Ігар Феліксавіч задаў начальніку склада пытанне:
— Ведаю, што біч складоў — грызуны. Мышы і пацукі знішчаюць, прыводзяць у нягоднасць палаткі, вопратку, сталы, процівагазы. Як вы з імі змагаецеся?
— Рэгулярна падкладваем прынады з атрутай. Прэпараты бяром у ДУ “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”. Перыядычна заўважаем, што прынады з’ядаюцца, падкладваем яшчэ. У выніку за некалькі гадоў захоўвання не зафіксавана ніводнага выпадку пашкоджання ваеннай маёмасці грызунамі.
Усе ўдзельнікі групы адзначылі добры стан памяшканняў. Сцены моцныя, трывалыя, дах без падцёкаў, склады падключаны да электразабеспячэння. У далёкіх кутах мігалі лямпачкі супрацьпажарнай сігналізацыі, якая, уласна, і паведамляе аб агнявой бяспецы.
Далейшы шлях ляжаў у Заслонава. У 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе працягваецца рамонт жылых казармаў і вучэбных карпусоў, складоў для захоўвання і абслугоўвання ўзбраенняў, тэхнікі і маёмасці. Шмат ужо зроблена, абнаўляецца агароджа, тынкуюцца сцены боксаў, у казармах і вучэбных карпусах замест старых аконных рам устаўляюцца пластыкавыя шклопакеты. Аднак яшчэ больш працы наперадзе.
Праехаўшы па вуліцах ваеннага гарадка, аглядная група і камандзір 19-й брыгады гвардыі палкоўнік Андрэй Латышаў, які далучыўся пазней, агледзелі стан асфальтавага пакрыцця вуліц, некаторых жылых шматкватэрных дамоў. Прыйшлі да высновы, што ў далейшым, пры паступленні фінансавання, абавязкова трэба будзе займацца і мадэрнізацыяй інфраструктуры Заслонава.
На здымку: нарада ў Заслонаве.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.