Продаж алкаголю невядомага паходжання

З мэтай мінімізацыі негатыўных працэсаў і з’яў, якія ўзнікаюць у грамадстве, абарот алкагольных напояў рэгулюецца дзяржавай. Барацьба з абаротам алкаголю невядомага паходжання з’яўляецца адным з важных накірункаў дзейнасці Лепельскай раённай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне. Больш падрабязна аб гэтай рабоце пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з начальнікам інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне Маяй Самусевай.

— Мая Анатольеўна, безумоўна, пытанні аховы і ўмацавання здароўя нацыі, у тым ліку супрацьдзеяння злоўжыванню насельніцтвам алкагольнымі напоямі, знаходзяцца на дзяржаўным кантролі…

— Улічваючы небяспеку фальсіфікаваных алкагольных напояў, за выраб з мэтай збыту або збыт падробных акцызных марак Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць у выглядзе грамадскіх работ, штрафу або выпраўленчых работ на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленне свабоды на той жа тэрмін. Выкарыстанне загадзя падробленых акцызных марак цягне накладанне штрафу або выпраўленчыя работы да двух гадоў, або пазбаўленне свабоды да трох. За гэтыя дзеянні, учыненыя паўторна або арганізаванай групай, магчыма пазбаўленне свабоды на тэрмін ад трох да пяці гадоў.

— Скажыце, калі ласка, наколькі часта сустракаюцца выпадкі збыту алкаголю невядомага паходжання?

— Па выніках кантрольных мерапрыемстваў у сферы вытворчасці і абароту падакцызных тавараў, праве­дзеных у студзені — верасні бягучага года, інспекцыямі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці ўстаноўлена 353 парушэнні. З ценявога абароту канфіскавана адзі­наццаць тысяч 110,3 літра алкагольнай і нехарчовай вадкасці, што ўтрымлівае спірт, на суму адзін мільярд 92,6 мільёна рублёў, падакцызных тавараў арыштавана на суму адзін мільярд 961,6 мільёна рублёў. Звернута ў даход дзяржавы падакцызных тавараў, а таксама выручкі на суму адзін мільярд 765,6 мільёна рублёў.

Судовымі органамі прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 40 суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці і 142 фізічныя асобы, сума штрафаў склала адзін мільярд 14 мільёнаў рублёў.

— Якія парушэнні абароту алкаголю ўчыняюцца найбольш часта?

— Самыя распаўсюджаныя парушэнні — перавозка, захоўванне і рэалі­зацыя фізічнымі асобамі алкагольных напояў, не маркіраваных ва ўстаноўленым парадку акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь, гандаль алкагольнымі напоямі без дакументаў, што пацвярджаюць легальнасць іх набыцця і водпуск у рэалізацыю, а таксама перамяшчэнне і захоўваннем фізічнымі асобамі нехарчовай прадукцыі, што ўтрымлівае спірт, у аб’ёмах, якія перавышаюць дазволеныя заканадаўствам.

Асаблівую заклапочанасць выклікаюць правапарушэнні, звязаныя з незаконным перамяшчэннем па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, захоўванне нелегальна ўвезеных алкагольных напояў (у асноўным гарэлкі “Царскае паляванне”, “Белая бяроза” і іншых) і вадкасці, якая ўтрымлівае спірт, расійскай вытворчасці. Параўнальны аналіз паказаў, што рознічныя цэны на віды гарэлкі аналагічнага класу ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь, што прадаюцца афіцыйна, сфарміраваны на ўзроўні каля 60 тысяч рублёў. Адпаведна, для прыцягнення прыбытку ад продажу нелегальна ўвезенай гарэлкі расійскай вытворчасці, з улікам затрат на дастаўку, кошт яе набыцця грамадзянамі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі павінен быць не ніжэй за сфарміраваны рознічны кошт.

Устаноўлены і выпадкі рэалізацыі фізічнымі асобамі алкагольных напояў без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. У асноўным гэта нелегальна ўвезеныя ў Рэспубліку Беларусь алкагольныя напоі, якія дорага каштуюць, — віскі, каньяк і брэндзі з этыкеткамі вядомых сусветных марак.

У цяперашні час сумесная работа падатковых і праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь па навядзенні парадку на рынку вытворчасці і абароту алкагольнай і іншай прадукцыі, што ўтрымлівае спірт, працягваецца. У адносінах дзейнасці грамадзян, якія займаюцца незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасцю, у тым ліку нелегальнай вытворчасцю, увозам, транспарціроўкай, захоўваннем і рэалізацыяй указанай прадукцыі, прымаюцца дадатковыя меры, накіраваныя на яе забарону.

Інтэрв’ю правяла

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.     

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.