Профессиональный олимп: к юбилею Николая Мисюры

У жыцці кожнага чалавека наступае перыяд, калі за плячыма засталіся дзесяцігоддзі руплівай працы, што была ўшанавана шэрагам заслужаных узнагарод, пасталелі, знайшлі сваю дарогу дзеці, радуюць поспехамі ўнукі… Вялікі прафесійны вопыт, шматлікія напрацоўкі сталі здабыткам для наступных пакаленняў. Сэрца ж радуюць шчырыя словы прызнання, асаблівай падзякі за шматгадовую працу, адданасць даручанай справе. Менавіта такім чалавекам зяўляецца Мікалай Місюра, ветэран працы, выдатны арганізатар, умелы кіраўнік, які шмат год прысвяціў развіццю Лепельшчыны. Імя гэтага чалавека вядомае практычна кожнаму жыхару раёна. У свой час Мікалай Мікалаевіч быў старшынёй райвыканкама, узначальваў Лепельскі раённы Савет дэпутатаў, а зараз, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, ён не страчвае жыццёвай энергіі і мае актыўную жыццёвую пазіцыю.
Асабіста для мяне Мікалай Мікалаевіч стаў мудрым настаўнікам, узорам асаблівай адказнасці, увагі да людзей, імкнення вырашаць іх надзённыя праблемы. Разам з гэтым чалавекам мне пашчасціла цесна супрацоўнічаць не адзін год. Паколькі я сама зяўляюся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, жыхары выбарчай аркругі звярталіся да мяне з набалелымі пытаннямі. Многія з іх мне ўдалося вырашыць аператыўна дзякуючы падтрымцы Мікалая Місюры, які ў той час быў старшынёй раённага Савета дэпутатаў. Пры гэтым кожны раз мяне ўражвала тое, з якой увагай Мікалай Мікалаевіч ставіцца да патрэб людзей. Не звяртаючы ўвагі на ўласны час, ён шукаў магчымасці для абавязковага вырашэння пытання. Не выпадкова Мікалай Мікалаевіч быў старшынёй раённага Савета дэпутатаў не 1 тэрмін.
23 лютага Мікалай Місюра сустрэне свой 70-гадовы юбілей. Вядома, што гэта свята асаблівае не толькі асабіста для яго, яго родных і блізкіх, а і для яго шматлікіх калег, людзей, для якіх ён зрабіў нямала высакародных спраў.
Шчыра вітаю Мікалая Мікалаевіча напярэдадні цудоўнага свята і прашу на некаторы час вярнуцца на некалькі дзесяцігоддзяў назад.
Шлях да прафесіі
…Маленства Мікалая прайшло ва Украіне, у сяле Вітчаўка Ровенскай вобласці. Гэта раён Палесся, які мяжуе з Брэсцкай вобласцю. Тут жа хлопец скончыў сярэднюю школу. Паколькі дзіцячыя гады прайшлі сярод непаўторных жывапісных мясцін, Мікалай заўсёды захапляўся прыродай. Як і многія вясковыя дзеці, дапамагаў бацькам у нялёгкай вясковай працы, шчыраваў на палетках. Менавіта тады, у дзяцінстве, Мікалай і вызначыўся з будучай прафесіяй. Пасля заканчэння сярэдняй школы з лёгкасцю паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, дзе атрымаў спецыяльнасць вучонага-агранома па абароне раслін.
1-м месцам працы Мікалая Мікалаевіча стала Лепельская раённая станцыя па абароне раслін. Праз некаторы час малады спецыяліст быў накіраваны на службу ва Узброеныя Сілы, служыў у складзе групы савецкіх войскаў у Германіі.
Перспектыўны кіраўнік
Вярнуўшыся з арміі, ва ўзросце 24 год Мікалай Місюра быў прызначаны старшынёй калгаса імя Чапаева. Той час Мікалай Мікалаевіч узгадвае з асаблівай цеплынёй:
— Людзі працавалі не пакладаючы рук — ад світанку да змяркання. Вядома, у кожнага з вяскоўцаў былі свае хатнія справы, раслі дзеці, але не звяртаючы ўвагі на ўласны час, яны шчыравалі на калгасных палях, рупіліся на фермах. Дзякуючы іх аптымізму і няспыннай энергіі нам удалося дасягнуць высокіх паказчыкаў і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве.
У 1980 годзе Мікалай Мікалаевіч як перспектыўны малады кіраўнік быў накіраваны на навучанне ў Мінскую вышэйшую партыйную школу. Праз 2 гады быў прызначаны намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шаркаўшчынскага райвыканкама, а пазней — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дубровенскага райвыканкама.
Аднак праз некаторы час Мікалай Мікалаевіч вярнуўся на Лепельшчыну, дзе калісьці пачынаў свой працоўны шлях. Багаты прафесійны вопыт, атрыманы за многія гады працы на кіраўніцікіх пасадах, Мікалай Мікалаевіч праявіў у час работы дырэктарам Лепельскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча №175.
У цэнтры ўвагі — патрэбы людзей
Першага студзеня 1995 года Мікалай Місюра быў прызначаны старшынёй Лепельскага раённага выканаўчага камітэта.
Вядома, час быў няпросты. У 90-я гады, пасля распаду Савецкага Саюза, перад кіраўнікамі арганізацый, прадпрыемстваў была пастаўлена задача нарасціць абёмы вытворчасці, павысіць узровень развіцця сельскай гаспадаркі, прамысловых прадпрыемстваў. Мікалай Мікалаевіч патрабаваў ад кіраўнікоў строгага выканання пастаўленых задач, умелага арганізатарскага падыходу ў рабоце з калектывамі.
Свае здольнасці Мікалай Мікалаевіч праявіў таксама ў час работы дырэктарам Лепельскага хлебазавода.
Аднак, працуючы на ўсіх пасадах, Мікалай Мікалаевіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, працаваў над вырашэннем надзённых праблем грамадзян. Не выпадкова ў 2007 годзе Мікалай Мікалаевіч быў абраны старшынёй Лепельскага раённага Савета дэпутатаў.
— Дэпутат — гэта чалавек, які не толькі адказна выконвае ўласную справу, а і імкнецца зрабіць усё магчымае для таго, каб дамагчы іншым у вырашэнні той ці іншай праблемы, — адзначае Мікалай Мікалаевіч. — Мы працавалі ў адной камандзе разам з актыўнымі, ініцыятыўнымі людзьмі, якія былі для мяне калегамі-аднадумцамі.
Практычна кожны дзень па дапамогу да Мікалая Мікалаевіча звярталіся дзясяткі людзей з розных куткоў раёна. Аказаць садзеянне ў рамонце дарогі, наладцы асвятлення, належнай рабоце тэлефоннай сувязі… Ніводзін зварот Мікалай Мікалавевіч не пакідаў без увагі.
— А інакш немагчыма, — кажа суразмоўца. — Дробязных праблем не бывае. Своечасовая і якасная дапамога — гэта паказчык работы не толькі пэўнай арганізацыі, а і ўсяго раёна.
Найлепшай узнагародай для Мікалая Мікалаевіча сталі шчырыя словы падзякі, якія грамадзяне выказвалі ў сваіх лістах на адрас рэдакцыі. Чытаючы цёплыя радкі, заўсёды пераконвалася ў тым, як важна для кожнага чалавека любіць справу, якой займаешся па жыцці.
Сямя як жыццёвая ўзнагарода
Сапраўднай узнагародай для Мікалая Мікалаевіча стала і яго сямя. Любімая жонка Людміла Васільеўна — прафесійны эканаміст, шмат год аддала працы ў банкаўскай галіне. У свой час была дырэктарам Цэнтра банкаўскіх паслуг №211 ААТ “ААБ “Беларусбанк”. Старэйшая дачка Наталля ў свой час набыла спецыяльнасці педагога, эканаміста і зараз працуе намеснікам дырэктара дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына” па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Сын Аляксандр скончыў Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт, мае спецыяльнасць эканаміста-менеджара і зараз працуе ў канструктарскім бюро “Агат” у сталіцы.
Ганарыцца Мікалай Мікалаевіч поспехамі свайго ўнука Ягора. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і зараз працуе ў тым жа канструктарскім бюро, што і дзядзька. Унук Аляксей сёлета заканчвае 11 класаў гімназіі імя І.Ерашова, у 8 класе гэтай жа ўстановы вучыцца ўнучка Ульяна. Дзяўчынка не толькі добра займаецца, а і мае шмат захапленняў, выдатна малюе.
Робяць поспехі і дзеці Аляксандра. Унук Іван — студэнт 3 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, а Арына сёлета заканчвае 11 клас.
Калі ж уся дружная сямя збіраецца разам, сэрца шчаслівага дзядулі напаўняецца асаблівай радасцю. У летні час Мікалай Мікалаевіч з задавальненнем працуе на агародзе, на працягу многіх год ахвотна займаецца паляваннем і рыбалоўствам. Летась вопытнаму рыбаку ўдалося злавіць 40 шчупакоў, а сёлета — 42. У свой час Мікалай Мікалаевіч злавіў шчупака вагой 10 кілаграмаў 800 грамаў.
Напярэдадні 70-гадовага юбілею Мікалая Мікалаевіча я перагартала многія нумары раённых газеты папярэдніх гадоў. Пра актыўную працу Мікалая Місюры расказваецца ў многіх артыкулах. З цікавасцю перачытваю іх, а ў думках ідуць шчырыя пажаданні:
— Вялікі дзякуй вам, паважаны Мікалай Мікалаевіч, за дзесяцігоддзі нялёгкай працы, за вашу адданасць даручанай справе, за тое, што ваша праца была прысвечана людзям. Няхай з вамі заўсёды будуць толькі моцнае здароўе, дабрабыт ва ўсіх справах, а кожны дзень прыносіць толькі радасць і шчасце!

Святлана ВАЗНЯК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.