Психически больной Максим яростно отломал ножку от стола и налетел на компаньона

960_0_3_789ef00656cb53b6a14b4570152d457c_xl З незнаёмцамі будзьце асцярожныя. Не кожнаму давяраць можна. Колькі людзей, столькі і характараў. У тым пераконвае і наш аповед. Прозвішчы персанажаў зменены, але падзеі насамрэч адбываліся ў Лепелі.

Максім Рыбчанка быў нездаровы. І гэта мякка сказана. Меў ён другую групу інваліднасці, быў прызнаны недзеяздольным па прычыне псіхічнага захворвання. Чалавек сам па сабе небяспечны для іншых, асабліва калі вып’е. Тады яму зданькі мрояцца і мора па калена здаецца. Часам нават іншапланецяне атакуюць небараку. Словам, той яшчэ фантазёр.
Віктар Ляшэнка пра гэта не ведаў. Калі б ведаў — за кіламетр бы абышоў таго чалавека. Аднак усё здарылася так, як наканавана было. Стрэлкі гадзінніка набліжаліся да 22.00. Час спаць, адпачываць. Ды нашы будучыя партнёры па выпівоне рухаліся зададзеным курсам. Курсы перасекліся ў тагачаснай краме “У Мацешы”. У чарзе пазнаёміліся. Купілі дзве пляшкі віна. І пачак пячэння. На мясную закуску, відаць, грошай не наскраблі. А дабавіць дужа карцела. Трубы гарэлі, у роце жарства. Суха.
Куды падацца? Максім гасцінна запрасіў новага знаёмца ў свае апартаменты.
— Давай да мяне. Адзін жыву, тутака недалёка. Дах над галавой, што яшчэ трэба.
— Ды няма праблем, — хуценька пагадзіўся Віктар. — Не пад кустом жа сядзець. Умовы спартанскія. А раптам вецер з дробнай снежнай церухой наляціць. Ніякага кайфу. Ды і ночы такія халодныя — бррррр.
Ляшэнка быў апрануты не па сезоне. Цела праціналі мярзотныя дрыжыкі. Сакавік не радаваў асаблівым цяплом. Асабліва ноччу. “Вось пракаўтну пару кропель і сагрэюся”, — абнадзейваў сябе мужчына.
Зайшлі ў хату. Віктар сеў на канапу, а гаспадар асядлаў мяккае крэсла. Усё ішло як належыць. Сабраліся мужыкі цёплай гаваркой кампашкай, расслабон замуцілі. Да пары да часу нічога не прадказвала бяды. Пілі вялікімі глыткамі.
— Нічога сабе вінцо, — нахвальваў пітво Віктар. — Хаця раней больш “забойнае” было. Хоць і называлі яблычны напой “чарвіўкай”, ды сок дабаўлялі натуральны, а цяперака, кажуць, суцэльная хімія.
Раптоўна без дай прычыны завіравала спрэчка. Выпівохі нават пасля ўспомніць не маглі, што ж паслужыла адпраўной кропкай трагедыі. Псіхічна хворы Максім раз’юшана адламаў ножку ад стала і з грознай зброяй, нібы каршун, наляцеў на кампаньёна. І пасыпаўся каскад удараў. Біў па ўсім целе. Без перадышкі. Невядома, што прытрызнілася хворай галаве. Магчыма, забіў бы небараку, але нешта пайшло не так, Максім вужакай выслізнуў на вуліцу. Стукаўся ў вокны да суседзяў, прасіў дапамогі. Крычаў. Пазваніў да сястры. Яму трызніліся нейкія вайскоўцы на вуліцы. Нібыта атакавалі яго, хацелі прыстрэліць. Там яго і затрымалі работнікі міліцыі. Мужчына трымаў у руках скрываўленую чатырохгранную палку. Важкую такую.
— Кідай палку! — выгукнуў міліцыянер.
Максім выканаў загад.
Міліцыянеры зайшлі ў дом. У адным з пакояў нерухома сядзеў чалавек. З разбітай галавы цурчэла кроў. Чырвоныя плямы расплыліся па адзенні і падлозе. Жудаснае відовішча. Пералік траўмаў займае ці не паўаркуша. Пералічваць не будзем. Пашкадуем нервы нашых чытачоў.
Па сваім псіхічным стане Максім Рыбчанка быў непадсудны. Ад крымінальнай адказнасці быў вызвалены па медыцынскіх паказаннях. Да яго прыменены меры прымусовага лячэння ў псіхіятрычным стацыянары з суровым назіраннем.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.