Районный Дом культуры — в лесах

1Раённы Дом культуры — у рыштаваннях. Праўда, не ўвесь, а тая яго частка, дзе знаходзіцца вялікая глядзельная зала. Мы вырашылі пацікавіцца, як ідзе рамонт, зазірнулі ў залу і — не пазналі яе. Столь “паднятая”, дах — таксама, праз рыштаванні свеціцца неба. І цяжка паверыць, што неўзабаве тут будзе зноў утульна, прыгожа і творча.
Пра ход рамонту распавядае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Барадзейка.
— Мы вельмі чакалі гэтага рамонту, бо яго неабходнасць даўно наспела.
— А ў чым прычына?
— Працякаў дах і, адпаведна, гніла столь. Мне цяжка назваць прычыну, я не спецыяліст па будоўлі, будаўнікі разбяруцца. Аднак далейшая эксплуатацыя вялікай глядзельнай залы станавілася небяспечнай.
— Калі пачаліся работы?
— Практычна, яшчэ зімою. Дзесьці ў лютым, калі паступілі сродкі.
— Што ўжо зрабілі і што яшчэ мяркуеце зрабіць?
— Вядуцца рамонтныя работы па перакрыцці столі, будаўнікі займаюцца рэканструкцыяй даху, яго пакрыюць металагонтам. А наперадзе — і сцены, і вокны, і падлога, якая будзе заменена, і электраправодка.
— А што з вокнамі? Яны ж, здаецца, былі ўжо заменены на ПВХ.
— Паколькі сцяна зацякала, у моцныя маразы трэснула шкло на ўсіх трох вокнах, будзем мяняць.
— Пасля рамонту ў зале застанецца ранейшы інтэр’ер?
— Штосьці застанецца і з ранейшага, напрыклад, крэслы, яны яшчэ ў добрым стане, але памяняем абшыўку. А ўвогуле дызайн глядзельнай залы абновіцца. Будзе новае “адзенне” сцэны, вокнаў і г.д.
— І ў якім колеры паўстане абноўленая глядзельная зала?
— Гэта пакуль сакрэт. Няхай стане сюрпрызам для будучых гледачоў. Скажу больш, хочам набыць новую мэблю і кінаўстаноўку фармату 5 D. А такі фармат дыктуе адпаведныя патрабаванні да інтэр’ера — акустыка і г.д.
— Колькі будзе каштаваць рамонт і колькі сродкаў ужо асвоена?
— Раённы выканаўчы камітэт выдзеліў сто сорак дзевяць тысяч восемсот рублёў, з іх асвоена пакуль шэсцьдзясят сем тысяч.
— Рамантаваць будзеце толькі глядзельную залу?
— Пакуль што толькі яе, у сувязі з недахопам сродкаў і высокім коштам рамонту. Вырашылі падладзіць тое, што патрабавала неадкладнага аператыўнага ўмяшання. Адрамантуем глядзельную залу, а там пабачым — жыццё пакажа. Астатняя частка будынка пакуль што ў здавальняючым стане. Аднак гэта не азначае, што тут не праводзім ніякіх рамонтных работ. Вось сваімі сіламі адрамантавалі санвузел, правялі касметычны рамонт у класе харэаграфіі, дзе пафарбавалі столь, падлогу і сцены. Хацелася б адзначыць самаадданую працу нашага загадчыка гаспадаркі Вячаслава Гушчы, які многія работы выканаў сам. Задача ўскладняецца тым, што ў будынку вельмі высокая столь, вялікія вокны, таму нават касметычны рамонт праводзіць не так проста. Тым не менш, калектыў РДК дружна, з разуменнем паставіўся да гэтай справы.
— А хто займаецца рэканструкцыяй глядзельнай залы?
— Лепельскае КРБУП “Будаўнік”, а дызайнерскі праект з улікам нашых пажаданняў створаны КУП “Праектна-архітэктурнае бюро г.Лепеля і раёна”.
— Калі мяркуеце закончыць рамонт?
— Дакладную дату назваць цяжка, усё залежыць ад розных абставін. Мяркуеш адно — атрымліваецца іншае. Хацелася б закончыць яшчэ ў гэтым годзе.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.