Прызванне

407Калі завітаў у Пышнянскі фельчарска-акушэрскі пункт (ФАП), то, на жаль, не застаў на месцы загадчыцу гэтай медыцынскай установы Ганну Кулевіч. Яна тэрмінова выехала па выкліку да хворай у адну з навакольных вёсак. Давялося крыху пачакаць. І не дарэмна. Праз некаторы час да ФАПа пад’ехала аўтамашына, па знешнім выгля­дзе вельмі падобная на звычайную “хуткую дапамогу”. Адтуль выйшла Ганна Пятроўна і накіравалася ў службовы пакой, дзе яна звычайна прымае наведвальнікаў.
— Патэлефанавала пен­сіянерка Ніна Крывец з вёскі Крыўцы, якая паскардзілася на высокі крывяны ціск, дрэннае самаадчуванне і папрасіла аказаць ёй тэрміновую медыцынскую дапамогу, — паведаміла Ганна Кулевіч. — Прыйшлося аператыўна дабірацца да хворай. Вадзіцель нашай спецыялізаванай медыцынскай аўтамашыны Міхаіл Загорскі — вопытны спецыяліст, падтрымлівае транспарт у выдатным стане, працуе ў нас ужо больш за дзесяць гадоў — даставіў мяне па прызначэнні вельмі хутка. Зрабіла Ніне Кандратаўне ўкол, дала выпіць лекі, пасля чаго ёй стала лепш.
— А што робяць жыхары навакольных вёсак у начны час, калі не працуеце?
— Выклікаюць “хуткую дапамогу” з Лепеля.
— Ці вялікая зона абслугоўвання Пышнянскага ФАПа?
— Акрамя самога Пышна, сюды ўваходзяць вёскі Убярцы, Зароўе, Пунішча, Крыўцы, Ассё, Навасёлкі, Поплаўкі, Крыўцы, Студзёнка, Забор’е, Забалацце, Зацякляссе, Мядзвёдаўка — усяго дваццаць пяць населеных пунктаў.
— Якая матэрыяльная база медыцынскай установы?
— Ёсць працэдурны кабінет, асобны пакой для лячэння хворых дзённага стацыянара, фізкабінет. Належным чынам абсталяваны кабінет зубнога ўрача, які прымае хворых па аўторках і чацвяргах. Дарэчы, у 2012 годзе быў зроблены капітальны рамонт у нашай медыцынскай установе, у тым ліку ў належны стан была прыведзена мэбля. Наш ФАП зараз выглядае па-сучаснаму, у ім светла і ўтульна.
— Калі бывае ўрач агульнай практыкі?
— Па пятніцах да нас прыязджае і вядзе прыём хворых загадчык Старалепельскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Віктар Іванавіч Ункоўскі.
Ганна Кулевіч — вопытны медыцынскі работнік, якая аддала гэтай нялёгкай, але вельмі патрэбнай людзям справе дзясяткі гадоў свайго жыцця. У 1968 годзе скончыла Полацкае медыцынскае вучылішча. Дарэчы, у Пышне Ганна Пятроўна працуе з 1992 года.
З цеплынёй і задавальненнем расказала Ганна Кулевіч пра сваю сям’ю. Яе муж быў афіцэрам, незадоўга перад выхадам на пенсію яго перавялі служыць у Бароўку. На жаль, ён ужо пайшоў з жыцця. Ганна Пятроўна вырасціла дзвюх дачок — Анастасію і Таццяну. З замілаваннем і радасцю распавяла пра свайго любімага ўнука Максіма.
Хаця Ганна Кулевіч ужо даўно дасягнула пенсійнага ўзросту, яна працягвае плённа працаваць, аказваць неадкладную медыцынскую дапамогу жыхарам дзясяткаў аддаленых вёсак Лепельскага раёна.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Ганна Кулевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.