Профсоюзная жизнь агропромышленного комплекса

З нагоды прафесійнага свята васьмёра работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый раёна за працоўныя заслугі атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад прафсаюза. Граматай абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адзначаны інжынер па бяспецы працы, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Вячаслаў Ляйко. Астатнія ж сямёра работнікаў атрымалі ўзнагароды ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК. Пра гэту падзею гутарым са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргеем Марціновічам.

— Сяргей Арсенцьевіч, скажыце, калі ласка, па якіх крытэрыях ацэньваліся работнікі сельскагаспадарчых арганізацый?

— Пры разглядзе кандыдатур на ўзнагароджанне нашым галоўным крытэрыем была праца на асноўным рабочым месцы, накіраванасць на добры вытворчы вынік, і толькі потым — актыўнасць па прафсаюзнай лініі. Пра кожнага з узнагароджаных магу сказаць шмат цёплых слоў, якія характарызуюць іх з самага станоўчага боку.

Вячаслаў Ляйко шмат год аддаў сельскагаспадарчай вытворчасці і зараз на пасадзе інжынера па ахове працы дзейнічае вельмі эфектыўна. За апошнія гады ў СВФ “Заазер’е” не зафіксавана сур’ёзных выпадкаў вытворчага траўматызму, рабочыя своечасова забяспечваюцца неабходным інструментам: прыладамі, вопраткай, сродкамі абароны і г.д. Вячаслаў Уладзіміравіч разам са спецыялістамі пастаянна кантралюе ўсе галоўныя вытворчыя працэсы — ад сяўбы да ўборкі, ад выпасу жывёлы да пастаноўкі яе на зімовае стойлавае ўтрыманне.

Прафсаюзная арганізацыя СВФ “Заазер’е” пад кіраўніцтвам Вячаслава таксама ў многім з’яўляецца ўзорам і прыкладам для іншых. Так, за бягучы год каля 20 работнікаў філіяла атрымалі пуцёўкі ў санаторыі пры дапамозе свайго прафсаюза. Сёлета ж для работнікаў былі арганізаваны 2 экскурсійныя паездкі. Прадстаўнікі пярвічкі ўдзельнічаюць у розных творчых і спартыўных конкурсах. Вядома, гэта мае вялікае значэнне, таму што працаўнікі пасля завяршэння будзённых спраў атрымліваюць зарад бадзёрасці і новых сіл.

Граматай раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адзначана таксама рабочая па комплексным абслугоўванні будынкаў, старшыня прафсаюза навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа Таццяна Гольдзіна. Праца пярвічнай арганізацыі каледжа на працягу многіх год наладжана на высокім узроўні, навучэнцы ахвотна ўдзельнічаюць у шэрагу мерапрыемстваў, значных не толькі для навучальнай установы, а і для ўсяго горада, раёна. Гэта і ўборка ўраджаю, і добраўпарадкаванне, і ўдзел у студэнцкіх атрадах. Па прадстаўленні пярвічнай арганізацыі кожны год атрымліваюць заслужаныя прэміі навучэнцы, якія прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і дасягаюць поспехаў у вучобе.

Год таму на прыватным прадпрыемстве, філіяле “Баброва-Агра” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” пачала дзейнічаць пярвічная прафсаюзная арганізацыя. На сённяшні дзень у яе склад уваходзіць 100 працэнтаў работнікаў. Дырэктар філіяла Вячаслаў Чувілін адразу ўзяў курс не на канфрантацыю і супрацьстаянне, як гэта робяць некаторыя кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў і арганізацый, а на канструктыўнае супрацоўніцтва. У выніку атрымліваецца плённая сумесная праца на агульны вынік — павышэнне эфектыўнасці вытворчасці пры абароне правоў і інтарэсаў працоўных.

Пра жывёлавода фермы УП “Пражэктар-агра” ў вёсцы Велеўшчына Таццяну Пшонку на старонках раённай газеты расказвалася не аднойчы. Жанчына з’яўляецца перадавіком па доглядзе маладняку буйной рагатай жывёлы. Вядома, што прадукцыйнасць каровы закладваецца яшчэ ва ўзросце цяляці, таму вельмі важна, каб яно было заўсёды сытае і здаровае.

Галіна Стрыжонак сумяшчае абавязкі адказнай пасады галоўнага бухгалтара КУВСГП “Лепельскае” з абавязкамі старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гэтага прадпрыемства. Жанчына шмат гадоў аддала сваёй прафесіі, вызначаецца асаблівай адказнасцю, карпатлівасцю і працоўнай энергіяй.

Граматы раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК ўдастоены таксама работнік ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” Яўген Шамшур. Уважлівыя чытачы, несумненна, памятаюць яго як героя шэрага рэпартажаў і заметак з палёў. Мужчына паспяхова займаецца ўсімі справамі земляробчага цыклу: і сяўбой, і ўборкай, і азімай сяўбой. Зараз жа ён у якасці слесара рамантуе тэхніку, рыхтуе яе да новага цыклу палявых работ, які пачнецца вясной.

Алег Юшко — малады работнік, майстар склада тарных грузаў філіяла “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” (былы камбікормавы завод). Па сумяшчальніцтве Алег з’яўляецца і старшынёй прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства. Паспяхова кіруе пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй прадпрыемства таксама загадчыца склада запчастак, паліва і змазачных матэрыялаў ААТ “Чарэйшчына” Наталля Кузьмічонак. Кіраўнікі прафсаюзных ячэек працуюць разам з працоўным калектывам, адміністрацыяй дзеля галоўнага — наладжвання эфектыўнай вытворчасці, бо толькі яна з’яўляецца залогам дабрабыту і значных прыбыткаў.

Мы ж, прадстаўнікі раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК, са свайго боку таксама імкнёмся па меры сіл і магчымасцяў дапамагаць рабочым і адміністрацыі знайсці кропкі эфектыўнага ўзаемапаразумення і ўзаемадзеяння, каб сумесная праца давала багаты плён.

Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ад усёй душы віншую ўсіх працаўнікоў галіны з прафесійным святам. Найперш хочацца пажадаць моцнага здароўя, бадзёрага настрою і дабрабыту ў сем’ях. Разам, аб’яднаўшы свае намаганні, мы зможам дасягнуць яшчэ большых поспехаў у працы.

Інтэрв’ю правёў Васіль МАТЫРКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.