Раённы турыстычны злёт аб’ядноўвае фізічна загартаваных, ініцыятыўных і артыстычных работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў Лепельшчыны

IMG_4198Раённы турыстычны злёт, які штогод праводзіцца на жывапісным узбярэжжы возера Люсінец, аб’ядноўвае фізічна загартаваных, ініцыятыўных і артыстычных работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў, што не пасуюць перад цяжкасцямі і гатовы на высокім узроўні абараніць гонар сваёй каманды. Сёлета ўдзел у турыстычным злёце прынялі шэсць каманд. Гэта спартсмены Лепельскага раённага аддзела ўнутраных спраў, аграрна-тэхнічнага каледжа, ААТ “Лепельскі МКК”, КУВП “Бароўка”. Упершыню ў турыстычным злёце прыняла ўдзел каманда аграгарадка Слабада. Не менш запамінальным турыстычны злёт стаў і для нас, работнікаў раённай газеты, таму што паўдзельнічаць у мерапрыемстве першы раз вырашылі і мы разам са сваімі калегамі з Лепельскага эфірнага тэлебачання.

IMG_4317Прызнацца шчыра, перад правядзеннем мерапрыемства вельмі хваляваліся — усе спартыўныя этапы прыйдзецца праходзіць упершыню, да таго ж трэба выканаць усё за кароткі час і на належным узроўні. Аднак калі прыехалі да возера, адразу адчулі зарад пазітыву: цудоўнае сонечнае надвор’е, добразычлівасць іншых удзельнікаў злёту, заўзятыя спевы, жарты… Хутка мы адчулі прыліў новых сіл і выдатнага настрою. Для таго каб абуладкаваць утульны дворык, выбралі прыгожае месца. Устанавілі палатку, столік, расклалі вогнішча і пачалі гатаваць у кацялку наварыстую юшку.
IMG_4383І вось пачынаецца ўрачыстае адкрыццё турзлёту. На лясной паляне выстраіліся стройныя шарэнгі ўдзельнікаў каманд. З цёплым прывітаннем да маладых спартсменаў ад імя арганізатараў мерапрыемства звярнулася першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Шчэрбач. Права падняць дзяржаўны сцяг нашай краіны было прадастаўлена капітанам каманд. Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь. Аб правілах праходжання шэрага этапаў спартыўнага мерапрыемства расказаў прадстаўнік судзейскай калегіі турыстычнага злёту Павел Занько.
Пасля праведзенай жараб’ёўкі аказалася, што нашай камандзе наканавана выступаць пад першым нумарам. Што ж, цяжкасці трэба перамагаць! Хутка рыхтуемся да адказнага этапу — кантрольна-турыстычнага маршруту. Кожную каманду ў ім павінны былі прадставіць трое мужчын і адна жанчына. Удзельнікі каманд праходзяць інструктаж. Нашу каманду ў гэтым выпрабаванні прадставілі Васіль Матырка, загадчык аддзела сельскай гаспадаркі “Лепельскага краю”, а таксама супрацоўнікі Лепельскага эфірнага тэлебачання Раман Анкудовіч, Аляксей Худаешка і Кацярына Агапонька.
Гучыць каманда “На старт!” — і спаборніцтва пачынаецца. За кароткі час прадстаўнікам каманд пры дапамозе каната патрэбна было падняцца на вяршыню ўзгорка, прапаўзці па канаце, пераскочыць праз роў… Пры гэтым усе выпрабаванні патрэбна было прайсці за максімальна кароткі час і на належным узроўні. З хваляваннем сочым за выступленнем нашых спартсменаў і падтрымліваем іх бадзёрымі воклічамі. Услед за нашай камандай выходзяць на старт прадстаўнікі аграгарадка Слабада, аграрна-тэхнічнага каледжа, РАУС, ААТ “Лепельскі МКК”…
Абвяшчаюцца вынікі першага этапу. Было вельмі прыемна даведацца, што наша каманда добра справілася з пастаўленым заданнем. Па выніках першага этапу мы занялі трэцяе месца. Першае месца ў гэтым паядынку заваявалі спартсмены аграрна-тэхнічнага каледжа, а другое — Лепельскага РАУС.
Паабедаўшы на свежым паветры, рыхтуемся да наступнага выпрабавання “Жартоўная паласа перашкод”. Чацвярым прадстаўнікам кожнай каманды патрэбна было па чарзе закінуць мячык у вазон, праскакаць над мячамі, прабегчы ў абручы самастойна, а потым — разам з астатнімі ўдзельнікамі каманды. Затым кожны з турыстаў ачысціў ад шалупіння па дзесяць семечак сланечніка і прабег “змейкай” уздоўж кегляў. Пры гэтым таксама ўлічваліся якасць і хуткасць выканання ўсіх заданняў. Пасля правядзення гэтага этапу першае месца заняла каманда Лепельскага РАУС, другое — ААТ “Лепельскі “МКК”, а трэцяе — аграрна-тэхнічнага каледжа.
Вельмі напружаным для ўсіх удзельнікаў каманд сталі паядынкі па перацягванні каната. Тут першае месца занялі спартсмены КУВП “Бароўка”, другое месца было прысуджана камандзе аграрна-тэхнічнага каледжа, а трэцяе — Лепельскага РАУС.
Выдатны настрой і шмат станоўчых эмоцый усім падарыў конкурс адной песні. Кожная каманда падрыхтавала адпаведны творчы нумар. Пры гэтым улічваліся змест песні, артыстычнасць выступлення і гумар.
На суд журы мы вынеслі песню ўласнага сачынення “На турзлёце”, пакладзеную на музыку маладзёжнага хіта “На лабутэнах”. Да музычнага твору мы падрыхтавалі жартоўную мініяцюру пра яркія будні турыстаў. Нашу каманду выдатна прадставілі артысты Наталля Храпавіцкая, Кацярына Анкудовіч, Кацярына Агапонька, Васіль Матырка і аўтар гэтых радкаў. Акампанемент нашых спеваў зрабіў на гітары Яўген Мудры.
Захапілі гледачоў мілагучнымі спевамі артысты са Слабады. Уразілі гледачоў арыгінальнасцю выступлення таксама артысты Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа, Лепельскага РАУС, якія прадставілі жартоўныя мініяцюры. Падарыла выдатны настрой гледачам яркае выступленне каманды КУВП “Бароўка”. Камічныя персанажы прадставілі ўвазе гледачоў папуры на шэраг папулярных песень. Нікога не пакінула раўнадушным песня, прадстаўленая камандай ААТ “Лепельскі МКК”. Яе цудоўна выканала Інга Пшонка, а арганічным дапаўненнем да песні стаў эстрадны танец.
Яркім завяршэннем першага дня турыстычнага злёту стала маладзёжная дыскатэка. Пад бадзёрыя рытмы сучасных песень удзельнікі каманд шчыра весяліліся да глыбокай ночы.
Шэраг адказных этапаў патрэбна было прайсці турыстам і на наступны дзень. А дзявятай гадзіне раніцы пачаліся спаборніцтвы па тэхніцы веласіпеднага турызму. Па два прадстаўнікі з кожнай каманды на веласіпедзе пераадолелі шэраг складаных этапаў: “Калідорчык”, “Вароты”, “Кольцы”, “Васьмёрка”, “Змейка”, “Каляіна”… І хоць прайсці выпрабаванні было нялёгка, практычна ўсе каманды з пастаўленым заданнем паспяхова справіліся.
Апошнім і таму самым хвалюючым стаў этап “Трыятлон”. Двум прадстаўнікам кожнай каманды патрэбна было ажыццявіць крос працягласцю адзін кіламетр, зрабіць велакрос паўтара кіламетра, а затым выстраліць некалькі разоў з пнеўматычнай вінтоўкі. Удзельнікі турыстычнага злёту ўважліва сачылі за выступленнямі спартсменаў. Ад заключнага этапу спаборніцтваў, вядома, залежала многае.
І вось надыходзіць доўгачаканы і хвалюючы момант падвядзення вынікаў спартыўнага мерапрыемства.
— Вельмі прыемна, што калектывы гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў прадстаўляе такая актыўная, фізічна загартаваная і адказная моладзь. Мы ганарымся і шчыра жадаем, каб вашы спартыўная энергія, ініцыятыва і творчы запал не згасалі ніколі, — адзначыў на ўрачыстым закрыцці мерапрыемства начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Урбан.
Дыпломы, Кубкі і каштоўныя падарункі з рук Ігара Урбана атрымалі прадстаўнікі каманд, якія занялі прызавыя месцы. Першае месца ў турыстычным злёце прысуджана камандзе Лепельскага раённага аддзела ўнутраных спраў, другое — спартсменам аграрна-тэхнічнага каледжа, а трэцяе — ААТ “Лепельскі МКК”. Дыпломамі былі ўзнагароджаны таксама каманды, якія занялі прызавыя месцы ў адпаведных намінацыях. У прыватнасці, наша каманда атрымала Дыплом трэцяй ступені за праходжанне кантрольна-турыстычнага маршруту і выкананне песні. Спартсмены аграгарадка Слабада, КУВП “Бароўка”, а таксама наша каманда ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі за актыўны ўдзел у турыстычным злёце.
Два дні, праведзеныя на ўлонні прыроды, праляцелі непрыкметна. І хоць не ва ўсіх спартсменаў атрымалася выступіць удала, кожны з нас зарадзіўся станоўчымі эмоцыямі, адчуў прыліў энергіі і новых сіл. Адпачынак на свежым паветры, купанне ў возеры, спартыўныя паядынкі — усё гэта пакінула ў кожнага з нас шмат незабыўных уражанняў. Свой дэбют на турыстычным злёце мы лічым паспяховым і спадзяёмся, што ў наступным годзе ў нас атрымаецца выступіць больш удала.
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: зборная каманда рэдакцыі раённай газеты “Лепельскі край” і Лепельскага эфірнага тэлебачання; каманда Лепельскага РАУС атрымала заслужаную ўзнагароду; напружаны паядынак па перацягванні каната; падрыхтоўка да праходжання кантрольна-турыстычнага маршруту.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.