При отработке территории района вблизи деревни Боброво Лепельского района было обнаружено поле, где росло почти пять гектаров мака

maki-847x564 Кожны хоць раз бачыў, як расце мак, як ён ярка цвіце палымяна-чырвонымі кветкамі. Многія могуць сабе ўявіць, колькі важыць сабраны з макавых раслін сноп. Цяпер зададзім сабе пытанні: 700 кілаграмаў раслін маку — гэта колькі па аб’ёму? І колькі дурманнага зелля з яго можна прыгатаваць? А колькі народу можна гэтай атрутай выправіць на той свет, колькі паламаць жыццяў, пакалечыць здароўя?

Пытанні гэтыя ўзніклі не проста так. Больш, як 700 кілаграмаў маку было выяўлена і знішчана на днях супрацоўнікамі міліцыі. Аднак аб усім па парадку.
У рамках спецыяльнага комплекснага мерапрыемства “Мак” участковыя міліцыянеры адпрацоўваюць прыватны сектар, аглядаюць палі і лугі ў пошуках дзікарослых і раслін, якія вырошчваюцца і ўтрымліваюць у сабе наркатычныя рэчывы. У першую чаргу гэта мак і каноплі. Пры адпрацоўцы тэрыторыі раёна паблізу вёскі Баброва было выяўлена поле, дзе расло амаль пяць гектараў маку. Расліны дзікарослыя, іх спецыяльна ніхто не сеяў, не даглядаў. Мясцовыя жыхары ведалі пра гэтае поле, але асаблівага значэння не надавалі, расце сабе — і няхай расце, маўляў, мне не заміне, а там… Між тым, наркаманы, а асабліва перакупшчыкі ўжо бралі поле на ўлік і ладзілі планы.
Каб у несвядомых грамадзян не было спакусы, поле цалкам скошана, травяная маса і пожня апрацаваны спецыяльнымі хімікатамі, гліфасатамі. У выніку і скошаны мак нельга выкарыстоўваць у якасці сыравіны для прыгатавання зелля, і паўторна на гэтых землях мак і іншае пустазелле расці не будуць.
Акрамя вышэй апісанага выпадку, былі выяўлены яшчэ пяць выпадкаў вырошчвання маку на прысядзібных участках. Пры спробе апісаць сацыяльны партрэт данага роду парушальнікаў аказалася, што паміж імі амаль няма нічога агульнага, гэта людзі з самых розных населеных пунктаў, розных сацыяльных слаёў, прафесій, узростаў. Аб’ядноўвае іх хіба адно — жаданне зрабіць прыгожым свой прысядзібны ўчастак.
Менавіта так! Людзі не мелі намеру згатаваць зелле, ужываць наркотыкі, тым больш — прадаваць іх. Мак прыгожа, ярка цвіце, нібыта агнём гарыць, вось людзі і хацелі зрабіць у сябе на кветніках прыгажосць, а атрымалі штрафы.
У ранейшыя часы частымі былі выпадкі набегаў на агароды і кветнікі, дзе гаспадары вырошчвалі мак. Як потым аказвалася, часцей за ўсё гэта былі барыгі, якія вырабляюць з маку і іншых раслін зелле не толькі для ўласнага спажывання, а і для продажу. Яны часта спецыяльна абыходзілі вёскі, прыватны сектар горада, заўважалі, дзе расце мак. Калі расліна выспявала да патрэбнай ім кандыцыі, прыходзілі да гаспадароў і прапаноўвалі ім свае паслугі для “ўборкі агародаў і кветнікаў”. Калі гаспадары ўсё часцей сталі адмаўляцца ад такіх “паслуг”, барыгі і наркаманы сталі рабіць набегі на такія агароды, красці мак.
Чым асабліва небяспечная наркаманія? Найперш тым, што ў гэты смяротна шкодны занятак людзі ўцягваюцца ў геаметрычнай прагрэсіі. Не можа быць, каб малады чалавек рос у беспраблемнай сям’і, здаровым асяроддзі і раптам захацеў пакаштаваць наркотыкі, падсеў на іголку. Знайшоўся нейкі “дабрадзей”, вясёлы сябар, які пачаставаў… З гэтага і пачынаецца дарожка ўніз, на самае дно жыцця, і далей — сыход з жыцця.
Са свайго боку, наркаман, так паказваюць шматгадовыя назіранні і даследаванні, не можа жыць і займацца сваёй незаконнай справай адзін. Таму ёсць некалькі тлумачэнняў. Па-першае, чыста псіхалагічныя — ужываць наркотыкі псіхалагічна камфортна не аднаму, а ў кампаніі, па аналогіі з ужываннем алкаголю. Наркаману пад кайфам часта хочацца пагаварыць, падзяліцца ўражаннямі, паказаць, які ён “разумны”, якія “геніяльныя” думкі яго наведваюць.
Ёсць яшчэ і матыў, так бы мовіць, тэхналагічны. Некаторыя віды наркотыкаў аднаму цяжка зрабіць, патрэбная дапамога. Чужых прыцягнуць небяспечна, патрэбны “свае”, хто не здасць міліцыі. А хто больш надзейны хаўруснік, чым той, хто таксама сядзіць на іголцы?
Немалаважны і фінансавы матыў. Чалавек, які моцна, трывала падсеў на наркотыкі, ужо дрэнны работнік. Такому, каб здабыць грошай на чарговую дозу, застаецца або красці, або прадаваць наркотыкі іншым. Вось так і стварае ён сваю дылерскую міні-сетку, становіцца сам барыгам.
Як паказвае практыка, у хуткім часе адзін наркаман стварае вакол сябе кампанію яшчэ з сямі-дзесяці такіх жа. Падсаджвае на зелле, даючы спачатку проста бясплатна пакаштаваць, каб потым высмоктваць грошы.
Міліцыя супрацьстаіць, што называецца, па ўсіх франтах. Бяруцца пад кантроль усе кропкі, дзе толькі магчымае з’яўленне наркотыкаў, адпрацоўваюцца мэтавыя аўдыторыі, у першую чаргу, моладзь.
Просім і лепяльчан не заставацца ўбаку, выяўляць плантацыі дзікарослых наркатычных раслін, у першую чаргу маку і канопляў, а таксама гаспадароў, якія на сваіх участках спрабуюць іх вырошчваць. Паведамляць можна ў міліцыю па тэлефонах 4-18-40, 4-78-94, па тэлефонах МТС 896-23-79, 710-27-89 або ў дзяжурную службу па нумары 102.
Аляксандр ДУРАНАЎ,
начальнік РАУС
падпалкоўнік міліцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.