Развітальная трэль званка

IMG_2329 Вуліцы пераліваюцца яркімі сонечнымі промнямі, беласнежнымі бантамі, рознакаляровымі шарамі і кветкамі. Вучні спяшаюцца на школьную лінейку. Быццам імклівыя птушкі, пранесліся звонкія дні навучальнага года, адгучалі акорды школьных мерапрыемстваў… З выдатным настроем іду на ўрачыстую лінейку ў сярэднюю школу №1. Сярод вучняў школы — юныя эрудыты, неаднаразовыя пераможцы раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па розных прадметах, а таксама выдатныя артысты, спартсмены, якія на працягу многіх год абаранялі гонар школы на спаборніцтвах па розных відах спорту. Прыемна адзначыць, што на працягу трынаццаці год лідарам лёгкаатлетычнай эстафеты на прызы раённай газеты “Лепельскі край” сярод навучальных устаноў становіцца менавіта каманда сярэдняй школы №1.

Вось яны, юныя, жыццярадасныя, з пышнымі букетамі кветак, прыйшлі на лінейку, каб выказаць цёплыя словы віншаванняў сваім дарагім настаўнікам.

…Цёплымі вершамі прывіталі гасцей вядучыя. Права падняць дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь атрымалі лепшыя спартсмены школы -– вучаніца адзінаццатага класа Сабіна Маркава і дзесяцікласнік Раман Цыбульскі. Напэўна, самым хвалюючым гэта мерапрыемства стала для юных першакласнікаў, якія робяць першыя рокі ў краіну ведаў, і вучняў адзінаццатага класа, якім сёлета прадстаіць развітацца са школай. Гледзячы на іх, многія бацькі і настаўнікі не маглі стрымаць слёз. Пад пранікнёныя акорды вальса на лінейку разам са сваімі класнымі кіраўнікамі выходзяць выпускнікі. Безумоўна, у сэрцы кожнага з іх жыве светлая мара, жаданне набыць жаданую прафесію.

— Няхай кожны з вас зможа дасягнуць усіх жаданых вышынь, а кожны год будзе напоўнены новымі поспехамі і значнымі падзеямі, — ад душы пажадала вучням дырэктар сярэдняй школы №1 Аксана Харлёнак.

Пад цёплыя апладысменты гасцей Аксана Леанідаўна ўручыла Ганаровыя граматы больш ста вучням, сярод якіх пераможцы конкурсаў па разнастайных прадметах, выдатнікі вучобы, вучні, якія прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, пераможцы спаборніцтваў і многія іншыя. З рук дырэктара школы Падзячныя пісьмы за добрае выхаванне дзяцей, актыўны ўдзел у жыцці школы і класа ў гэты дзень атрымалі і бацькі. Цёплыя пажаданні вучням выказалі першая настаўніца Марыя Асоўская і класны кіраўнік адзінаццатага “А” класа Рэгіна Кутырла. Ад імя бацькоў шчырыя пажаданні прагучалі з вуснаў маці сёлетняй выпускніцы Іны Броўкінай. Іна Віктараўна паведаміла, што на памяць дарагой школе выпускнікі і іх бацькі падрыхтавалі каштоўныя падарункі — мікшарны пульт і мікрафоны.

Прыемным момантам урачыстай лінейкі стала выступленне першакласнікаў, якія прачыталі адзінаццацікласнікам пранікнёныя вершы. На памяць аб незабыўным школьным мерапрыемстве дзеткі падарылі адзінаццацікласнікам званочкі. Немагчыма было стрымаць слёз у час выступлення выпускнікоў.

Права даць апошні школьны званок было дадзена вучаніцы першага класа Ангеліне Драніца і адзінаццацікласніку Максіму Жаковічу.

Прыемным сюрпрызам для ўсіх гасцей стаў сюрпрыз ад выпускнікоў, якія па традыцыі прадставілі ўвазе гледачоў флэшмоб  — павольныя гукі вальса плаўна перайшлі ў яркія дыскатэчныя рытмы, якія выразна спалучыліся з выступленнем эстраднай зоркі.

Пасля завяршэння мерапрыемства прысутныя яшчэ доўга не пакідалі ўтульны школьны дворык. Вучні і іх бацькі выказвалі дарагім настаўнікам цёплыя словы ўдзячнасці за тое, што на працягу многіх год яны былі надзейнымі дарадчыкамі, памочнікамі і сябрамі, за тое, што дапамаглі дзецям знайсці дарогу ў жыцці. Праляцяць школьныя экзамены, адгучаць акорды школьнага балю, але ў сэрцы кожнага з выпускнікоў назаўсёды застанецца гэты апошні развітальны школьны званок…

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымку: яркія акорды школьнай лінейкі.

Фота аўтара.

IMG_2371 IMG_2384 IMG_2369 IMG_2354 IMG_2341 IMG_2323 IMG_2324 IMG_2329 IMG_2335 IMG_2340 IMG_2288 IMG_2295 IMG_2301 IMG_2316 IMG_2319 IMG_2283 IMG_2280 IMG_2274 IMG_2272 IMG_2271 IMG_2267

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.