Преступник напал с ножом на пенсионерку в Лепельском районе

 У ноч з 23 на 24 лістапада ў вёсцы Дрымаўшчына адбылося злачынства, злачынны напад. Карэспандэнт папрасіў начальніка РАУС Аляксандра Дуранава даць афіцыйную інфармацыю. Ён паведаміў наступнае:
— 24 лістапада а 7.05 у дзяжурную часць РАУС з прыёмнага пакоя цэнтральнай раённай бальніцы прыйшло паведамленне аб тым, што да іх паступіла жанчына пенсійнага ўзросту, жыхарка вёскі Дрымаўшчына, з раненнем. Па РАУС быў абвешчаны сігнал “Збор!”. Для пошуку і затрымання падазронай асобы былі задзейнічаны супрацоўнікі не толькі нашага райаддзела, а і абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў, службовыя сабакі. Падазроны затрыманы ў Віцебску. На першых допытах ён даў прызнальныя паказанні. На сёння яму прад’яўляюцца абвінавачанні па ч.1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса (прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў) і па ч.2 артыкула 207 (разбой, які суправаджаўся пранікненнем у жыллё). Па першым артыкуле прадугледжваецца пакаранне да васьмі гадоў пазбаўлення волі, па другім — да пятнаццаці.
Карціну падзей дапоўніў намеснік начальніка раённага аддзела следчага камітэта падпалкоўнік Сяргей Булай:
— Пенсіянерка ў Дрымаўшчыне пражывала адна. 22 лістапада яна атрымала пенсію. У ноч з 23 на 24 лістапада знаходзілася дома. Каля 23 гадзін у дзверы загрукалі. Потым зламыснік разбіў шыбу ў верандзе, праз яе падняў кручок і пранік у дом. Дома пад пагрозай нажа ён забраў у жанчыны грошы, каля 100 рублёў. Потым моцна рукамі збіў яе, нанёс нажом не менш за чатыры ўдары і ўцёк.
Жанчына ляжала дома да раніцы, пакуль у пачатку сёмай гадзіны яе не знайшлі суседзі. Яны ж перш-наперш выклікалі хуткую дапамогу.
Падазронага затрымалі ў Віцебску, адкуль ён меў намер выехаць у Расійскую Федэрацыю. Ім аказаўся мясцовы жыхар, які нідзе не працуе, неаднаразова судзімы за крадзяжы. Не прайшло і паўгода пасля яго апошняга вызвалення з-пад арышту.
На першых жа допытах ён даў прызнальныя паказанні. На пытанне аб матывах учынку адказвае, што “п’янка давяла”. Часткова гэта пацвярджаюць суседзі, якія у апытаннях, характарызуючы яго, кажуць, што калі цвярозы, то мужчына станоўчы, добры сусед, часта прыходзіць на дапамогу. Аднак калі выпівае, схільны да некантралюемых учынкаў.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.