Пры абмеркаванні лепяльчанамі ў сацыяльных сетках і інтэрнэце свята Дня горада часта ўзгадваўся мінскі клуб гістарычнай рэканструкцыі “Гівойт”

301Пры абмеркаванні лепяльчанамі ў сацыяльных сетках і інтэрнэце свята Дня горада часта ўзгадваўся мінскі клуб гістарычнай рэканструкцыі “Гівойт”. У станоўчым кантэксце.

Жыхарам горада спадабаліся старажытныя ваяры ў латах і зброяй у руках. Нельга ўпускаць момант, пазнаёмімся с гасцямі бліжэй, якія давалі майстар-класс лепельскай дзятве побач з фантанам.
— Юрый Усціновіч, — прадстаўляецца мужчына ў даспехах заможнага магната сярэдзіны пятнаццатага стагоддзя.
— Юрый, расскажыце пра ваш клуб.
— Клуб гістарычнай рэканструкцыі “Гівойт” заснаваны дваццаць другога верасня 2008 года. Займаемся рэканструкцыяй матэрыяльнай і духоўнай культуры Вялікага княства Літоўскага, у тым ліку даспехаў, касцюмаў і прадметаў побыту. На базе клуба праводзім настольныя гульні, спартыўныя заняткі і многае іншае.
— Як расшыфраваць вашу назву?
— Гівойт — свяшчэнныя змеі ў Беларусі і Літве. Гісторык Стрыйкоўскі расказвае, што бачыў падзямелле пад галоўным алтаром у віленскай кафедральнай царкве, дзе ў паганскія часы трымалі і кармілі свяшчэнных змей. Гівойт — сімвал вечнасці. Людзі раней думалі, што змеі не паміраюць, скідваюць скуру і адраджаюцца для новага жыцця.
— Колькі слоў пра сябе.
— Доўгі час быў заснавальнікам і кіраўніком народнага тэатра гістарычных строяў “Полацкі звяз”, выкладаў у Полацкім універсітэце. Па жыццёвых абставінах пераехаў у сталіцу, зараз прадстаўляю “Гівойт”.
— Самі робіце даспехі?
— Так. Проста часам даводзіцца выбіраць: біцца на рыцарскіх турнірах альбо рабіць зброю. На ўсё разам, на жаль, не хапае часу.
— Калі не сакрэт, які кошт вашых латаў?
— Усё маё ўзбраенне каштуе прыкладна тры тысячы долараў. Дарэчы, вага іх таксама немаленькая — сорак пяць кілаграмаў.
— Наколькі ведаю, рыцарскі рух вельмі развіты ў скандынаўскіх краінах…
— Сапраўды. Сам неаднойчы бываў на фэстах і рыцарскіх турнірах не толькі ў Прыбалтыцы, але і ў Швецыі, Нарвегіі. Асабліва іх цікавіць тэматыка вікінгаў, што зразумела.
— Гэта хобі альбо стыль жыцця?
— Цяжка адказаць. Пэўна, другое. Ведаць сваю гісторыю, ганарыцца сваёй мовай — натуральна для кожнага беларуса, — кажа Юрый.
Яўген МУДРЫ.
На здымку: выступленне клуба “Гівойт”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.