Праздник детства на Лепельщине

dsc_0019Наступілі доўгачаканыя канікулы. Традыцыйна ва ўсім свеце адзначаецца Дзень абароны дзяцей. Свята, прымеркаванае да гэтай даты, прайшло і ў Лепелі. З самай раніцы на плошчу Свабоды пачалі падыходзіць дзеці рознага ўзросту, галасы якіх было чуваць далёка. Гэта юныя лепяльчане спяшаліся на свята, і іх чакала шмат чаго цікавага…
Ва ўсіх кутках плошчы пачалі працаваць розныя пляцоўкі. Нават не ведала, да якой накіравацца, бо кожная прываблівала сваёй арыгінальнасцю і непаўторнасцю.

Першымі ў поле зроку трапілі рукадзельніцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Яны прапанавалі маладым лепяльчанам паўдзельнічаць у майстар-класах “Алея майстроў”. А якая цудоўная выстава была абуладкавана пад назвай “Дзяцінства яркая планета”… Да работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўвесь час падыходзілі цікаўныя прахожыя. Не можа быць лепшай рэкламы, каб завабіць дзяцей у гурткі. Многія адразу захацелі навучыцца рабіць дрэвы з бісеру і іншых матэрыялаў, асвоіць майстэрства вышыўкі, вязання…
Пакуль разглядала творы, зробленыя майстравітымі рукамі, два чароўныя персанажы, работнікі раённага ЦДіМ Алена Макаранка і Ірына Халімоненка, каля сцэны ўжо сабралі нямала дзетак. Пачыналася канцэртная праграма “У царстве-дзяржаве маленькіх дзяцей”. Пэпі і Весялушка ўсім узнялі настрой.
Сардэчна ўсіх павіншаваў са святам начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Анатоль Карпіцкі:
— Гэтае свята для дарослых — напамін пра адказнасць за лёс падрастаючага пакалення. Мы павінны зрабіць усё, каб нашы дзеці адчувалі сябе пад надзейнай абаронай сям’і, грамадства і дзяржавы.
Анатоль Міхайлавіч выказаў падзяку ўсім сем’ям, дзе дзеці выхоўваюцца ў міры, дабрыні і згодзе. Ён ад душы пажадаў непаседам шчасця, радасці, здароўя і сонечнага настрою.
А свята набірала ўсё большы размах… Песні, рытмічныя танцы і іншыя выступленні выхаванцаў цэнтра ўразілі шматлікіх гледачоў.

[metaslider id=25449]
Захапіў усіх прысутных нумар у выкананні Лізы Клавовіч, якая наведвае ўзорны тэатральны калектыў “Трыяда”. Дзяўчынка расказала пра прыгажосць нашага горада з вялікай любоўю, якую адчуў кожны прысутны і, спадзяюся, яшчэ больш пачаў шанаваць родны край.
Ансамбль гітарыстаў выканаў «Besame mucho». Знаёмыя мелодыі асабліва спадабаліся дарослым. Было бачна, што яны адпачываюць у поўным сэнсе гэтага слова разам са сваімі дзецьмі.
Не забылі пагуляць і ў цікавую музычную гульню “Фіксікі”, якую дзеці вельмі любяць і кожны раз імкнуцца выканаць больш выразна.
Уразіла гледачоў і паказальнае выступленне ЮіДаўцаў з СШ №3. У даходлівай форме было расказана, што дарога нядбайнасці не даруе, што трэба быць уважлівым і асцярожным у час руху па праезнай частцы.
Пакінем на час цэнтральную пляцоўку, паглядзім, якія забавы яшчэ прапануюцца дзецям. На асфальце акуратна вымалёўваюцца крэйдай жоўтае сонейка, блакітнае неба, дом, розныя кветкі… У конкурсе малюнка на асфальце “Казачны горад дзяцінства размалюем разам” пажадалі паўдзельнічаць многія прысутныя. З кожнай хвілінай пляцоўка станавілася ўсё ярчэйшай, прыгажэйшай і ўзнімала настрой дзецям і дарослым. У сонечнае надвор’е малюнкі дадавалі яшчэ больш святочнасці і весялосці.
Можна было праверыць свае веды і па правілах дарожнага руху. Работнікі аддзела ДАІ Лепельскага РАУС прапанавалі дзецям адказаць на некалькі пытанняў рознага ўзроўню складанасці. Самыя дасведчаныя атрымалі салодкія прызы.
А вось і чарга з хлапчукоў: усе жадаюць праехаць перашкоды на веласіпедзе. Майстар-клас паказалі хлопцы з атрада ЮіД СШ №3. Яны прадстаўлялі наш раён на абласным 47-м злёце-конкурсе. Самых маленькіх каталі на двухколавым транспартным сродку дарослыя. І тут без заахвочвальнага салодкага прыза ніхто не застаўся.
Прыгожа апранутыя работнікі інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне і іх дзеці з шарыкамі зялёнага колеру таксама прынялі актыўны ўдзел у свяце. У гэтай установе праходзіць шмат мерапрыемстваў з мэтай папулярызацыі сярод насельніцтва падатковых органаў.
Крыху воддаль можна было прымерыць на сябе каску і бронекамізэльку. “Не цяжкія?” — цікаўлюся ў хлапчукоў. Усміхаючыся, адзін адмоўна круціць галавой. Аднак адчуваецца, што не так і лёгка яму. Даведалася, што важыць усё абмундзіраванне пятнаццаць кілаграмаў. Вага хлопчыка — 28. Аднак як сапраўдны будучы мужчына, ён выпроствае плечы і робіць выгляд, што для яго гэта звычайная вопратка.
У другім канцы плошчы сваю тэхніку дэманструюць выратавальнікі. МАЗы-аўтацыстэрны, мотапомпы, гідраінструменты, вадалазны рыштунак… Пад наглядам дарослых хлопцы з задавальненнем залазяць у машыну, даследуюць рычагі і кнопкі.
Была магчымасць пазабаўляцца і на сапраўдных атракцыёнах на спартыўнай пляцоўцы. Шмат жадаючых сабралася праверыць сябе на трапнасць: закінуць кольца на шыю фламінга, збіць слоік шарыкам, патрапіць мяккімі шарыкамі ў спецыяльныя чашы, дзе ляжаць цукеркі… Кожны хацеў атрымаць салодкі прыз, але не ва ўсіх атрымлівалася. Некаторыя дзеткі нават станавіліся ў чаргу па некалькі разоў.
Вялікай папулярнасцю сярод прысутных карыстаўся і аквагрым. Цэлы натоўп утварыўся каля педагогаў цэнтра дзяцей і моладзі, каб зрабіць прыгожы малюнак на твары ці руцэ. А выбраць яго можна было ў каталозе.
…Гучаць вясёлыя песні. Усе спяшаюцца да пажарнай тэхнікі, стоўпіліся і чакаюць «воднага сюрпрызу». З цяжкасцю ў іх атрымліваецца выстаяць на месцы: усё бліжэй і бліжэй падыходзяць да воднага патоку… Першыя пырскі — і разносяцца радасныя воклічы. Мокрае адзенне не перашкаджае весялосці. А калі вада перастала ліцца, дзеці яшчэ доўга скакалі па лужынах і крычалі ад радасці.
Лічу, што, акрамя актыўнага адпачынку, у такіх мерапрыемствах ёсць і іншыя мэты — выявіць і заахвоціць таленавітых дзяцей, даць ім магчымасць самарэалізавацца, папулярызаваць розныя творчыя пачынанні маладых лепяльчан. Можна з упэўненасцю сказаць, што ў нашым горадзе шмат таленавітых дзетак, якія самі гэта свята і ствараюць.
Асаблівых слоў падзякі, вядома, заслугоўваюць работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі, а таксама іх выхаванцы, якія на працягу ўсяго мерапрыемства дарылі сонечны настрой усім гасцям.
Дзень прайшоў весела і насычана. Дзеці, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, атрымалі зарад станоўчых эмоцый і падарункі. А наперадзе — канікулы! Свята дзяцінства працягваецца — летам будуць працаваць школьныя лагеры і праводзіцца розныя забаўляльныя мерапрыемствы для дзяцей.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымках: яркія моманты свята.

One thought on “Праздник детства на Лепельщине

  • 19.06.2019 в 2:10 пп
    Permalink

    Дети это самое дорогое, что есть у человека, поэтому заботится о них необходимо соответственно. Родители не только должны беспокоится о материальном благополучии детей, но и о духовном развитии, умственном и физическом, а также быть гарантом их безопасного, счастливого и светлого детства.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.