Районная газета «Лепельскі край» объединила читателей на Дне подписчика

img_0057Як правіла, дыялог журналістаў з чытачамі вядзецца праз артыкулы на старонках газеты. Аднак вялікую карысць маюць і асабістыя сустрэчы, калі жыхары раёна могуць падзяліцца са стваральнікамі газеты сваімі думкамі, прапановамі, выказаць пажаданні. Да таго ж сярод чытачоў “Лепельскага краю” шмат актыўных, зацікаўленых творчых людзей, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы чарговых нумароў — дасылаюць нам свае артыкулы, просяць аказаць садзеянне ў вырашэнні пэўнай праблемы і на працягу многіх год застаюцца актыўнымі падпісчыкамі. Менавіта нашы дарагія чытачы і былі запрошаны на Дзень падпісчыка, які адбыўся ў актавай зале Лепельскага раённага Дома культуры.

Сустрэча з чытачамі праходзіла ў форме змястоўнага дыялогу. Сёлета ў жыцці раённай газеты адбыўся новы значны этап — справу кіравання раённай газетай “Лепельскі край” ад былога галоўнага рэдактара Уладзіміра Шаўчэнкі пераняла Святлана Вазняк, якая прайшла шлях ад карэспандэнта да намесніка галоўнага рэдактара і аддала працы ў раённай газеце васямнаццаць год. Намеснікам галоўнага рэдактара прызначана Наталля Храпавіцкая — выдатны спецыяліст, адказная работніца, якая шаснаццаць год працавала ў раённай газеце на пасадзе карэктара. Карэктарам жа раённай газеты зараз працуе Нона Сездзіна. Жанчына таксама мае багаты вопыт — пачала працоўны шлях у галіне адукацыі, а затым шчыравала ў сферы культуры — была навуковым супрацоўнікам Лепельскага раённага краязнаўчага музея, узначальвала раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр аддзела культуры, апошні ж час працавала ў сферы турызму. Штат творчых работнікаў газеты таксама папоўніўся. Сёлета пасля заканчэння Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў рэдакцыю прыйшла працаваць малады карэспандэнт Алена Марціновіч. З мінулага года ў рэдакцыі раённай газеты — новы галоўны бухгалтар Кацярына Любавецкая. Высокакваліфікаваны спецыяліст, адказны работнік, Кацярына Міхайлаўна дасканала ведае сваю справу і разам з калегай — вядучым бухгалтарам Ганнай Пшонка забяспечвае стабільны фінансавы стан рэдакцыі. Апошні час “Лепельскі край” працуе па прынцыпе самаакупнасці.
Можна з упэўненасцю сказаць, што сённяшні калектыў раённай газеты — гэта адна зладжаная каманда аднадумцаў, людзей, якія дасканала ведаюць сваю справу. Чатырнаццаты год працуе ў рэдакцыі загадчык аддзела сельскай гаспадаркі Васіль Матырка. Васіль Аляксандравіч асвятляе на старонках газеты тэму дзейнасці сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў нашага раёна, піша аб перадавых работніках гаспадарак, удалых спецыялістах, грунтоўна асвятляе тэму работы жыллёва-камунальнага абслугоўвання і шэраг іншых тэм. Добра вядомае чытачам раённай газеты імя Уладзіміра Міхно — члена Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, таленавітага журналіста. Матэрыялы пад рубрыкамі “Людзі і лёсы”, “Чалавек на сваім месцы”, “На жыццёвых перакрыжаваннях” атрымалі папулярнасць. Адказна падыходзіць да падрыхтоўкі матэрыялаў карэспандэнт Яўген Мудры. Яўгену Мікалаевічу даручана асвятленне галіны адукацыі, спартыўнага жыцця нашага раёна, экалагічнай тэматыкі і г.д.
Вядома, што прывабны знешні выгляд газеты цалкам залежыць ад умела распрацаванага дызайну, каляровай гамы і прафесійнай вёрсткі. Гэтай справай займаюцца адказныя спецыялісты — старшыя аператары камп’ютарнага набору і вёрсткі Любоў Кавалеўская і Андрэй Стычынскі. Дзякуючы іх майстэрству раённая газета заўсёды выглядае ярка, прыгожа, а кожны з нумароў мае сваю індывідуальнасць.
Дзейнасць рэдакцыі немагчыма ўявіць без работы вопытнага вадзіцеля Мікалая Красковіча, які своечасова дастаўляе журналістаў для асвятлення шэрага мерапрыемстваў. Да таго ж Мікалай Уладзіміравіч — на ўсе рукі майстар: адрамантуе, давядзе да ладу любую рэч, займаецца рамонтнымі работамі памяшкання рэдакцыі, добраўпарадкаваннем яе тэрыторыі.
Вось так, у цеснай суполцы, творчыя і тэхнічныя работнікі рэдакцыі штодзень працуюць над стварэннем газеты, якая ва ўсе часы была не толькі веснікам важных падзей сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, а і мудрым дарадчыкам, памочнікам у вырашэнні шэрага надзённых праблем чытачоў. На старонках раённай газеты рэгулярна друкуюцца матэрыялы пад рубрыкай “Гарачая лінія” “Лепельскага краю”, дзе асвятляюцца набалелыя праблемы мясцовых жыхароў, станоўчыя водгукі ў чытачоў знаходзяць матэрыялы пад рубрыкамі “Пытаецеся — адказваем”, “Актуальна”, “Каментарый спецыяліста” і г.д. Аб сацыяльнай падтрымцы грамадзян з боку дзяржавы, мясцовай улады расказваецца ў матэрыялах пад рубрыкамі “Улада для народа”, “У цэнтры ўвагі — чалавек”, “Сацыяльны ракурс” і г.д.
Шмат карыснай інфармацыі чытачы знаходзяць на тэматычных старонках “Ветразь юнацтва”, “Чалавек і закон”, “Служу Айчыне”, “Дэмаграфічны вектар” і “Школа здароўя”.
Вельмі прыемна, што плённая работа адзначана шэрагам значных узнагарод. Раённая газета “Лепельскі край” узнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, трыма Дыпломамі Віцебскага аблвыканкама на прэмію імя Францыска Скарыны ў намінацыі “Лепшая раённая газета”, а таксама дыпломамі і граматамі Міністэрстваў інфармацыі, абароны, эканомікі Рэспублікі Беларусь, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта і многімі іншымі.
Сярод падпісчыкаў “Лепельскага краю” нямала людзей, якія застаюцца вернымі раённай газеце на працягу многіх год. Радасна, што нас пастаянна выпісваюць у дзяржаўнай установе “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, КУП “Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына”, аддзеле па адукацыі райвыканкама, філіяле “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, установе аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”, установе адукацыі “Лепельскі аграрна-тэхнічны каледж”, ДКУБП “Лепельская ПМК-75”. На працягу многіх год застаюцца з любімай газетай работнікі філіяла “Чашніцкае вытворчае ўпраўленне” (ВУ “Чашнікігаз”), УП “Лепельводаканал”, Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Лепельскім раёне, цэнтральнай раённай бібліятэкі і іншых устаноў. Менавіта ім, нашым дарагім актыўным чытачам, у Дзень падпісчыка былі выказаны цёплыя словы падзякі за давер і актыўную падтрымку. Прадстаўнікам працоўных калектываў, дзе актыўна вядзецца падпіска на раённае выданне, былі ўручаны памятныя падарункі і сувеніры. Выдатны святочны настрой гледачам падарылі цудоўныя выступленні работнікаў культуры. Творчым запалам і выканаўчым майстэрствам уразіла гледачоў цымбалістка Ганна Шаркоўская, нікога не пакінулі раўнадушным спевы Таццяны Невядомскай і Віталя Хватынца. Для тых, хто пажадаў аформіць падпіску на “Лепельскі край”, тут жа, у актавай зале РДК, ажыццяўляліся гэтыя паслугі прадстаўніком Лепельскага ўчастка Полацкага раённага вузла паштовай сувязі.
Пакідаючы мерапрыемства, многія чытачы выказвалі сваю шчырую падзяку за цікавую газету, дарылі цёплыя віншаванні. Гэта і ёсць найлепшая ўзнагарода для нас, нашы дарагія! Вялікі дзякуй вам за вашу падтрымку, прызнанне і давер. Мы будзем імкнуцца зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб газета была чытаемай і любімай у кожнай сям’і. Заставайцеся назаўсёды з “Лепельскім краем”!
Наш кар.
На здымку: работнікі “Лепельскага краю” і пастаянныя падпісчыкі раённай газеты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.