Путешествие на остров

ostrov1З прыходам цёплых вясновых дзён многія пачынаюць задумвацца, дзе правесці свой водпуск, каб гэта было карысна і прыемна для душы. Вядома, у гэты перыяд хочацца атрымаць сілу для далейшай працы і добрыя ўражанні на цэлы год. У перыяд пандэміі многія лепяльчане пачалі засмучацца, што не змогуць наведаць іншыя краіны
і як след адпачыць.

Ад знаёмых неаднаразова чула, што складана выседзець дома ў выхадныя, хочацца наведаць іншы горад, не кажучы ўжо пра замежжа.
Аднак ёсць і катэгорыя людзей, якія не сумуюць у гэтыя складаныя часы, з імі і вырашыла пагутарыць:
— Гэта не значыць, што трэба ляжаць на канапе, калі не пажадана хадзіць на рынак, у магазіны і да сяброў. Можна і дома знайсці шмат цікавых заняткаў. У звычайныя выхадныя заўсёды не хапала часу на прыгатаванне ежы. Цяпер жа яго дастаткова. Мы разам з сям’ёй нарабілі пельменяў на цэлы тыдзень — і вельмі задаволеныя. Гэта таксама добрая нагода, каб пабыць усёй сям’ёй разам, паглядзець цікавы фільм ці нават пагуляць у сямейную настольную гульню, — кажа лепяльчанка Тамара Міхно.
— Мы з дачкой пачалі займацца ёгай. Да гэтага заўсёды не хапала часу. Дзякуючы фізічным трэніроўкам можна падтрымліваць сваё цела ў добрай форме. Можа, і ўнушыла сабе, але самаадчуванне палепшылася. Не магу растлумачыць, чаму раней шмат хадзіла па магазінах, штосьці купляла, цяпер толькі па неабходнасці выходжу ў крамы. А яшчэ я часцей пачала наводзіць парадак у кватэры, — далучылася да гутаркі Ірына Мазго.
Паразмаўляўшы з жанчынамі, падумала: а чаму і мне не правесці час карысна і цікава, тым больш напярэдадні вялікіх выхадных?
Муж якраз збіраўся на рыбалку на востраў, што знаходзіцца насупраць вёскі Стары Лепель. Дзеці на маю прапанову выбрацца на прыроду, дзе амаль няма людзей, адразу згадзіліся.
Сабраўшы ў заплечнік сала, зялёнай цыбулі, хлеба і вады, рушылі ў падарожжа пазнаваць гісторыю роднага краю. Збіралася наведаць гэтае месца даўно, але перашкаджалі розныя справы, а то і ўвогуле лянота.
Вясной наведвала Стары Лепель, калі жыхары гэтага населенага пункта закранулі пытанне дрэннай дарогі на востраў, бо там, на могілках, яшчэ вядуцца пахаванні. Калі ранняй вясной убачыла тую дарогу, не разумела, як туды можна ўвогуле дабрацца: вялікі схіл, па якім вада сцякае да возера. Бездараж такая, што нават у гумавых ботах няма жадання ісці на востраў.
Цяпер жа, у сухое сонечнае надвор’е, убачыла тут сапраўдную прыгажосць. На аўтамабілях мужчыны праязджалі на рыбалку нават на сам востраў, некаторыя накіроўваліся на могілкі.
Заўважыла, што дарога ў самай нізіне падсыпана. Як паведаміў адзін з рыбакоў, а іх налічыла каля сямі чалавек ля берага, у мінулыя гады сюды транспарту немагчыма было заехаць, бо было вельмі вільготна.
Да свайго сораму, урэшце, дабралася да гэтага гістарычнага месца нашага раёна.
Адразу пры ўездзе на востраў стаіць указальнік, што гэтае месца — гісторыка-культурная каштоўнасць і ахоўваецца дзяржавай.
Чытаем разам з дзецьмі і даведваемся: “Лепельскі замак існаваў у XVI стагоддзі. Размяшчаўся на востраве возера Лепельскае, насупраць вёскі Стары Лепель. Пабудаваны ў час Лівонскай вайны 1558 — 1583 гадоў. У 1562 годзе замак меў сталы гарнізон, узброены ручніцамі і артылерыяй. У 1563 годзе рускія войскі пасля ўзяцця Полацка занялі і спалілі Лепельскі замак. На замчышчы яны заклалі астрог і пакінулі ў ім значны гарнізон, але войскі ВКЛ на чале з гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым штурмам узялі яго і спалілі. У 1568 годзе пачалося будаўніцтва новага драўлянага замка. Яго будавала мясцовае насельніцтва пад кіраўніцтвам лепельскага старасты і полацкага кашталяна Юрыя Зяновіча. Лепельскі замак быў драўляны, прамавугольны ў плане, фланкіраваны вуглавымі межамі. З паўночнага боку яго ад “места” аддзяляў шырокі роў, які часткова напаўняўся вадой з возера. Сучаснікі пісалі “Лепле-места і замак дастаткова ўмацаваны, над возерам як бы на востраве пабудован”. Каля Лепельскага замка і пад яго аховай знаходзіўся гандлёвы порт”.
Адразу абмеркавалі, што менавіта тут жылі першыя лепяльчане, нашыя продкі.
Накіроўваемся леваруч. Чула, што там знаходзяцца старыя могілкі пад назвай “Мікольчык”. Па гістарычных звестках, менавіта на гэтым месцы было гарадзішча. Адкуль жа пайшла такая назва? Карэнная жыхарка Старога Лепеля паведаміла, што калісьці там была царква Міколы. Калі здымалі званы, адзін з іх зваліўся ў возера. Ёсць легенда, што па вялікіх святах чуваць ціхі звон.
Як кажуць вяскоўцы, тыя могілкі амаль усе паступова апынуліся ў вадзе, бо зямля размываецца.
Абышоўшы ўздоўж берага, знаходзім толькі адну магілку з металічнай агароджай. Магчыма, штосьці яшчэ не заўважылі. Затое адразу звярнула ўвагу на стары яблыневы сад. Як кажуць вяскоўцы, пасаджаны ён у 1950-я гады. Калі яго закладвалі, знаходзілі гліняныя чарапкі. Акрамя гэтага, трапляліся і медныя манеты. Праўда, яны былі зялёнага колеру, бо акісліліся ў зямлі.
Вырашылі змяніць накірунак у супрацьлеглы бок. Адначасова спрабуем вызначыць форму вострава. Заўважаем, што чым далей, тым ён становіцца больш вузкім.
Здалёк бачныя могілкі і тут. Ведаю дакладна, што адны з іх называюцца “Спас”. Тут і да гэтага часу адбываюцца пахаванні. Яшчэ адны, маленькія, — “У рагу”. Адно магу дакладна сказаць: усе магілы дагледжаныя. Бачна, родныя клапоцяцца пра памяць аб сваіх родных.
ostrovКаля апошняга, гэта мне так здалося, заўважыла і каменны крыж, заглыблены ў зямлю. Ён без надпісу, таму мне, зусім не гісторыку, ні пра што не кажа. Аднак адно дакладна разумею, што тоіць у сабе ён вялікую гісторыю.
Далей не пайшлі, бо трэба было прабірацца праз зараснікі, ды неяк крыху і страшна было. Таму вырашылі вяртацца назад.
У інтэрнэце прачытала, што да 1580 года мястэчка на востраве і на заходнім беразе возера Лепельскае вырасла. Тут размяшчалася каля 300 дамоў. З азёрнага порта, што знаходзіўся пад заступніцтвам крэпасці, вывозіліся тавары па сістэме рэк і азёр у Полацк, Рыгу і Кіеў. У 1568 годзе мясцовыя землі купіў Леў Сапега, які перанёс адміністрацыйныя, гаспадарчыя і гандлёвыя функцыі на больш зручны паўднёвы бераг возера Лепельскае, дзе заснаваў новы, ці белы Лепель.
Таксама кажуць, што на востраве праходзіў кірмаш, на які пастаўлялі тавары рамеснікі і сяляне з суседніх вёсак. Для гэтага былі пабудаваны спецыяльныя масты. Тут вырошчваліся розныя сельгаскультуры, таму можна сказаць, што землі былі ўрадлівыя.
Цяпер карэнным жыхаром на востраве можна лічыць толькі бабра, які сваімі вялікімі зубамі змагаецца з дрэвамі — некалькі паваленых адразу кідаюцца ў вочы. Нават хатку яго можна заўважыць здалёк. Бліжэй лепш не падыходзіць, бо звер можа ўяўляць небяспеку. Адзін рыбак казаў, што за ім ішла ліса і пільнавала, пакуль ён лавіў рыбу.
Частымі наведвальнікамі на востраве з’яўляюцца аматары рыбнай лоўлі, якія ўжо маюць свае зручныя месцы, а таксама нераўнадушныя да гісторыі роднага краю.
Пасля праведзенага даследавання вельмі стаміліся, але падарожжа нам спадабалася. Перакусіўшы на свежым паветры, вызначылі накірунак дадому.
У чарговы раз прыйшла да высновы, што на Лепельшчыне шмат месцаў, дзе можна выдатна адпачыць і даведацца шмат цікавага пра родны край.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.