Профессионализм Галины Авдиевич отмечен на высоком уровне

img_2990Існуе мудрае выказванне, што асоба чалавека пазнаецца па яго зробленых справах. Знайсці сваё прызванне ў жыцці, быць адданым любімай прафесіі на працягу дзясяткаў год і перадаць захапленне абранай справе некалькім пакаленням — гэта высакародны абавязак, выканаць які можа толькі шчыры, адкрыты і асабліва адказны чалавек. Менавіта так можна сказаць пра Галіну Аўдзіевіч. На пасадзе галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Лепельскага раёна Галіна Фёдараўна працуе больш за дзесяць год, усяго ж рабоце ў медыцыне яна прысвяціла 33 гады. Гэту жанчыну ведае практычна кожны жыхар нашага раёна, паколькі з санітарнай службай сустракаюцца ўсе дзяржаўныя ўстановы, арганізацыі і прадпрыемствы. Шчырай, добразычлівай, мяккай і стрыманай у зносінах, Галіне Фёдараўне ўласцівыя асаблівая цвёрдасць, рашучасць і прынцыповасць. Без гэтых якасцей работніку цэнтра гігіены і эпідэміялогіі абысціся немагчыма. Арганізацыя медыцынскіх аглядаў, рэйдавых праверак па захаванні ўмоў працы ва ўстановах, сельскагаспадарчых прадпрыемствах… Поспех работы ўсёй установы залежыць ад умення кіраўніка аб’яднаць калектыў, правільна размеркаваць працоўныя абавязкі. Аднак сваю справу Галіна Фёдараўна ведае дакладна. Любімая прафесія на працягу многіх год стала для яе неад’емнай часткай жыцця. Прафесіяналізм Галіны Аўдзіевіч адзначаны на высокім узроўні. Напрыканцы мінулага года яна ўзнагароджана Ганаровым знакам Міністэрства аховы здароўя “Выдатнік аховы здароўя”. Такая значная ўзнагарода — вынік штодзённай бездакорнай працы.
— Прыміце нашы шчырыя віншаванні з гэтай асаблівай нагоды ад усёй душы. У чым захоўваецца ваш сакрэт прафесійнага майстэрства? — звяртаюся да Галіны Фёдараўны.
— Сакрэт вельмі просты, — шчыра адказвае ўрач. — Самае галоўнае — любіць сваю работу і імкнуцца выканаць яе на высокім узроўні. Калектыў жа нашай установы складаецца з аднадумцаў, людзей, якія добра ведаюць сваю справу.
Галіна Фёдараўна дзеліцца са мной сваімі напрацоўкамі. Я ж прашу расказаць аб пачатку яе прафесійнага шляху, і на нейкі момант уяўляю невялікую жывапісную вёску Дудзінка Крупскага раёна Мінскай вобласці. Менавіта тут прайшлі дзіцячыя гады Галіны.
…Каб атрымаць сярэднюю адукацыю, прыходзілася пераадольваць пешшу дзевяць кіламетраў да бліжэйшай школы, якая знаходзілася ў вёсцы Слабада. Таму дзяўчынка пераехала жыць у пасёлак Ждановічы да сваіх родных.
— Напэўна, ужо тады ў мяне з’явілася захапленне медыцынай. Мой дзядзька, родны брат таты, быў дзіцячым урачом. Практычна ўсе вяскоўцы звярталіся да яго, каб змерыць ціск. Людзям была патрэбна дапамога і днём і ноччу. Дзядзька ішоў усім насустрач. Ужо тады я зразумела, наколькі высакародная і патрэбная для людзей прафесія ўрача.
Пасля заканчэння школы вырашыла паступаць на санітарна-гігіенічны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. Менавіта санітарная служба падалася для мяне блізкай, і аб сваім выбары ніколі не пашкадавала.
Працаваць на Лепельшчыну Галіна Фёдараўна прыехала ў 1984 годзе па размеркаванні. І хоць была магчымасць застацца працаваць у Мінску, сінявокі Лепель вельмі прывабіў дзяўчыну. Сюды ж прыехала на працу і яе сястра Ірына.
Першая працоўная пасада Галіны Фёдараўны — загадчыца занальнай санітарна-гігіенічнай лабараторыі, якая на той час мела вельмі вялікую магутнасць. Галіна Фёдараўна адразу праявіла сябе адказным спецыялістам і разам з тым вяла актыўную грамадскую дзейнасць — была сакратаром камсамольскай арганізацыі, а пазней — старшынёй прафкама. Жанчына заўсёды ўмела аб’яднаць вакол сябе людзей — такіх жа актыўных, зацікаўленых і творчых. Па яе ініцыятыве арганізоўваліся яркія, запамінальныя мерапрыемст вы, калектыўныя паездкі.
— З якімі складанасцямі прыходзілася сустракацца ў рабоце?
— У многіх выпадках вельмі няпроста працаваць з людзьмі, — адказвае Галіна Фёдараўна. — Ад кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў мы патрабуем няўхільнага выканання санітарных нормаў і правілаў. І тут нашым спецыялістам патрэбна праявіць асаблівую строгасць і прынцыповасць: усе недахопы павінны быць ухілены ў бліжэйшы тэрмін, выключэнні не дапускаюцца. Такім чынам, наша работа выпрацоў-вае цвёрдасць характару, уменне адмовіць, спасылаючыся на дакумент.
— Час не стаіць на месцы, а разам з ім укараняюцца новыя, больш прагрэсіўныя метады прафілактыкі і лячэння захворванняў. Магчыма, пэўныя змяненні адбыліся і ў галіне эпідэміялогіі?
— Безумоўна. У мінулыя часы сустракалася больш выпадкаў бактэрыяльных інфекцый: дыфтэрыі, адзёру, краснухі, паратыту. У цяперашні ж час выпадкі такіх захворванняў рэгіструюцца крайне рэдка. Засталіся хіба толькі выпадкі сальманелёзу.
Асаблівую ўвагу ўдзяляем прафілактыцы вірусных інфекцый, якія нярэдка могуць працякаць у цяжкай форме, і тады патрабуецца больш інтэнсіўнае лячэнне. На шчасце, у тры апошнія гады ўспышак вірусных інфекцый нам удаецца пазбегнуць. Ні ў дзіцячых садах, ні ў школах эпідэмія не аб’яўляецца.
Асаблівае значэнне ў сваёй рабоце надаём кантролю за добраўпарадкаваннем вуліц, тэрыторый, якія прылягаюць да арганізацый і ўстаноў. Усюды павінны быць належныя парадак і чысціня. Патрабуем санітарнага парадку пры аглядзе дашкольных устаноў, школ, пунктаў грамадскага харчавання.
Вядома, што галоўнай каштоўнасцю ўстановы з’яўляюцца кадры. Як паказвае практыка, многія спецыялісты, якія прыехалі працаваць да нас па размеркаванні з іншых абласцей, праз пэўны час пакідаюць раён. Таму імкнёмся заахвоціць іх да работы ў нашай установе. Вельмі прыемна, што колішнія маладыя спецыялісты набываюць значны вопыт, удасканальваюць сваю прафесійную падрыхтоўку. Сярод такіх спецыялістаў — урач-гігіеніст Вікторыя Міхно, добрасумленная і адказная работніца, якая ў патрэбных выпадках паспяхова выконвае абавязкі галоўнага ўрача цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, загадчыца аддзела эпідэміялогіі, вопытны ўрач Наталля Паборцава. Мы ганарымся і нашымі паважанымі ветэранамі працы. Гэта ўрач-гігіеніст Алег Варган, які працяглы час узначальваў ДУ “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”, загадчыца лабараторыі Ніна Капытава. Шмат год аддалі працы ва ўстанове ўрач-гігіеніст Ніна Кліменцьева, фельчар-лабарант Таццяна Гардзюк.
У час размовы з Галінай Фёдараўнай я адчула прыемную шчырасць і душэўную цеплыню. Быць кіраўніком вельмі няпроста, штодзень прыходзіцца вырашаць нямала складаных пытанняў, але ў кожным выпадку галоўны ўрач захоўвае стрыманасць, жаночую мяккасць.
— Ведаеце, па натуры я аптыміст, — прызнаецца мая суразмоўца. — У людзях імкнуся ўбачыць толькі добрае. Нават калі і здараюцца канфліктныя сітуацыі, стараюся іх пагасіць, а непрыемнасці — хутка забыць. Напэўна, гэтыя якасці я атрымала ад сваіх родных.
Я выхоўвалася ў сям’і, дзе заўсёды захоўваліся павага да старэйшых, дабрыня ва ўзаемаадносінах. Калі мы сядалі снедаць, у галаве стала заўсёды быў дзядуля, па яго правую руку — тата, бабуля, дзеці… Мы ніколі не чулі грубых слоў ад дарослых. Змалку нас навучылі быць руплівымі, працавітымі. У доме мы самастойна засцілалі ложкі, падмяталі падлогу. Ніколі не сціхаў звонкі дзіцячы смех. Дзеці гулялі на печцы, зімою каталіся на санках… На працягу жыцця мы вельмі ўдзячныя сваёй любімай цётцы Ганне Аляксееўне Аўдзіевіч, якая яшчэ да вайны атрымала педагагічную адукацыю, пасля вайны скончыла педагагічны інстытут, і кожны з пляменнікаў прайшоў праз яе выхаванне. Вельмі шмат Ганна Аляксееўна зрабіла і для маёй дачкі.
Шчырыя ўзаемаадносіны сёстры і браты Галіны Фёдараўны захавалі на ўсё жыццё. Малодшая сястра Ірына Дзірко таксама жыве ў Лепелі, працавала галоўным спецыялістам землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы райвыканкама. Брат Аляксей Фёдаравіч жыве ў Гродне разам з сям’ёй. Сястра Лілія набыла спецыяльнсць закройшчыка ў Барысаўскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы і жыве ў Саратаве. Малодшы ж брат Галіны Фёдараўны Уладзімір працуе электраманцёрам у філіяле “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”.
У поўнай меры Галіна Фёдараўна адчула і мацярынскае шчасце. Жанчына ганарыцца поспехамі сваёй дачкі Ганны. У свой час яна скончыла сярэднюю школу №1 з залатым медалём, фармацэўтычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта — з “чырвоным” дыпломам і была рамеркавана на працу загадчыцай аптэкі ў Ждановічах. Ганна ўжо стварыла сваю сям’ю і любімай матулі падарыла ўнучку Вікторыю, якой споўніўся адзін год.
Працоўных клопатаў у Галіны Фёдараўны, вядома, хапае. Калі ж з’яўляецца вольная хвілінка, яна з задавальненнем працуе на дачы, любіць вязаць, шыць і… спяваць. Гэта захапленне з’явілася ў жанчыны яшчэ ў юнацтве, калі вучылася ў Ждановіцкай сярэдняй школе. Ахвотна наведвала музычны гурток, дзе навучылася іграць на акардэоне. Брат Галіны граў на гармоніку, і калі ўся сям’я збіралася разам, дом напаўняўся мілагучнымі мелодыямі.
— Мяркую, што ў вас як у вопытнага кіраўніка ёсць шмат важных задум, працоўных планаў…
— Вядома, — пагаджаецца Галіна Фёдараўна. — Мяркую, што наступны кіраўнік цэнтра гігіены і эпідэміялогіі зможа ажыццявіць мае задумы. У будучым вельмі хацелася б удасканаліць службу лабараторыі. Будынак цэнтра гігіены і эпідэміялогіі хочацца зрабіць яшчэ больш добраўпарадкаваным — устанавіць новыя вокны.
У Лепельскім раёне ёсць нямала населеных пунктаў, дзе няма чыстай вады. Хацелася б, каб там была пабудаваны станцыі абезжалезвання. Пажадана, каб на ўсіх гандлёвых прадпрыемствах, аб’ектах грамадскага харчавання захоўвалася належная якасць прадукцыі. Вельмі хочацца, каб парадак і чысціня былі створаны ля ўсіх устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў.
Мы пастаянна патрабуем гэта ад кіраўнікоў, і вельмі прыемна, калі нашы загады выконваюцца. Наогул жа, радасна адчуваць, што наша работа патрэбная і карысная.
Выдатны спецыяліст, вопытны кіраўнік, умелы арганізатар, цудоўная маці, бабуля і проста шчыры, адкрыты сэрцам чалавек… Як шмат акалічнасцей спалучылася ў асобе Галіны Фёдараўны! Цеплыня яе душы акрыляе, дорыць натхненне на ажыццяўленне новых планаў і цікавых задум. Няхай жа ніколі не згасае яе жыццёвы аптымізм, які дае сілы на дасягненне новых вышынь.
Святлана ВАЗНЯК.
На здымку: Галіна Фёдараўна Аўдзіевіч — выдатнік аховы здароўя.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.