Районный Дом культуры в преддверии Дня города гостеприимно откроет двери после ремонта

img_1057 Раённы Дом культуры напярэдадні Дня горада гасцінна адчыніць дзверы пасля рамонту. Аб новым абліччы ўстановы культуры пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аленай Барадзейка.

— Алена Іванаўна, скажыце, калі ласка, якія канкрэтна рамонтныя работы праведзены.
— Зроблена замена адной трэцяй часткі даху, рамонт кроквеннай сістэмы. У глядзельнай зале заменены падлога, столь, рэканструяваны сцены, устаноўлены новыя крэслы, а таксама зроблена замена “адзення сцэны”. Трэба адзначыць, што ў цяперашні час глядзельная зала РДК аформлена ў зусім іншай каляровай гаме. Пры выбары колеру галоўны акцэнт быў зроблены на стварэнні святла, свежасці ў памяшканні. Мяркую, што новае афармленне залы ўразіць гледачоў, кожны з іх у час прагляду сцэнічнай дзеі будзе адчуваць сябе ўтульна.
— Колькі ж фінансавых сродкаў было затрачана?
— На рамонт часткі даху, замену кроквеннай сістэмы было затрачана 63 тысячы рублёў, правядзенне рамонтных работ залы — 120 тысяч, набыццё новых крэслаў — 72 тысячы рублёў, на замену адзення сцэны было выдаткавана 37 тысяч рублёў. Сродкі былі атрыманы з раённага бюджэту. На чарзе — давядзенне да ладу астатняй часткі даху РДК.
— Магчыма, абнаўляецца і матэрыяльна-тэхнічная база РДК?
— У бліжэйшы час, напярэдадні Дня горада, у РДК будзе ўстаноўлена новая гукавая і светлавая апаратура.
— Аднак, напэўна, бягучы рамонт быў праведзены не толькі ў памяшканні глядзельнай залы…
— Так. Зроблены таксама касметычны рамонт у кабінетах. Абноўлены шпалеры, пафарбаваны падлога, сцены, столь і лесвічныя пралёты. Тут пашчыравалі самі работнікі РДК, якія заслугоўваюць асаблівых слоў падзякі.
img_1049Плённа працуюць і работнікі сельскіх устаноў культуры. Бягучы рамонт, а менавіта фарбаванне падлогі, сцен, дзвярэй, столі, праведзены ў памяшканнях Поўсвіжскага СДК, Заслонаўскай, Бароўскай дзіцячых музычных школ, Слабадскога цэнтра культуры і вольнага часу і іншых устаноў. Палова грашовых сродкаў звычайна выдзяляецца з раённага бюджэту, астатняя ж частка сродкаў бярэцца з рахункаў сельскіх устаноў культуры. Дарэчы, работу Слабадскога цэнтра культуры і вольнага часу па арганізацыі правядзенні рамонтных работ можна лічыць узорнай.
З абласнога бюджэту сёлета было выдзелена 40 тысяч рублёў, якія былі затрачаны на правядзенне рамонтных работ і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўнай установы адукацыі “Лепельская дзіцячая школа мастацтваў”. Так, 15 тысяч рублёў было накіравана на набыццё новых касцюмаў для юных артыстаў, 25 тысяч пайшло на замену аконных блокаў і правядзенне бягучага рамонту ў будынку школы.
Інтэрв’ю правяла
Святлана ВАЗНЯК.
На здымках: новае аблічча сцэны; глядзельная зала пасля рамонту.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.