Пуцёўка ў армейскае жыццё ў Лепелі

IMG_1001 У той час, калі ў розных кутках зямлі ўспыхвае вогненнае полымя вайны, кожная дзяржава павінна мець узброены ахоўны шчыт. Такім тылам для Беларусі з’яўляюцца Узброеныя Сілы. Служыць будуць і навабранцы, якія лістападаўскім днём атрымалі пуцёўкі ў армейскае жыццё.

Перад пачаткам святочнага мерапрыемства ў зале раённага Дома культуры ваенны камісар Лепельскага і Ушацкага раёнаў Васіль Шапка зачытаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Загад Міністра абароны аб чарговым прызыве на ваенную службу.

— Служыць – пачэсны абавязак кожнага мужчыны. Беларусь мае баяздольную, адукаваную армію. Той факт, что служыць вы будзеце падчас 70-годдзя Вялікай Перамогі, накладвае на вас дадатковую адказнасць. Шмат каму з вас выпадзе гонар несці службу на свяшчэннай лепельскай зямлі. Зямлі, якая амыта крывёю вашых прадзедаў і дзядоў.  Узброеныя сілы – адзін з галоўных інстытутаў чалавека. Завяршыце яго дастойна. Няхай зброя страляе толькі на вучэннях, — сказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра.

— Бог не ў моцы, а ў праўдзе. Мы ніколі не праяўлялі ніякай агрэсіі ў дачыненні да іншых краін. Любая вайна гэта зло. Яна прыносіць бяду, слёзы ў кожны дом. Мы не вучымся на сваіх памылках і ў свеце не стала больш спакойна. Кожны з нас разумее, што ваенны канфлікт можа разгарнуцца ў імгненне. Аднак калі мы не жадаем карміць сваю армію, мы будзем карміць чужую, — адзначыў святар храма Праабражэння Гасподня айцец Сергій Ляшкевіч.

IMG_0987 — Мы праводзім вас у шэрагі Узброеных Сіл, вы прымеце воінскую прысягу, возьмеце ў рукі зброю. Жадаю вам, каб вы служылі толькі ў мірную часіну. Я ў свой час выконваў інтэрнацыйны абавязак у Афганістане. Самае жудаснае на вайне – размаўляць з паплечнікам і сябрам, а праз нейкі час адпраўляць яго “грузам 200” на радзіму, — словы старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Сяргея Крывяля.

Намеснік камандзіра 427 рэактыўнага палка па ідэалагічнай рабоце Андрэй Пятрышчаў распавёў пра баявыя будні вайскоўцаў. Малодшы сяржант Аляксандр Хмялькоў і сяржант Дзмітрый Дзятлаў расказалі пра сваю службу, выезды на ваенныя палігоны ў саставе рэактыўнай сістэмы залпавага агню “Ураган”.

Шмат хто з маладога папаўнення паспелі зарэкамендаваць сябе як адказныя і добрасумленныя работнікі. Цяжка адпускаць іх з працоўных месцаў, але трэба. Прадстаўнікі працоўных калектываў ЛКУВП ЖКГ “Лепель”, КУВСГП “Баброва”, ЛКВПМС “Лепельскае ПМС”, філіяла АТП №14, раённага вузла электрычнай сувязі павіншавалі сваіх работнікаў і ўручылі ім памятныя падарункі.

На працягу свята гледачоў радавалі музычнымі падарункамі Ганна Лебедзева, Алеся Тарасевіч, Марына Клачкова, вакальная група народнай эстраднай студыі “Святлана”.

Напрыканцы мерапрыемства Васіль Шапка ўручыў пяцьдзясят пяць павестак будучым абаронцам Айчыны.

Яўген МІКАЛАЕЎ.

IMG_0998

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.