Прыпар на лепельскіх сенажацях

Праца на сенажацях у ААТ «Лядна» вядзецца амаль кругласутачна, крыху замаруджваючыся на ноч. Ад рання з мехдвара ў поле выязджае на магутным МТЗ-3022 Сяргей Маліноўскі. Касілкай КПР-9 за дзень ён скошвае больш за дзесяць гектараў. Практычна Сяргей адзін скасіў усе сенажаці.
Следам за касілкай выязджае невялікі МТЗ-82 з граблямі. Яго задача — падварушваць скошаную травяную масу, каб яна падвяльвалася, а таксама збіваць яе ў валкі. Гэта работа Алега Шапо.
Здрабненнем травяной масы займаюцца два агрэгаты, дакладней два трактарысты — Юрый Нікіфараў на КВК-800 і Станіслаў Смажэўскі на КГ-6. Здавалася б, двое павінны наступаць на пяткі і аднаму трактарысту з граблямі, і аднаму касцу. Аднак і Сяргей Маліноўскі, і Алег Шапо так добра выконваюць сваю справу, што здрабняльшчыкі ледзьве паспяваюць за імі.
На адвозцы задзейнічаны чатыры адзінкі трактароў з прычэпамі. Імі кіруюць Андрэй Трайко, Генадзь Ладзік, Аляксандр Багданаў і Аляксандр Шумаеў. Да самага позняга вечара возяць яны здробненую масу да траншэй. У гаспадарцы спрабавалі задзейнічаць і аўтамабілі, але размяклая пад дажджамі глеба не трымае МАЗа, буксуе тэхніка.
Трамбуе траншэі пагрузчык “Амкадор”. Трактарысты працуюць на ім пазменна, бо такое тэхналагічнае патрабаванне — трамбаванне павінна быць кругласутачным на ўсім працягу закладкі сенажу. Удзень на трактары працуе прыкамандзіраваны з дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына” Уладзімір Высоцкі, а па начах — Аляксандр Арынахін з “Лядна”.
Закладзена больш за тры з паловай тысячы тон сенажу, што складае больш за 50 працэнтаў ад запланаванага.
— Уладзімір Васільевіч, як вы ацэньваеце якасць назапашанага корму?
— Пра гэты паказчык гаварыць пакуль што рана. Ён стане наглядна бачны толькі ўвосень, калі будуць ускрытыя сянажныя траншэі і пачнецца скормліванне жывёле. Пакуль мы можам толькі канстатаваць, што тэхналагічныя параметры выкананы належным чынам. Маса закладвалася пры вільготнасці каля 50 працэнтаў, трамбаванне вядзецца кругласутачна.
— Дзе сканцэнтраваны запасы кармоў?
— Як і належыць, у непасрэднай блізкасці ад іх спажыўцоў, кароў і цялят, ля фермаў. Ля фермы ў Казіншчыне закладзена траншэя масай 1568 тон. Ля старалядненскага комплексу першая траншэя ўмясціла ў сабе 760 тон, другая — 606 тон. Зараз запаўняем трэцюю.
— А што з сенам?
— Яго назапасілі мала — каля 20 тон. Ды і тое не самай лепшай якасці. Галоўная перашкода — дрэннае надвор’е, штодзённыя дажджы.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.