Приговором суда района гражданка признана виновной в совершении преступления

karupcyyaУ нашай краіне паслядоўна і настойліва прымаюцца эфектыўныя захады па далейшым умацаванні законнасці і правапарадку, недапушчэнні пранікнення крыміналу ў органы дзяржаўнага кіравання, палітычную і эканамічную сферы. Практыка паказвае, што такая негатыўная з’ява  праяўляецца ў розных формах: хабарніцтва, вымагальніцтва, пратэкцыянізм, лабізм, незаконныя размеркаванні датацый, прыватызацыя, неабгрунтаванае прадстаўленне льготных крэдытаў і інш. Трымае на пульсе жыцця руку і пракуратура раёна. І якія вынікі дасягнуты?

На гэтае і іншыя пытанні кампетэнтна і доказна адказвае пракурор раёна старшы саветнік юстыцыі Алег Несцяронак.
— Летась улічана тры злачынствы карупцыйнай накіраванасці. Па двух выяўленых эканамічнага кшталту ўзбуджаны крымінальныя справы. Грамадзянка Ляшчова працавала начальнікам аддзялення паштовай сувязі “Чарэйшчына” раённага вузла паштовай сувязі Віцебскага філіяла РУП “Белпошта”. Наўмысна і з карыслівай зацікаўленасці, маючы адзіны намер на здзяйсненне крадзяжу грашовых сродкаў, выкрала 4361 рубель 41 капейку. Прысудам суда раёна грамадзянка Ляшчова прызнана вінаватай у здзяйсненні злачынства, і ёй было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адтэрміноўкай на такі ж перыяд, штрафу ў памеры 50 базавых велічынь і з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на два гады.
Праведзены тры праверкі дзейнасці групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі раённага аддзела ўнутраных спраў: два ў рамках агульнай праверкі па выкананні заканадаўства аб аператыўна-вышуковай дзейнасці; адно — па эфектыўнасці выяўлення злачынстваў карупцыйнай накіраванасці. У адрас начальніка РАУС унесена два прадстаўленні. Па выніках праверкі эфектыўнасці выяўлення злачынстваў карупцыйнай накіраванасці ўнесена прадстаўленне ў адрас начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.
Нашы работнікі пастаянна аналізуюць вынікі працы гаспадарчых галін і сацыяльнай сферы на прадмет карупцыйнасці. Мэта — вызначэнне аб’ектаў праверак і своечасовае прыняцце мер рэагавання.
— І да якой высновы прыйшлі. Палепшылася сітуацыя ў вызначаным сегменце праваахоўнай дзейнасці ці, наадварот, пагоршылася?
— Хутчэй другое. На вялікі жаль, на нездавальняючым узроўні знаходзіцца дзейнасць некаторых прадпрыемстваў, арганізацый, іх кіраўнікоў па выкананні патрабаванняў заканадаўства. У прыватнасці, выяўлена дзевяць правапарушэнняў у сферы дзяржаўных закупак і адно ў сферы захавання карупцыйных абмежаванняў. Праведзена летась чатыры праверкі выканання антыкарупцыйнага заканадаўства…
-2-
— Назавіце, Алег Альбінавіч, адрасы праверак. Тэма нашай размовы даволі складаная. Злавіць за руку хабарніка ці яшчэ якога зламысніка вельмі няпроста. Некаторыя службоўцы дужа ўмела маскіруюць свае злачынныя памкненні, што іх хоць у разведку пасылай. Хаця ў разведку з такімі паплечнікамі ісці сабе даражэй…
— Адбылася праверка эфектыўнасці дзейнасці раённага аддзела ўнутраных спраў па выяўленні і спыненні злачынстваў карупцыйнай накіраванасці; выкананні антыкарупцыйнага заканадаўства ў ДСУ «Лепельская сортавыпрабавальная станцыя» і ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама; арганізацыі дзяржаўных закупак у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Апрача таго, падчас вывучэння праблемы на прадпрыемствах, у арганізацыях у рамках каардынацыйнага плана паводле патрабаванняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 510 прааналізавалі ход рэалізацыі антыкарупцыйнага заканадаўства ў райспажыўтаварыстве, філіяле «Лепельскае ДРБУ №202» КУП «Віцебскаблдарбуд». Нашы работнікі правялі маніторынгі дзяржаўных закупак тавараў (паслуг) у сельскіх выканаўчых камітэтах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях.
— Пералік вялікі. І тэматычны дыяпазон уражвае. Ва ўсе дэталі пастараліся ўнікнуць, вывесці на сонечнае святло ўсе недахопы і хібы? Хаця пытанне выглядае рытарычным. На гэтым падмурку і грунтуецца ваша паўсядзённая работа. Інакш і быць не можа. Карупцыйныя праявы, нібы тая злавесная ржа, раз’ядаюць грамадства, падточвае пазітыўныя высілкі ўлады па аздараўленні абстаноўкі.
— Унесены прадстаўленні начальніку Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама (па парушэннях заканадаўства па выяўленні і спыненні карупцыйных злачынстваў); дырэктару ДСУ «Лепельская сортавыпрабавальная станцыя (па парушэннях антыкарупцыйнага заканадаўства, у тым ліку заканадаўства аб дзяржаўных закупках тавараў); раённы выканаўчы камітэт (аб наяўнасці парушэнняў у галіне дзяржаўных закупак у аддзеле адукацыі, спорту і турызму).
-3-
На тым кропку не паставілі. Вынесена восем прадпісанняў, у тым ліку ў сувязі з парушэннямі заканадаўства аб дзяржаўных закупках (ААТ «Лепельаграсэрвіс», ААТ «Лядна», ААТ «Чарэйшчына», ААТ «Ладасна», ДП «Лепяльчанка», КУВСГП «Лепельскае», упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама), адно — аб захаванні карупцыйных абмежаванняў (аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама).
Адной службовай асобе абвешчаны афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, у тым ліку службовай асобе з-за ігнаравання заканадаўства аб дзяржаўных закупках, аднаму грамадзяніну — аб недапушчэнні здзяйснення злачынстваў, звязаных з хабарніцтвам.
Уважліва разгледжаны акты пракурорскага нагляду. Жартаваць з законам нікому не дазволена. Дзве службовыя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці за хібы ў правядзенні дзяржзакупак.
Па выніках нагляду позвы ў суд не накіроўваліся. Прад’яўленая іскавая заява ў рамках расследавання Лепельскім РАСК крымінальнай справы на суму 4361,41 рубля судом разгледжана і задаволена ў поўным аб’ёме.
Выяўленыя парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг) насілі відавочны характар і маглі прычыніць істотны ўрон інтарэсам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, пацягнуць правапарушэнні, якія ствараюць умовы для карупцыі, а таксама стаць прычынай нанясення маёмаснай шкоды суб’ектам гаспадарання раёна.
Барацьба з карупцыяй — не кароткачасовая кампанія, а найважнейшая дзяржаўная задача ў справе ўмацавання незалежнасці і суверэнітэту нашай дзяржавы, забеспячэння грамадскай бяспекі. Галоўная крыніца поспеху — моцная дзяржаўная ўлада, моцная сацыяльная палітыка, апора на грамадства і публічнасць. Весці барацьбу з карупцыяй варта мэтанакіравана, комплексна і бесперапынна. Пры гэтым намаганні павінны быць накіраваны не толькі на выяўленне і спыненне фактаў карупцыі, але і на выяўленне і ліквідацыю прычын, што яе спараджаюць.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.