Приятно иметь дело с этими двумя молодыми людьми — героями моих будущих заметок

img_6293 Каб распавесці пра чалавека, трэба яго спазнаць. Вось таму і не спяшаўся сесці за клавіятуру камп’ютара (хацеў па звычцы сказаць “узяцца за пяро”, ды ўспомніў, што ўжо зусім іншы час). Пісаць, адным словам, не спяшаўся. Тым болей, што, скажу шчыра, было прыемна мець справу з  гэтымі двума маладымі людзьмі — героямі маіх будучых нататкаў — спазнаваць іх, “адкрываць”. Сапраўды, заслужылі ўвагі. У СШ №1, дзе вучацца ў дзясятым класе, зараз у героях ходзяць, бо не кожнага ж разу вучні займаюць прызавыя месцы на абласных алімпіядах. “Зоркі” першай велічыні! І, што характэрна, самі сябе “зоркамі” не адчуваюць. Няма ў іх гэтай самай “люстэркавай хваробы”. Гэта прыемна.

Ну якія “зоркі”? Валя вунь трымціць уся, як асінавая лісцінка, нават у гутарцы з карэспандэнтам. Уяўляю, што рабілася з ёю на алімпіядзе. Ян пачуваецца больш упэўнена, усё ж такі хлопец, аднак паводзіць сябе без фанабэрыі і пыхі — проста і натуральна. Прыемны суразмоўца.
А пакуль будуць мне распавядаць пра тыя тры гарачыя “алімпіядныя” дні ў Віцебску, паспрабую намаляваць іх у зусім іншым ракурсе.
Сціплы акуратны домік на беразе Эсы. Агарод акурат да вады спускаецца. Усё патанае ў зеляніне — улетку. І прыгожыя ж у Лепелі мясцінкі на паазер’і ды рачным узбярэжжы — хоць ты карціны пішы. Хоць і не быў у яго дома, ды Ян прыслаў мне фоткі “Укантакце” — родныя краявіды. Сапраўдны трыумф прыроды! Дворык з кветкамі, агарод з парнікамі — непачаты край заўсёднай працы. Свая хата, хай сабе і ў горадзе, — гэта заўсёды праца. А хіба яе баіцца Ян, рослы, спрытны падлетак, мужчына ў хаце, гаспадар? Дроў насекчы — яго справа, у печы напаліць — таксама. Не кажучы пра лазню. У лазні папарыцца — святое! Упадабаў пару хлопец яшчэ з ранняга дзяцінства, калі сядзеў унізе ля палка і зайздросціў бацьку, які дачырвана “раскачагарваў” сябе бярозавым венічкам. На дачы ў Старым Лепелі лазенька спрытная, і яны разам з бацькам кожную суботу душу там грэюць.
Што яшчэ трэба ў юнацтве! Маміны духмяныя клёцкі на стале, толькі з агню, з якіх пара валіць, ды з салёным агурочкам. Смакоцце! Гітара, якую тата падарыў на дзень нараджэння. Дагэтуль іграць толкам не ўмеў. А тут — такая гітара! Грэх не навучыцца. Ды і ў асяродку хлопцаў-равеснікаў з гітарай ты заўсёды ў аўтарытэце. Любіць найграць мелодыі групы “ДДТ”, “Кіно”. Згадзіцеся, густ не зусім сучасны, крыху ў стылі “рэтра”, затое выклікае павагу, сэнс у песні павінен быць. Зрэшты, і цяжкі рок таксама не супраць паслухаць — пераважна “Укантакце”. Там у моладзі зусім іншая музычная мода.
* * *
І ўяўляю Валечку. Сціплая такая, сарамлівая дзяўчынка — як рамонак палявы. А як жа хораша спявае! Не чулі яе купальскіх песень цёплым летнім адвячоркам на беразе Святога возера? Званочкам звініць галасочак. Любіць дзяўчына паспяваць штосьці і з народнага, і з сучаснага рэпертуару. Мае добры музычны слых і валодае голасам. І на гітары таксама іграе. Нездарма займалася ў музычнай школе па класе гітары.
І за кніжкаю мне яе таксама лёгка ўявіць, не тое, што іншых равеснікаў, якіх да кніжкі, нават у межах праграмы школьнай, трэба цугам валачы. Вось толькі б ім перакідвацца кароткімі паведамленнямі “Укантакце”. А што пісаць, калі нават кароткія выразы правільна пабудаваць не ўмеюць, памылак зашмат. Хіба самім не сорамна? Каб пісаць правільна, трэба шмат чытаць. Дзяўчынка скрупулёзная і захопленая. Магу ўявіць, з якім імпэтам чытае яна, скажам, “Тры таварышы” Рэмарка альбо штудзіруе цяжкую для чытва філасофскую прозу Васіля Быкава. Менавіта беларуская літаратура больш яе цікавіць.
З лёгкасцю бачу сваю гераіню і ў іншым амплуа, скажам, на кухні, за плітою, калі разам з маці пякуць перапечкі ці гатуюць піцу. Жанчына заўсёды павінна быць добрай гаспадыняй, нават калі яна прафесар у навуцы.
* * *
Да прафесараў маім героям, вядома, яшчэ далёка, аднак сяму-таму паспелі навучыцца ўжо ў школе, прынамсі, па біялогіі, стараннямі любімай настаўніцы Алены Сільвановіч. А “лірычны пралог” пра іх жыццё па-за школаю мне спатрэбіўся дзеля таго, каб не падумалі, што алімпіяднікі адно “сушаць мазгі”, раствараюць у хімічных рэакцыях сваё непаўторнае юнацтва і ў шаснаццаць гадоў выключна ходзяць у акулярах, сядзяць на сімпозіумах. Звычайныя дзеці, такія ж, як усе, можа, толькі крышачку болей мэтаскіраваныя.
Нарэшце асвоіліся, з захапленнем распавядаюць пра абласную алімпіяду па біялогіі, з якой абодва, і Ян Крывец, і Валянціна Гынкевіч, вярнуліся з дыпломамі трэцяй ступені. Лёгка распавядаць, калі ўжо ўсё ў мінулым і скончылася гэткім “хэпі-эндам”. Зрэшты, Ян не супраць бы і яшчэ з’ездзіць.
Жылі ў Віцебску ў інтэрнаце прыборабудаўнічага каледжа. Там жа і праходзіў іх “алімпійскі паядынак”, прынамсі, на другі дзень. Гэта быў тэарэтычны тур. Уявіце, даюць вам… дзевяноста заданняў, якія трэба выканаць за чатыры гадзіны. Паспрабуйце адно толькі ўчытацца ў такі глыбокі навуковы пласт. Гэта ж вам не казкі чытаць — заданні павышанай цяжкасці: малекулярная генэтыка, біяхімія і мікрабіялогія, анатомія і фізіялогія раслін. Праграма быццам бы і школьная, а быццам бы і не зусім. Аднак ахоплівае курс дзясятага і адзінаццатага класаў. Заўважым, дзеці яшчэ толькі паўгода правучыліся ў дзясятым. Можаце сабе ўявіць, якая грунтоўная спатрэбілася падрыхтоўка.
— Два тыдні і, прынамсі, усе зімовыя канікулы Ян з Валяй хадзілі ў школу, як на працу, — кажа іх настаўніца біялогіі Алена Сільвановіч. — Бацькі ўжо клапоціліся, як жа яны тут без абеда. Нічога, бутэрброды зробім, гарбаты паставім, перакусім — і зноў за навуку. Праштудзіравалі ўвесь школьны матэрыял. У тым і “фішка”, што пытанні на алімпіядзе аднолькавыя як для дзясятага класа, так і для адзінаццатага. І таму трэба ведаць праграму за два гады. Акрамя таго, пры падрыхтоўцы выкарыстоўвалі матэрыял цэнтралізаванага тэсціравання і дадаткова звярталіся да тэматыкі міжнародных алімпіяд.
— Алена Алегаўна ў нас усю душачку ўклала, — шчыра засведчыла Валя прызнанне любімай настаўніцы.
І як добра, калі існуе між настаўнікам і вучнем не толькі навукова-творчы тандэм, а нешта большае — псіхалагічнае, чалавечнае, калі ў сумеснай працы вырашальным фактарам становіцца не толькі розум, але і душа.
Не паверыце, вучаніца пабрала ўсе кропелькі любімай настаўніцы. Нават голас і інтанацыі ў іх падобныя. Як добра, калі падлетку ёсць з каго браць прыклад у жыцці! Зрэшты, калі Ян упершыню сёлета ўдзельнічаў у абласной алімпіядзе, то Валянціна — ужо другі год. І зноў — трэцяе месца. І на тэстах яна пацвердзіла гэткі ж узровень ведаў. Алена Алегаўна кажа, што стабільнасць — устойлівы паказчык поспеху. І то праўда.
Пад час падрыхтоўкі да алімпіяды Валя яшчэ летась пазнаёмілася і пасябравала з Вікай Шабуняй, з якой летась разам паспяхова выступілі на вобласці. Віка ўжо студэнтка, вучыцца ў Мінску на фармацэўта. Сама ж Валя пакуль не вызначылася з будучай прафесіяй. Нічога страшнага, яшчэ ёсць час. Аднак адназначна дзяўчына не бачыць свайго выбару без біялогіі.
Так можна сказаць і пра Яна. Ён хоча стаць урачом, а ўрачу без ведаў па хіміі і біялогіі, зразумела, рабіць няма чаго.
Забыўся сказаць, Ян і Валянціна — выдатнікі і рэальна прэтэндуюць на медаль. Так што да мэты сваёй ужо зараз, у юнацтве, ідуць наўпрост. І было б вельмі крыўдна, калі б такія мэтаскіраваныя, ці, як у школе кажуць, матываваныя дзеці не дасягнулі мэты.
…Трэці дзень алімпіяды ў Віцебску быў практычным. Паехалі ва ўніверсітэт, падзяліліся на групы і разышліся па лабараторыях для практычных іспытаў. Трэба было зрабіць сістэмны малюнак. Намаляваць дыяграму кветачкі, атрымаць экстракт з парасткаў і г.д. Зноў жа, лабараторная работа доўжылася паўтары гадзіны, затым мяняліся кабінетамі. Зрэшты, ніхто не адмяняў чалавечага фактару. Здрадлівае трымценне ледзьве не падвяло Валю. Дзяўчынка так і не змагла настроіць мікраскоп, у выніку мікрасхему будовы сцябла… проста счытала са сваёй памяці — і намалявала. Амаль тая ж сітуацыя ўзнікла і ў Яна. Не, мікраскоп хлопец настроіў, практычна пабачыў вынікі доследу, аднак больш давяраў ўласнаму досведу, чым убачанаму. Які ж багаж ведаў трэба назапасіць, каб віртуальна ўяўляць рэальны малюнак і капіраваць яго па памяці. Малайцы, адным словам!
* * *
Ну вось я і сказаў, што хацеў сказаць пра аднакласнікаў Яна Крыўца і Валянціну Грынкевіч, якія ў супольнасці з таленавітым педагогам Аленай Сільвановіч дабіліся поспеху, парадавалі і родную школу, і бацькоў. Галоўнае, вядома, не перамога, а працэс. Важней за ўсё канкрэтны выхаваўчы эфект. Дзеці вучацца сістэмна працаваць і дабівацца мэты, гэта важна ў наш “канкурэнтны” час. Важна для таго, каб стаць паспяховым. І Ян, і Валя растуць проста добрымі, спагадлівымі людзьмі. І гэта таксама важна ў наш эгаістычны і прагматычны век. З характарыстыкі, дадзенай ім класным кіраўніком, дзеці заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу аднакласнікам. Ян аберагае сваю прыёмную сястру, таксама аднакласніцу. Прыемна, што найбольшымі жыццёвымі каштоўнасцямі Ян і Валя назвалі не грошы і дабратыт, а сям’ю — родных і блізкіх, здароўе, узаемапавагу і паразуменне. Каштоўнае — не тое, што блішчыць. Дзеці любяць спорт і музыку. Ян выступае ў раённым клубе інтэлектуалаў “Ра” і ўжо аб’ездзіў палову краіны па спаборніцтвах. І часу хапае. Калі час размеркаваць рацыянальна, на ўсё хопіць. Мы кажам, што маладыя яшчэ няшмат пражылі на свеце, таму не заслугоўваюць ухвал. Маўляў, няма за што хваліць. Няпраўда. Іншы падлетак дасць фору даросламу. Ёсць сярод моладзі і падлеткаў такія, каго і ў прыклад не грэх паставіць. Не важна, колькі ты пражыў на свеце, важна, чаго дасягнуў. Па гэтых крытэрыях і трэба меркаваць аб людзях.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: дзесяцікласнікі СШ №1 Валянціна Грынкевіч і Ян Крывец з настаўніцай біялогіі Аленай Сільвановіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.