Пусть старинные вещи не пылятся по шуфлядах и чердаках

img_1287 У Поўсвіжскай школе збіраюцца адчыняць этнаграфічны музей. Тут больш лагічна было б заміж кропкі паставіць пытальнік, бо яшчэ не ўсё да канца зразумела. Ці хопіць сіл, рэсурсаў, энергіі стварыць паўнавартасны музей? Ці справа абмяжуецца музейным пакоем, так званай “беларускай хаткай”? Час пакажа. Пакуль жа работа на стадыі падрыхтоўкі. Прыемна, што ў людзей, якія ёй займаюцца, хапае энтузіязму замахвацца на вялікае і разлічваць на максімальнае.

А “замахнуліся” тут — на мінуўшчыну. Нездарма кажуць, што без мінуўшчыны няма будучыні. Падрыхтоўку ўзначаліла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Карабань. Яна фактычна і была ініцыятарам.
— Чаму менавіта вы ўзяліся за гэтую справу? — пытаюся ў Святланы Анатольеўны. — Здавалася б, выкладаеце ў малодшых класах, па спецыяльнасці — практычны псіхолаг. А тут раптам — тэма нацыянальнага адраджэння.
— А чаму і не ўзяцца? Мы ўсе беларусы, большасць — з вёсак. І нас павінна хваляваць пытанне захавання нацыянальнай спадчыны. Мне, напрыклад, усё гэта вельмі блізка. Я сама з Гомельшчыны, расла ў такім асяродку, дзе ўсяму гэтаму ведалі кошт. Блізкія, суседзі, знаёмыя не толькі захоўвалі беражліва рэчы побыту сваіх бабуль і дзядуль, але і часта імі карысталіся, бо гэтыя рэчы вельмі зручныя, практычныя. Як цяпер памятаю, напрыклад, скрыначкі з пляцёных яловых карэньчыкаў. Я заўсёды марыла заняцца этнаграфіяй, сабраць гэта ўсё разам, паказваць, навучыць дзяцей ганарыцца мінулым.
— Што ўжо зроблена?
— Па-першае, мы знайшлі ў школе прыдатны для гэтага пакой. Давялося яго крыху стылізаваць пад “рэтра”. Замуравалі вялікае акно, пакінулі такое акенца, якое звычайна было ў сялянскіх хатах, пабялілі сцены, пачынаем рабіць макет вясковай печы.
— А ці ўжо ёсць чым хатку абставіць?
— Яшчэ ў пачатку гэтага года аб’явілі акцыю “Падары школе мінулае”. Дзеці панеслі ў школу рэчы, якімі карысталіся іх дзяды і прадзеды, балазе яшчэ шмат у навакольных вёсках захавалася падобных рэчаў. Цяпер у нас ёсць каромысел, дзве прасніцы, верацяно, прасы, якія раздзьмухваюць з дапамогай вугольчыкаў і шмат-шмат чаго іншага. Лік пайшоў на дзясяткі экспанатаў.
— Хто з дзяцей праявіў найбольшую актыўнасць?
— Вельмі дапамог чацвёртакласнік Улад Місун. Хлопчык не мясцовы, з Грыгаравічаў, толькі нядаўна прыйшоў да нас у школу. Не магу не назваць другакласніка Ігара Іванова, які разам з маці дапамагае будучаму музею. Маці часта бывае ў школе. Прынеслі і навалочкі, і серп.
— А ці дапамагаюць дарослыя?
— Толькі хацела казаць, што не адны дзеці, а і настаўнікі актыўна падключыліся да акцыі. Да прыкладу, настаўніца Ларыса Віктараўна Хвясько прынесла вялізную скрыню, так званы куфар, які належыў мясцовай жыхарцы Марыі Данілаўне Ігнатовіч. А дырэктар Карпіцкі ахвяраваў этнаграфічнаму музею драўляную дзежку.
Хачу заўважыць, што гэта было не адзінае ахвяраванне. Анатоль Міхайлавіч збіраецца са сваёй радзімы, з Магілёўшчыны, прывезці драўляную калыску, у якой сам жа гадаваўся. Калыска нагадвала карыта, якое падвешвалі пад столь. Памятаеце, у Аркадзя Куляшова:
Я хаце абавязаны прапіскаю —
Калыскаю, падвешанай пад столь.
Я маці абавязан кожнай рыскаю,
Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю —
Усім, чым працы абавязан стол.
Ды і сама Святлана Анатольеўна прынесла ў музей ручнік, які ткала да вяселля яе прабабуля Маўра.
Урэшце, у Поўсвіжскай школе робяць тое, што ўжо ў іншых ёсць даўно — вяртаюць мінулае ў лепшым яго праяўленні. Этнаграфічныя “беларускія хаткі” можна пабачыць шмат дзе. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што і ў Поўсвіжы раней, калі тут працавала настаўніца Марыя Андрэеўна Грыдзюшка, падобны этнаграфічны куток існаваў. А потым рэчы кудысьці пазнікалі. Чым жа зараз хочуць здзівіць грамадскасць нацыянальна свядомыя паўсвіжане? Сістэмнасцю. Яны кажуць, што ў музеі не будзе сімбіёзу эпох. Ствараецца менавіта экспазіцыя сялянскага побыту канкрэтнай эпохі.
Калі пакідаў бібліятэку, дзе пакуль часова захоўваюцца ўсе сабраныя рэчы, нечакана падумаў: вось бы хораша было, каб гэтыя рэчы яшчэ і запрацавалі — закруціліся прасніцы, засоўгаліся верацёны. Каб было каму не толькі паказаць, але і даць майстар-клас народных рамёстваў сучасным дзецям. Вось і Святлана Пшонка марыць навучыцца прасці, як умела яе прабабуля. Але ўжо і тое, што старадаўнія рэчы запрацуюць на будучыню і будуць самі па сабе выхоўваць у дзяцей пачуццё Радзімы — вялікая справа. Магчыма, у вас нешта там яшчэ такое заляжалася на гарышчы ці ў шафе. Дапамажыце поўсвіжскім энтузіястам. Няхай старадаўнія рэчы не пыляцца па шуфлядах і гарышчах, а працуюць на будучыню.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Святлана Карабань дэманструе экспанаты будучага этнаграфічнага музея.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.