Придорожный сервис на Лепельщине пользуется популярностью у туристов

Упэўнена, ніхто са мной не будзе спрачацца, калі скажу, што наша Лепельшчына гасцінная. А адкуль у людзей з’яўляецца першае ўражанне пра рэгіён? Канечне, з прыдарожных кафэ.

Вырашылі праверыць, як у нашым краі сустракаюць гасцей у кропках, дзе можна не толькі паснедаць, а і пераначаваць.

Што праз Лепель праязджае за суткі вялікая колькасць транспартных сродкаў, таксама не адкрыццё. Мы знаходзімся ля ажыўленай трасы М-3. Прастаяўшы каля кафэ “555” адну хвіліну, налічыла больш за 50 аўтамашын рознага кшталту: вялікагрузныя, легкавыя, матацыклы і нават трактар. З іх 10 завярнулі да кафэ і на АЗС №79 “Лукойл”. У абодвух гэтых месцах можна смачна перакусіць і купіць розныя напіткі.

ПТУП “Аверс-Лепель” прапаноўвае адразу некалькі паслуг. Тут ёсць міні-кафэ «555», пра якое вышэй ужо ўзгадала, пункт пастою для велікагрузных машын, гасцініца, кавярня і стаянка, якая ахоўваецца.

Па водары ў кавярні адразу зразумела, што ў гэтым месцы можна набыць не толькі каву, а і добра перакусіць. Малочныя кактэйлі, хот-дог, піца ў асартыменце. Акрамя ўжо стандартных страў тут можна пахарчавацца баршчом, халадніком, які зараз карыстаецца вялікай папулярнасцю, дранікамі, катлетамі і іншымі прысмакамі.

Наступным нашым пунктам стала міні-кафэ “7 вятроў”. Здавалася б, размешчана на зручным перакрыжаванні, у населеным пункце. Калі не зазірнуць транзітныя госці, то, магчыма, лепяльчане зойдуць паабедаць.

На момант нашага візіту ні аднаго чалавека ў кафэ не было, хоць у меню цэны прымальныя. Дзяўчаты прапаноўваюць боршч, расольнік, бутэрброды, салаты і іншыя стравы.

У лепшы бок змянілася кафэ “Маяк”, якое больш вядома ў народзе пад назвай “стаянка Мацешы”. Вось і прыйшоў час забываць былых гаспадароў, бо амаль нічога ад таго сэрвісу не засталося. Яшчэ 4 гады таму, калі зазірнула ў гэтае месца з сям’ёй, хацелася хуценька яго пакінуць. На гэты раз уражанні мае з дакладнасцю наадварот. Гасцінныя дзяўчаты адразу з усмешкай сталі прапаноўваць смачныя стравы.

Чаго там толькі не гатуюць?! Па адным водары зразумела, што ў наяўнасці ёсць гарачыя піражкі і чабурэкі, сасіска ў цесце, бліны… Хутка прыгатуюць тут і свежы кактэйль. Аднак больш за ўсё мяне зацікавілі клёцкі па асаблівым рэцэпце. Менавіта яны карыстаюцца вялікім попытам не толькі ў гасцей нашага краю, а і саміх лепяльчан. Як аказалася, у “Маяк” можна патэлефанаваць і зрабіць заказ на патрэбны час. Для гэтай мэты завялі яны і старонку ў інстаграме.

Нічога замарожанага, толькі свежае мяса, нарэзанае дробнымі кавалачкамі ўручную. Фарш повар лічыць непрымальным для гэтай стравы.

А дранікі ў гаршчочку — з цыбуляй, мясам і смятанай… Якая смаката! Ёсць тут і каўбаскі ўласнай вытворчасці, і зразы з мясам, і шмат чаго іншага.

Акцэнт у кафэ зроблены на беларускую кухню. І правільна, бо нашы нацыянальныя стравы самыя лепшыя. Пра тое сведчаць удзячныя водгукі кліентаў у адрас работнікаў і асабліва повара.

А калі есць жаданне на экзотыку, можна паспытаць узбекскі лагман — выглядае вельмі сытна і апетытна.

— У гэтым будынку адпрацавала шмат гадоў, аднак у свой час звольнілася, — кажа загадчыца кафэ «Маяк» Наталля Лянкоўская. — Адчыніліся ў лістападзе мінулага года, і за гэты невялікі перыяд тут адбыліся кардынальныя змены. Пры новым гаспадары знутры будынак набыў сучасны выгляд. Зараз вядуцца работы па абуладкаванні тэрасы, дзе можна будзе набыць шашлык, прыгатаваны на мангале, і іншыя стравы. Будзем развівацца і далей.

Гасцініца пакуль не працуе, там вядуцца рамонтныя работы. У бліжэйшай будучыні гасцінна адчыняць свае дзверы 12 нумароў.

Трэба сказаць, новы ўладальнік ПГУП «Бутковтранс» Віталь Кавалеўскі ўмее падбіраць сабе работнікаў. З такімі дзяўчатамі ён не прападзе: кожнага вітаюць з вялікай прыязнасцю і ўсмешкай, першыя пачынаюць гутарыць з кліентам, ведаюць, што каму прапанаваць.

Далей едзем у “Гасціны двор”, дзе ёсць пункт пастою, гасцініца, кафэ, рэстаран, стаянка, якая ахоўваецца.

Гэтае месца ўлюбёнае для многіх жыхароў нашага раёна і нават замежных турыстаў. Колькі разоў тут ні была, заўсёды хтосьці фатаграфуецца, катаецца на арэлях, разглядвае фігуры. Прыемна, што звяры з бетону кожны год абнаўляюцца, маюць прывабны выгляд.

Тут ёсць воўк, зубры, мішкі, шматлікія казачныя героі. Праязджаючы, адразу хочацца спыніцца і зайсці ў будынак. Так і на гэты раз зрабіла. Здаецца, кафэ ніколі не пустуе — амаль усе месцы за столікамі занятыя. Любяць тут спыняцца і экскурсійныя аўтобусы са школьнікамі, сем’і з дзецьмі.

Закусачная «Віраж» — наступная кропка нашага прыпынку. Трэба сказаць, і яна не пустуе ў цёплыя летнія дзянёчкі. Дастатковы асартымент выпечкі, напіткаў, шмат розных прысмакаў. Па дарозе вельмі зручна спыніцца і перакусіць.

Вытрымлівае канкурэнцыю і Лепельская АЗС №33, дзе праходзіць вялікі паток транспартных сродкаў. Так, і ў гэты дзень назіралася чарга. Дзяўчаты, запраўляючы палівам аўто, не забываюць прапанаваць каву і штосьці смачненькае. Ёсць у памяшканні і столікі, дзе можна прысесці і перакусіць у дарозе.

Здаецца, наведалі ўсе прыдарожныя кафэ на лепельскай зямлі. Разважаючы па дарозе дадому, прышла да высновы, што ў нашым раёне іх больш за ўсё на трасе Мінск — Віцебск. І хто пасля ўсяго сказанага будзе мяне ўпэўніваць, што Лепельшчына не гасцінная?..

На заканчэнне хочацца адзначыць, што каля ўсіх аб’ектаў добраўпарадкаваная тэрыторыя, на якую прыемна зайсці і за якую нам, лепяльчанам, не сорамна!

Наталля Храпавіцкая.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.