Праз Лепельскі раён праходзяць міжнародныя і рэспубліканскія трасы на Мінск, Віцебск, Полацк, Барысаў, Оршу

Праз Лепельскі раён праходзяць міжнародныя і рэспубліканскія трасы на Мінск, Віцебск, Полацк, Барысаў, Оршу. Па іх штодня перамяшчаюцца тысячы тон грузаў, таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. У справе наладжвання кантролю супрацоўнікі інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Лепельскім раёне цесна супрацоўнічаюць з інспектарамі аддзялення ДАІ РАУС. Не так даўно сумеснымі дзеяннямі было прыпынена правапарушэнне.
На дзвюх машынах перавозіліся тры з паловай тоны памідораў і амаль 900 кілаграмаў яблыкаў без адпаведных дакументаў.
Перавозчыкі спрабавалі даводзіць, што садавіна і гародніна была набыта імі для ўласнага спажывання. Аднак, уявіце сабе, колькі можа спажыць стандартная сям’я памідораў за сем — дзесяць дзён? А далей гародніна і садавіна сапсуецца, і яе застанецца толькі выкінуць. Зразумела, што тонамі такі тавар набываецца і перавозіцца толькі для далейшай рэалізацыі, а гэта ўжо прадпрымальніцкая дзейнасць.
Паколькі памідоры і яблыкі адносяцца да тавараў, якія хутка могуць сапсавацца, дзейнічалі аператыўна. На абедзве партыі быў накладзены арышт. Былі выкліканы спецыялісты з раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія правялі экспертызу канфіскаванага тавару. Абедзве партыі не мелі парушэнняў па якасці і былі прызнаны прыдатнымі для рэалізацыі.
У той жа дзень яны былі перавезены ў гандлёвы дом “Усходні” ў Мінску, які мае выключнае права на рэалізацыю канфіскаванага тавару. Памідоры рэалізоўваліся па 18 тысяч рублёў за кілаграм, яблыкі — па дзевяць тысяч. Садавіна была рэалізавана ўся стапрацэнтна, а з 3,5 тоны памідораў не паспелі прадаць толькі каля ста кілаграмаў, іх утылізавалі, а выручаныя грошы папоўнілі бюджэт.
Перавозчыкам жа было прад’яўлена абвінавачанне ў парушэнні правілаў прадпрымальніцкай дзейнасці, яны былі аштрафаваны.
Усяго з пачатку года шляхам дзяжурства на дарогах зарэгістраваны сем фактаў парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У чатырох выпадках перавозіліся таварна-матэрыяльныя каштоўнасці без належных суправаджальных дакументаў. Рашэннямі суда Віцебскай вобласці парушальнікі аштрафаваны на 125,2 мільёна рублёў, у іх канфіскаваны тавар на 38,2 мільёна рублёў.
Яшчэ адзін важны накірунак працы — прыпыненне незаконнага абароту алкагольнай і спіртаўтрымліваючай прадукцыі. Гэта пытанне заўсёды стаіць на асаблівым кантролі, на яго скіроўваецца ўвага і інспектараў ІМПЗ, і супрацоўнікаў АДАІ. За бягучы год выяўлены два факты перавозкі такой прадукцыі з парушэннямі ўстаноўленага парадку. Уся прадукцыя на суму 82,8 мільёна рублёў абернута ў даход дзяржавы.
Алеся Семіёненка,
дзяржаўны падатковы інспектар аддзела кантролю за фізічнымі асобамі ІМПЗ
па Лепельскім раёне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.