Производственный участок по переработке масличных культур

img_6281Філіял “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” выкупіў некалькі памяшканняў у былым вайсковым шпіталі і арганізаваў там вытворчы ўчастак па перапрацоўцы алейных культур. Навіна пакінула больш пытанняў, чым адказаў. Што падштурхнула прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вытворчасці мяса, мясапрадуктаў і мясных паўфабрыкатаў, да зусім няпрофільнай дзейнасці — адціскання алею?

Мала проста ўзяць насенне сланечніку ці рапсу і выціснуць з яго алей. Трэба яго ачысціць да кандыцыі, прыдатнай у продаж, варта задумацца пра разліванне ў бутэлькі. А колькі часу, сіл і грошай займе сертыфікацыя і афармленне ўсіх дакументаў для допуску на рынак харчовых прадуктаў — можна толькі здагадвацца. З гэтымі і іншымі пытаннямі накіраваўся да дырэктара філіяла Ігара Тарана. Той адразу патлумачыў:
— У вас не зусім вернае ўяўленне пра спецыфіку вытворчасці. Давайце пачнём з самага пачатку.
Асновай для вырабу камбікорму з’яўляецца зерне. Выбіраецца пшаніца, ячмень, трыцікале, жыта, авёс — усё па класіфікатары рэцэптаў, у залежнасці ад таго, які від жывёлы плануецца карміць, якога ўзросту, полу. Затым уносяцца дабаўкі, каб корм быў збалансаваны, максімальна пажыўны. У залежнасці ад віду і рэцэпту камбікорму доля дабавак можа вар’іравацца ад аднаго да 25 працэнтаў, а то і вышэй.
У камбікармы дадаецца макуха (рус. — жмых), адціснутая з зерня рапсу, семачак сланечніку, бабоў соі. Мы закуплялі макуху і шроты ў асноўным з-за мяжы, з Расіі, Украіны.
З мэтай эканоміі сродкаў і аптымізацыі выдаткаў на вытворчасць асноўнай прадукцыі мы зрабілі наступны ход. Выкупілі памяшканні, закупілі неабходнае абсталяванне і цяпер можам самі адціскаць алейнае зерне, атрымліваць неабходныя дабаўкі.
img_6278— Наколькі гэта выгадна?
— Паводле нашых папярэдніх падлікаў, эканомія ў параўнанні з пакупкай гатовых макухі і шротаў павінна скласці як мінімум 30 працэнтаў. У жніўні-верасні, калі сельгасвытворцы масава ўбіраюць ураджай, цэны на збожжа, у тым ліку і на насенне алейных культур, істотна зніжаюцца. Гэта пара масавых закупак. Мы ўжо, дарэчы, набылі некалькі тысяч тон насення сланечніку і соі, заклалі іх на захоўванне на сваіх складах. Цяпер можам перапрацоўваць. Вось так і атрымліваецца эканамічны эфект. Нават з улікам расходаў на дастаўку і захоўванне самастойны выраб істотна больш выгадны, чым пакупка гатовай макухі.
— А рапс?
— Сёлета ў склад холдынга “Славянскі Велес” уключаны землі былога КУВСГП “Баброва”, там у бягучым годзе вырасцілі больш за дзве тысячы тон рапсу. Гэтым мы закрылі прыблізна палову гадавой патрэбы прадпрыемства, другую палову будзем дакупляць. Вырошчваць рапс для нас таксама выгадна. Пры прыблізна суадносных расходах на вырошчванне, скажам, з пшаніцай, закупачная цана адрозніваецца істотна. Тону фуражнай пшаніцы куплялі за 220 — 250 рублёў, а тону рапсу — за 720 рублёў.
* * *
img_6279Атрымаўшы неабходную пачатковую інфармацыю, рушыў непасрэдна на аб’ект — у былы вайсковы шпіталь. Алеяперапрацоўчым участкам кіруе Андрэй Пазняк, ён і стаў гідам па цэху.
У вялікім памяшканні зманціравана пяць ліній. Тры прызначаны для перапрацоўкі соі, адна для рапсу і адна для сланечніку.
— Кожная лінія, — расказвае Андрэй Пазняк, — спецыялізаваная, узаемазамяняльнасці няма. Гэта звязана з тэхналагічнымі тонкасцямі, растлумачваць надта доўга. Хіба што на соевай можна перапрацоўваць насенне лубіну.
На момант прыходу карэспандэнта была задзейнічана лінія па адцісканні насення сланечніку. Семачкі падаюцца на першы адціскальны апарат, які выдаляе больш за палову алею. Затым маса драбніцца на спецыяльным экструдары і падаецца на другі адціскальнік, дзе адбываецца канчатковае выдаленне алею. Атрыманая макуха зноў драбніцца і шнэкам падаецца ў выгрузную секцыю, адкуль будзе загружана ў аўтамабіль і вывезена на камбікормавы завод.
Абсталяванне было закуплена ва Украіне на фірме “BRONTO”. Яшчэ з часоў Савецкага Саюза ва Украіне вырошчвалі алейныя культуры. Для іх перапрацоўкі выраблялася і адпаведнае абсталяванне, у першую чаргу прэсы для адціскання алею і экструдэры-драбілкі. На момант прыезду карэспандэнта ў цэху працавала брыгада ўкраінскіх наладчыкаў. Яны праводзілі апошнія настройкі, рэгулявалі алеяадціскальны прэс.
З лепяльчан, акрамя Андрэя Пазняка, былі яшчэ трое работнікаў: загрузчык-выгрузчык Мікалай Дзямко і прэсоўшчыкі Аляксандр Яцко і Сяргей Карабань.
— Мяркуецца, што ўсяго тут будуць працаваць 15 чалавек. Тэхналагічны працэс прадугледжваецца неперарыўны, абсталяванне непажадана прыпыняць. Экструдар, калі спыніць яго работу, праз некалькі хвілін забіваецца парэшткамі. Яго потым, каб зноў запусціць, трэба разбіраць і прачышчаць, а гэта недаравальныя затраты часу. Таму плануем працаваць у тры змены. Асаблівы кантроль патрабуецца за лініяй перапрацоўкі сланечнікавай семачкі.
Абсталяванне пачалі завозіць у Лепель у пачатку восені, а ўжо 20 лістапада былі праведзены пробныя пускі, выдадзены першыя тоны прадукцыі. Дарэчы, алей таксама можа выкарыстоўвацца ў вытворчасці камбікармоў. Так што атрымліваецца амаль безадходная вытворчасць.
За гэты час перапрацавана 910 тон соі, 200 тон лубіну, 400 тон рапсу, наладжваецца сланечнікавая лінія. А агулам участак за суткі можа перапрацоўваць да 120 тон.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: змена алеяперапрацоўчага ўчастка; наладчык Андрэй Якуненка змацоўвае дэталі шпількамі; Сяргей Карабань.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.