Рубеж в тысячу тонн: не стихают моторы сельхозтехники

Нячаста даводзіцца выязджаць у бок Віцебска, але, калі шанцуе, абавязкова замаруджваю ход аўтамабіля, каб палюбавацца на палеткі філіяла “Баброва-Агра” закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт” холдынга “Славянскі Велес”. Вясной, як толькі сыходзіў снег, палеткі зелянелі рунню. Потым прыемна было назіраць, як падымалася пшаніца, падрастаў рапс. Усе пасевы ўражвалі чысцінёй, не бачыў ніводнага каліва пустазелля. У цяперашні ж час актыўна вядзецца ўборкі, якая і стане вынікам пільнай і шчырай працы земляробаў.

Напярэдадні прыезду перагледзіў даныя раённай Дошкі гонару. Філіялам “Баброва-Агра” быў убраны ўвесь азімы рапс — амаль 600 гектараў, намалочана 900 тон збожжа. Потым земляробы прыступілі да абмалоту азімай пшаніцы, сярэдняя ўраджайнасць якой склала 37 цэнтнераў з гектара.

Гэта вельмі добры вынік, калі параўнаць з астатнімі гаспадаркамі раёна. Толькі ў ААТ “Лепельаграсэрвіс” намалочвалася па 32 цэнтнеры з гектара азімай пшаніцы. У астатніх жа гаспадарках 30 ц/га не дасягнута. Баброўскіх аграрыяў апярэдзілі толькі працаўнікі Лепельскай сортавыпрабавальнай станцыі з паказчыкам у 45 ц/га. Аднак працаўнікі філіяла “Баброва-Агра” адзначаюць, што разлічвалі на вынік нашмат большы, бо яшчэ з восені шчыравалі як належыць, своечасова апрацоўвалі глебу і сеялі, уносілі пад поўную меру ўгнаенні, праводзілі падкормкі, апрацоўвалі пасевы супраць пустазелля. Непераадольнай перашкодай для земляробаў стала засуха, якая панавала амаль 2 месяцы. У той час, калі зерне павінна было налівацца, напаўняцца жыццёвай сілай, глебе не хапала вільгаці, кал пажыўныя рэчывы па сцяблах атрымлівалі каласы. Каментарый дае дырэктар гаспадаркі Вячаслаў Чувілін:

— Недабор ураджаю мы заўважылі па азімым рапсе. З восені працавалі, уносілі ўгнаенні, разлічвалі на ўраджай каля 30 цэнтнераў з гектара. У выніку атрымалі па 15 цэнтнераў на круг. І гэта няблага, назіраючы за астатнімі гаспадаркамі раёна. Зерне ў стручках дробнае, неналітае, лёгкае. Па зерневай групе — такая ж сітуацыя.

Пацярпелі ад сухмені і яравыя культуры. У той час, як азімыя маглі набіраць вільгаць і разам з ёй сілу з восені і вясной, яравыя культуры — авёс, ячмень, пшаніца, кукуруза — толькі падняўшыся ў маі, у чэрвені патрапілі пад спякотнае сонца.

На момант прыезду карэспандэнта ўборачныя работы вяліся на 2 палетках: камбайны “Палессе GS-1218” жалі авёс каля вёскі Заружанне, а 2 камбайны New Holland CX-8.80 абмалочвалі азімую пшаніцу на самай мяжы Лепельскага і Бешанковіцкага раёнаў, каля вёскі Варапаеўшчына. Туды я і скіраваўся.

Пры стварэнні філіяла “Баброва-Агра” быў узяты курс на буйнатаварную вытворчасць, апрацоўку тысяч гектараў палёў і атрыманне тысячных намалотаў. Каб атрымаць патрэбны вынік, адміністрацыяй прадпрыемства былі выдзелены значныя сродкі на рамонт тэхнікі, якая засталася ў спадчыну ад КУВСГП “Баброва”, а потым была набыта новая. Няблага зарэкамендавалі сябе на палях Лепельшчыны камбайны маркі New Holland, іх і сталі набываць.

Анатоль Петухоўскі асвоіў першы камбайн, працуе на ім трэці сезон. Другім камбайнам кіруе Аляксандр Зябко. Кожны сезон абодва механізатара намалочваюць тысячы тон. Складнікі іх поспеху — магутная высокапрадукцыйная тэхніка, ураджайныя палеткі і старанная праца.

Мінулы сезон для камбайнераў “Баброва-Агра” склаўся ўдала, работнікі гаспадаркі паспелі ўбраць багаты ўраджай з мінімальнымі стратамі. Сёлета ж умовы працы не вельмі спрыяльныя. Ураджай зерневых на палях неблагі, пшаніца — густая, чыстая, але ёсць шмат лапікаў палегліцы. Сцяблы паляглі ў апошнія тыдні пад парывамі вятроў, пад дажджамі апошніх дзён. Таму камбайны праязджаюць марудна, падымаюць і падбіраюць як мага больш каласоў.

— Якія яшчэ цяжкасці ў час уборкі ўзніклі сёлета? — пытаюся ў камбайнераў?

— Нядаўна камбайн засеў так, што ледзьве выцягнулі, — кажа Аляксандр Зябко.

— Дзе вы змаглі знайсці такое вільготнае месца, вымачку ў спёку?

— Не вымачка, тарфянік. Вакол Баброва шмат палеткаў, атрыманых пасля правядзення меліярацыйных работ, з тарфяной глебай. Зверху на такіх палях — корка, а калі пранікнуць глыбей, сантыметраў на 30 і больш, там сухі торф, сыпучы, як парашок. У ім і правальваецца тэхніка. Камбайн важыць больш за 10 тон, у бункеры яшчэ каля 7 тон — вось і атрымліваецца нагрузка. Як засеў, яго выкопвалі экскаватарам і выцягвалі пры дапамозе 2 трактараў.

У астатнім жа праца ідзе наладжаным рытмам.

Ад 2 камбайнаў намалот адвозіцца 1 машынай.

— Як вам удаецца паспяваць? — пытаюся ў кіроўцы Валерыя Арцюха.

— Па-першае, адвозіць не так і далёка, Варапаеўшчына блізка ад Баброва. Рэйс раблю за 10-15 хвілін. Па-другое, у абёмны кузаў умяшчаюцца 2 бункеры збожжа.

— Раскажыце пра сваю машыну.

— Новы КамАЗ сабраны цалкам з імпартных дэталяў “Mercedes”. Выдатна працаваць на новай іншамарцы!

— Колькі рэйсаў за дзень паспяваеце зрабіць?

— У сярэднім каля 12-ці. Аднак здараліся і выпадкі, калі рабіў па 15 рэйсаў.

Дзень прыезду карэспандэнта адзначыўся яшчэ і тым, што камбайнеры-перадавікі намалацілі па 1 тысячы тон збожжа.

— Калі б у залік ішоў намалот рапсу, мае работнікі былі б тысячнікамі яшчэ 2 тыдні таму, — кажа Вячаслаў Чувілін. — Зараз жа абмалацілі азімы рапс — і трэба пачынаць адлік нанава.

Развітаўшыся з працаўнікамі, ад усёй душы пажадаў ім новых дасягненняў і новых сустрэч з добрай нагоды.

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА.

На здымках: мерна ідзе камбайн — карабель збожжавых мораў; вадзіцель Валерый Арцюх працуе на новым аўтамабілі; камбайнеры-перадавікі Анатоль Петухоўскі і Аляксандр Зябко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.