Психолого-психиатрическая экспертиза

podpisanie-kontrakta— На старонках раённай газеты не аднойчы чытала аб рабоце Лепельскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь. Хацелася б даведацца, ці праводзіцца ў аддзеле комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза асобы, якая ўчыняе маёмасную здзелку, і якім чынам магчыма яе прайсці, — з такой просьбай звярнулася на адрас рэдакцыі наша чытачка Таццяна Міхно.
Каб атрымаць адказ на гэта пытанне, мы звярнуліся да начальніка Лепельскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Казлова, які адзначыў:
— У рамках асвятлення пытанняў, якія датычаць аказання экспертных паслуг, існуе парадак правядзення экспертызы непасрэдна перад учыненнем адпаведнай здзелкі з афармленнем заключэння аб здзелказдольнасці грамадзяніна. Мы будзем рады дапамагчы пры звароце па пытаннях, якія датычаць дадзенай катэгорыі экспертных даследаванняў.
— Для якіх жа мэтаў вызначаецца здзелказдольнасць?
— Здзелказдольнасць вызначае магчымасць чалавека ў галіне падпісання грамадзянскіх і прававых здзелак на перыяд учынення адпаведнага дзеяння.
— Каму ж неабходна атрымаць такое заключэнне?
— Асноўныя заказчыкі такіх экспертыз — грамадзяне, якія збіраюцца звярнуцца да натарыуса ў дзяржаўныя натарыяльныя канторы, рыэлтарскія кампаніі, агенцтвы па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.
Другая катэгорыя грамадзян, якім неабходна ўстанаўленне здзелказдольнасці, гэта рыэлтарскія кампаніі, агенцтвы па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, што праводзяць здзелкі куплі-продажу кватэр, дамоў і іншых аб’ектаў нерухомасці, непакоячыся аб юрыдычнай чысціні здзелак і сваёй дзелавой рэпутацыі. Перад падпісаннем дакументаў яны рэкамендуюць сваім кліентам прайсці экспертызу.
Да трэцяй катэгорыі адносяцца натарыусы, якія яшчэ больш, чым рыэлтары, зацікаўлены ў захаванні сваёй дзелавой рэпутацыі. Нават пры невялікай падазронасці на наяўнасць у аднаго з бакоў здзелкі псіхічнага адхілення, саматычнага захворвання, у тым ліку перанесеных інсультаў, траўмаў галавы, іншых захворванняў, якія могуць аказаць уплыў на псіхічны стан, пры недастатковым разуменні юрыдычнага боку здзелкі, наяўнасці некалькіх прэтэндэнтаў на спадчыну яны накіроўваюць грамадзяніна на псіхіятрычную экспертызу ў экспертную ўстанову для атрымання паўнацэннага і матываванага заключэння аб яго здзелказдольнасці.
Да чацвёртай катэгорыі грамадзян, якія могуць прайсці псіхолага-псіхіятрычную экспертызу, адносяцца грамадзяне пажылога ўзросту. Перш, чым аформіць завяшчанне, дарэнне, рэнту сваёй кватэры або іншай нерухомасці спадчыннікам, яны звяртаюцца на адрас нашай экспертнай установы для праходжання псіхіятрычнай экспертызы, атрымання заключэння аб сваёй здзелказдольнасці і фіксавання свайго псіхічнага стану (як кажуць “пры здаровым розуме і добрай памяці”), свабоднай волі, свайго выбару на карысць таго ці іншага роднага, блізкага чалавека.
— Дзмітрый Мікалаевіч, хто канкрэтна праводзіць псіхіятрычную экспертызу?
— Комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза праводзіцца камісіяй высокапрафесійных экспертаў-псіхіятраў, экспертам-псіхолагам. Афармляецца матываванае заключэнне аб здзелказдольнасці грамадзяніна на аснове не толькі агляду, апытання асобы, а таксама даследавання медыцынскай дакументацыі, прадстаўленай на экспертызу.
Адзначу, што наяўнасць у грамадзяніна названага дакумента — гэта не даніна модзе, а жыццёвая неабходнасць, магчымасць пазбегнуць больш сур’ёзных судовых наступстваў.
Усе неабходныя звесткі можна атрымаць у Лепельскім міжраённым аддзеле Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, які знаходзіцца па адрасе: г. Лепель, вул. Войкава, 95, каб. №3, або па тэлефоне 4-17-41.
— Вялікі дзякуй, Дзмітрый Мікалаевіч, за змястоўную інфармацыю.
Інтэрв’ю правяла
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.