Расти счастливой, семья Смажевских!

pavel-i-valentina Сям’я… Напэўна, няма нічога больш дарагога і важнага ў жыцці, чым кожны дзень адчуваць падтрымку родных і блізкіх людзей, дзяліцца з імі радасцю і разам будаваць далейшыя планы. Нішто нас так не сагравае, як шчырыя ўсмешкі, цёплыя словы каханых, нішто не дорыць столькі шчасця, як першае слова дзіцяці, яго яшчэ няўпэўненыя крокі… Яднанне родных сэрцаў здольнае перамагчы любыя цяжкасці і перашкоды, бо шчырая любоў нас акрыляе, напаўняе сэрца самымі светлымі пачуццямі і напаўняе жыццё сэнсам…

У гэтым упэўнены шчаслівыя муж і жонка Павел і Валянціна Смажэўскія, якія ідуць разам па жыцці вось ужо дваццаць шэсць год. За гэты час пройдзена нямала дарог, адбылося шмат незабыўных падзей. Аднак самыя галоўныя з іх — нараджэнне траіх сыноў і ўнука.
— Нашы дзеці — гэта наш гонар, наша светлая будучыня, — шчыра дзеліцца са мной Валянціна. — Час пралятае вельмі хутка. Здавалася б, яшчэ зусім нядаўна мы радаваліся нараджэнню дзетак, вялі іх на першую школьную лінейку, як ужо зараз яны сталі дарослымі. Старэйшы, Раман, ужо стварыў сваю сям’ю і падарыў нам унука Максімку…
Сям’я Смажэўскіх жыве ў вялікім добраўпарадкаваным доме ў вёсцы Старое Лядна. З усіх бакоў сядзібу акружаюць пышныя клумбы кветак, пладовыя дрэвы. Тут жа размешчана шмат гаспадарчых пабудоў. Руплівыя вясковыя гаспадары маюць вялікі агарод, трымаюць коз, трусоў і кур. Валянціна — індывідуальны прадпрымальнік. Павел жа працуе вадзіцелем-дальнабойшчыкам.
Калі ўся сям’я збіраецца разам, у дом прыходзіць сапраўднае свята. Яркай і незабыўнай падзеяй у сям’і Смажэўскіх стала і святкаванне 25-годдзя сумеснага жыцця, сярэбранага вяселля. Для таго каб ад душы павіншаваць юбіляраў, выказаць ім цёплыя пажаданні, сабраліся разам родныя і блізкія людзі. Павел і Валянціна цёпла прымалі гасцей і на некаторы момант адчулі сябе шчаслівымі жаніхом і нявестай, успомнілі хвіліны сваёй першай сустрэчы, вяселля, пачатак сумеснага жыцця.
…Дзяцінства Валянціны прайшло ў невялікай вёсцы Гадзіўля Слабадскога сельсавета. Была малодшай, сёмай дачкой у шматдзетнай сям’і. Аднак ужо ў маленстве Валя зведала вялікае гора — ёй было ўсяго шэсць год, калі памерла маці. Дзяўчынка змалку займалася нялёгкай вясковай працай: дапамагала тату, старэйшым сёстрам па гаспадарцы, спраўлялася з хатнімі справамі. Скончыўшы школу, паступіла ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе набыла спецыяльнасць заатэхніка. Тут жа, на роднай Лепельшчыне, пачала свой працоўны шлях. Шчыравала ў райсельгастэхніцы, у сферы гандлю, пазней уладкавалася на работу ўкладчыцай хлеба-булачных вырабаў на Лепельскі хлебазавод. Менавіта тут і адбылася яе сустрэча з каханым.
Аднойчы, скончыўшы рабочы дзень, Валянціна са сваёй супрацоўніцай пачалі збірацца дадому. За Нінай прыехалі муж і яго сябар. Гэта быў Павел. Малады хлопец адразу звярнуў увагу на мілую прыгожую дзяўчыну.
— Гэта было каханне з першага позірку, — шчыра прызнаецца Валянціна. — Мы пасябравалі, разам праводзілі вольны час і з цягам часу ўсё больш упэўніліся, што не можам адзін без аднаго.
Павел зрабіў каханай прапанову рукі і сэрца, і чацвёртага ліпеня 1992 года яны стварылі сваю сям’ю.
Будаваць далейшае жыццё маладыя пажадалі на роднай Лепельшчыне. Павел скончыў Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Спачатку працаваў у сельскай гаспадарцы, а затым заняўся прадпрымальніцтвам. Першая шчаслівая падзея ў іх сям’і адбылася ў 1993 годзе — на свет з’явіўся сынок Раман. Маладыя гаспадары вырашылі пабудаваць уласны дом. Здымалі жыллё. Павел жа ўвесь свабодны час разам з бацькам працаваў на ўзвядзенні сваёй сядзібы.
Прайшоў пэўны час — і шчаслівая маладая сям’я адзначыла наваселле. Павел і Валянціна разам з маленькім сынулем пераехалі жыць у свой дом. Паступова правялі водаправод, добраўпарадкавалі тэрыторыю ля дома. Утульная вясковая сядзіба прыцягвала ўвагу прахожых сваёй дагледжанасцю і рознакаляровымі россыпамі прыгожых кветак — усюды папрацавалі рукі ўмелых гаспадароў.
У 2000 годзе ў сям’і Смажэўскіх нарадзіўся другі сынок. Па шчаслівай волі лёсу ён нарадзіўся ў адзін дзень з татам, таму і назвалі яго Паўлам. А праз пяць год сям’я Смажэўскіх стала шматдзетнай — сваім з’яўленнем на свет бацькоў парадаваў сынок Антон.
— Вядома, што з дзецьмі заўсёды клопатаў нямала, але ўсе цяжкасці знікаюць, калі бачыш, як яны падрастаюць, дзеляцца сваімі поспехамі. Гады пралятаюць непрыкметна. Нават сама не заўважыла, як дзеці пасталелі. Старэйшы, Раман, знайшоў свой шлях у жыцці, стварыў сям’ю.
Любімая нявестка — прыгажуня Яна — для Паўла і Валянціны стала роднай дачушкай. Яна набыла спецыяльнасць эканаміста ў Горацкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, гэту ж установу па спецыяльнасці “інжынер” заканчвае Раман. Маладыя муж і жонка жывуць у горадзе Смалявічы Мінскай вобласці. Раман працуе механікам у ПМК №72. Яна ж знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці — сыну Максімку ўжо споўнілася два гады.
Сярэдні сын Павел сёлета скончыў адзінаццаць класаў Бароўскай сярэдняй школы і зараз здае ўступныя экзамены ў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, жадае стаць электраэнергетыкам. Малодшы сын Антон перайшоў у восьмы клас Старалядненскай сярэдняй школы і радуе сваіх бацькоў поспехамі ў вучобе.
semya-smazhevskix— Мая сям’я — гэта мая надзейная апора і падтрымка, — адзначае Валянціна. — Муж аддае шмат часу працы, затое сыны дапамагаюць мне ва ўсіх справах. Паша, Антон перанясуць і складуць дровы, скосяць траву, дапамогуць справіцца па гаспадарцы, заўсёды прыбяруць свае пакоі. Раман і Яна, калі прыязджаюць да нас на выхадныя, таксама не сядзяць без справы.
— Якія стравы любімыя ў вашай сям’і? — пытаюся ў гаспадыні.
— І муж, і дзеці любяць стравы беларускай кухні. Гатую для іх дранікі, клёцкі, розныя мясныя стравы. Паколькі вельмі люблю гатаваць, скончыла курсы дыетолага ў Мінску, а зараз набываю спецыяльнасць повара ў Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы. Гатаванне страў — не адзінае маё захапленне. Вельмі люблю рабіць прычоскі, у свой час скончыла курсы цырульнікаў пры Лепельскім раённым Доме культуры.
Павел шмат часу знаходзіцца ў дарозе. Калі ж галава сям’і прыязджае, у доме — вялікае свята. Шчаслівая вясковая сям’я любіць падарожнічаць. Не аднойчы адпачывалі ў Егіпце, Турцыі і Закарпацці.
— Усе святы мы імкнёмся адзначаць сваёй сям’ёй. Нічога не можа быць даражэй, чым бачыць побач сваіх дзетак. Заўсёды з нецярпеннем чакаем чарговага прыезду ўнука Максімкі. І хоць ён яшчэ маленькі, аднак расце сур’ёзным хлопчыкам, ва ўсім бярэ прыклад у свайго таты, — адзначае Валянціна.
З цікавасцю слухаю сваю суразмоўцу — і міжволі адчуваю прыемную цеплыню. Як жа акрыляе, напаўняе наша жыццё радасцю і святлом яднанне блізкіх людзей — любімая сям’я, і няма нічога больш дарагога і светлага ў жыцці! Моцнае каханне, якое калісьці аб’яднала сэрцы Паўла і Валянціны, дало трывалыя парасткі — на свет з’явіліся дзеці, унук, а колькі яшчэ радасных падзей наперадзе! Няхай жа яны стануць працягам шчаслівай гісторыі гэтай цудоўнай сям’і.
Святлана ВАЗНЯК.
На здымках: Павел і Валянціна Смажэўскія; вялікая шчаслівая сям’я.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.