Равеснік стагоддзя

У-41 Мы працягваем сачыць за лёсам Івана Дывака, чалавека, які нарадзіўся ў першыя дні новага стагоддзя і тысячагоддзя. Усё болей часу аддаляе нас ад той кропкі адліку. Трэцяга студзеня Ваню спаўняецца пятнаццаць гадоў. Ён дзевяцікласнік.
Здавалася б, толькі год прайшоў, як мы апошні раз бачыліся, а нашага героя не пазнаць — падрос, памажнеў. Перада мною ўжо не маленькі хлопчык з багатай дзіцячай рамантычнай фантазіяй, які мне распавядаў пра Дзеда Мароза, а даволі сур’ёзны падлетак. І хоць на вуліцы пярэдадзень Новага года, ды неяк ужо няёмка пытацца ў яго пра навагоднія дзівосы. Хочацца гаварыць сур’ёзна.
— Як прайшоў гэты год, Ваня?
— Ды неяк незаўважна, хуценька прабег, не паспеў і азірнуцца…
— Былі ў цябе нейкія знакавыя падзеі?
— Напэўна, не. Усё як звычайна — вучыўся, гуляў, спортам займаўся.
— Ходзіш у спартыўныя секцыі?
— Часцей бываю ў таты, які выкладае ў Цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі. Ён мяне вучыць страляць у ціры, у тэніс гуляю, у «качалку» хаджу.
«Качалкай» падлеткі называюць трэнажорную залу. Дык вось чаму Іван памажнеў, пакрысе накачвае мускулы.
— Табе гэта спатрэбіцца?
— Думаю, што так, бо хачу паступаць у ваеннае вучылішча?
— Пасля дзявятага?
— Не, напэўна, буду заканчваць адзінаццаць.
Здаецца, і сапраўды нічога не змянілася. Ваня па-ранейшаму не аддае перавагі нейкаму аднаму захапленню, яму падабаецца ўсё пакрысе. У камп’ютары — пагуляць у «Доту», «Контр-страйк». Альбо вось яшчэ новую камп’ютарную гульню знайшоў — “Скайфордж”. Завёў сабе новых сяброў па гульні, нават у Расіі. У школе хлопцу па-ранейшаму падабаюцца гісторыя з геаграфіяй, «шурупіць» у матэматыцы, асабліва ў алгебры. Аднак і іншых прадметаў не закідвае. Хоць не выдатнік, ды цвёрдыя сем з паловай балаў мае.
На канікулах яму падабаецца ездзіць у госці…
— Куды ўжо зноў ездзіў?
— Вясною — у Мінск. Прыязджала стрыечная сястра, якая зараз у Маскве вучыцца. Гулялі, у кіно хадзілі.
— А летам?
— Летам выязджалі сем’ямі на прыроду — тут, у Бароўцы. Мне вельмі спадабалася. Два дні жылі ў палатках, купаліся.
— Плаваць умееш?
— Вядома, плаваю я хутка.
— Чым займаешся дома пасля ўрокаў?
— Часу вольнага не вельмі шмат застаецца. Хаджу на факультатывы па рускай мове і матэматыцы. Прыходжу — бацькі на працы. Падагрэю што, паем і за ўрокі. Пад вечар выходжу з сябрамі пагуляць — ці ў футбол ганяем, ці мяч у кальцо кідаем.
— Умееш сам есці прыладзіць?
— Сёе-тое… Бульбу магу падсмажыць, макароны адварыць.
— Што табе купілі альбо падарылі ў гэтым годзе?
— У мяне ўжо ўсё ёсць. Дзядзька з цёткай падарылі планшэт, дзядуля з цёткай — ноўтбук. І яшчэ дзядуля грошы даў, крыху даклалі — веласіпед купілі горны «Крос».
— Пра матацыкл не марыш?
— Не, у мяне яшчэ правоў няма. Вось будзе шаснаццаць — здам на правы, тады справа іншая.
Можна сказаць, што ў Вані ўсё ж ёсць адна адметнасць — гасціннасць. Вельмі паважае не толькі сваю сям’ю, але і ўсіх сваякоў, можа, таму што ў сям’і расце адзін. Любіць пагасціць у сваякоў, і тыя адказваюць яму таксама прыязнасцю. Вось і надарылі ўсяго.
А нядаўна хлопец з сябрамі Антонам Жукавым і Мікітам Матыркам ездзілі на раённыя спаборніцтвы па мнагаборстве і чатырохбор’і. Вярнуліся з дыпломам за другое месца.
Такія вось маленькія падлеткавыя радасці ў Вані Дывака з Бароўкі, такі вось звычайны яшчэ адзін яго год жыцця, што праляцеў незаўважна. Шчаслівы год, бо яго любілі родныя, блізкія і ён любіў, бо вучыўся, сябраваў, займаўся спортам, як і іншыя падлеткі, яго равеснікі. Шчасце — калі няма няшчасця, калі ты малады, здаровы і любімы…
— Што будзеш рабіць на гэтых канікулах?
— Мама прапануе з’ездзіць з сябрамі ў Віцебск у боўлінг. Буду адпачываць, спортам займацца — як заўсёды.
— А Новы год як будзеш сустракаць?
— Хачу яго сустрэць з сябрамі.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Іван Дывак (злева) з сябрам і аднакласнікам Антонам Жукавым, з якім разам займаюцца спортам і ездзяць на спаборніцтвы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.