Раней у вёсцы каваль быў самым паважаным і вельмі неабходным чалавекам

Занько Раней у вёсцы каваль быў самым паважаным і вельмі неабходным чалавекам. Ён рабіў падковы для коней, металічныя часткі фурманак, саней, конскай збруі, а таксама плугі, акучнікі, бароны, іншы сельскагаспадарчы інвентар. Займаўся і звычайнымі рэчамі паўсядзённага ўжытку. Прытым з гэтай няпростай, вельмі кваліфікаванай справай мог справіцца далёка не кожны. Прынамсі, яшчэ ў канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў дваццатага стагоддзя амаль у кожнай буйной вёсцы нашага раёна мелася свая кузня, дзе ў вялікім горне ярка чырвонага колеру награваўся метал, з якога потым трапнымі, дакладнымі ўдарамі цяжкай кувалдай і меншымі па памерах молатамі каваль паступова вырабляў тое, што яму было патрэбна.
Вось такім вельмі дасведчаным у сваёй справе кавалём у адным з мясцовых калгасаў на Лепельшчыне ў даваенны час працаваў мясцовы жыхар Фёдар Занько, які нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Занькі. У маі 1940 года Фёдар Пятровіч быў прызваны на тэрміновую службу ў армію. У 1941 годзе ён закончыў палкавую школу 139-га стралковага палка (41-я стралковая дывізія, Заходні фронт). Служыў у дзеючай арміі з ліпеня 1941 года.
У верасні 1942 года, падчас разгортвання Сталінградскай бітвы, яму было прысвоена званне малодшага сяржанта. Актыўна ўдзельнічаў у баявых аперацыях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прынамсі, у архіўных дакументах маюцца звесткі, што камандзір разведвальнага ўзвода старшы сяржант Фёдар Пятровіч Занько ў раёне станцыі “Тацынская” захапіў каштоўныя дакументы гітлераўцаў, і за гэта быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Затым у адным з баёў ён быў паранены, лячыўся ў шпіталі. Пасля выздараўлення накіраваны ў школу паветраных стралкоў, якую закончыў у маі 1943 года.
Старшы паветраны стралок 75-га гвардзейскага штурмавога авіяцыйнага палка (1-я гвардзейская штурмавая авіяцыйная дывізія, 8-я паветраная армія, 4-ы Украінскі фронт, затым у складзе 1-й паветранай арміі 3-га Беларускага фронту) гвардыі старшы сяржант Фёдар Занько з 24 красавіка па 4 жніўня 1944 года здзейсніў 27 баявых вылетаў на бамбардзіроўку і штурмоўку жывой сілы і тэхнікі праціўніка ў раёны гарадоў Орша, Барысаў, Мінск, Алітус, Каўнас і іншых. Асабіста збіў тры варожыя знішчальнікі. Загадам па 8-й паветранай арміі ад 27 жніўня 1944 года за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях, Фёдар Пятровіч быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені.
З 4 жніўня па 30 кастрычніка 1944 года гвардыі старшына Фёдар Занько зрабіў 22 баявыя вылеты на тэрыторыі Літвы, Усходняй Прусіі. У паветраных баях адбіў сем атак знішчальнікаў праціўніка, падавіў зенітныя гарматы. Загадам па 1-й паветранай арміі ад 6 лістапада 1944 года за праяўленыя мужнасць і гераізм Фёдар Пятровіч быў уганараваны ордэнам Славы 2-й ступені.
А з 1 лістапада 1944 года па 3 сакавіка 1945 года старшы паветраны стралок 75-га гвардзейскага штурмавога авіяцыйнага палка гвардыі старшына Фёдар Занько здзейсніў яшчэ 24 баявыя вылеты ў раёны гарадоў Гумбінен і Істэнбург Усходняй Прусіі (цяпер гарады Гусеў і Чарняхоўск Калінінградскай вобласці Расіі). Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 красавіка 1945 года за ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў гвардыі старшына Фёдар Пятровіч Занько быў узнагароджаны ордэнам Славы 1-й ступені, стаў поўным кавалерам ордэна Славы.
Усяго за гады вайны Фёдар Занько зрабіў 234 баявыя вылеты на штурмоўку і бамбардзіроўку ворага, знішчэнне яго жывой сілы і тэхнікі.
У 1946 годзе Фёдар Пятровіч быў дэмабілізаваны з арміі. Працаваў кавалём у калгасе імя Карла Маркса. Жыў у вёсцы Ворань Лепельскага раёна. Памёр 9 мая 1979 года. Добрай, светлай памяццю гэтаму герою стане карціна таленавітага лепельскага мастака Аляксея Ляшчова.
Мікалай
ГАРБАЧОЎ.
На здымку: партрэт поўнага кавалера ордэна Славы Фёдара Пятровіча Занько, які намаляваў мастак Аляксей Ляшчоў (творчы псеўданім Manchado).
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.