Руплівыя гаспадары

204На вуліцы Маладзёжная ў аграгарадку Баброва жыве шмат маладых сем’яў. Аднак ёсць тут і гаспадары сталага ўзросту, прысядзібныя ўчасткі якіх уражваюць буйной, разлапістай зелянінай шматлікіх градак агуркоў, кабачкоў, памідораў, цыбулі, морквы і іншай гародніны.

Здалёк кідаюцца ў вочы яблыні, іншыя пладовыя дрэвы, якія растуць у садах. А на адным з добра агароджаных штыкетам, належным чынам зладкаваных падворкаў, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і гулялі на волі, заўзята скублі свежую траву, дзяўблі зярняткі сытыя, дагледжаныя куры. Таму гэты дом сядзібнага тыпу не мог мінуць.
На парозе мяне сустрэла гаспадыня Ніна Янкевіч, якой ужо восьмы дзясятак гадоў. Жанчына па-ранейшаму захоўвае бадзёрасць, рухавасць, светлы, ясны погляд вачэй, аптымістычны настрой і трапнасць, дасціпнасць у выказваннях. Абапіраючыся на два невялікія драўляныя кіёчкі, самастойна і няспешна рухаўся па хаце і яе муж Уладзімір, якому сёлета ўжо споўнілася 80 гадоў.
— Расціць, даглядаць садавіну і гародніну дапамагае нам сын Мікалай, які разам са сваёй сям’ёй жыве ўсяго праз некалькі дамоў на гэтай жа вуліцы, — паведаміла Ніна Міхайлаўна. — Не забывае нас і пляменнік Мікалай Гатоўка, які працуе сувязістам у Бароўцы. На сваім мотаблоку ён апрацоўвае нашы прысядзібныя соткі, даводзіць іх да ладу.
— А ці шмат зямлі выкарыстоўваеце для вырошчвання розных культурных раслін?
— На 25 сотках размешчаны збожжавыя культуры, на дваццаці — бульба, а астатнія некалькі сотак заняты пад гароднінай.
— Якую яшчэ тэхніку прыцягваеце для выканання сельскагаспадарчых работ?
— Трактар МТЗ-80 з усім навясным абсталяваннем, які ў свой час выкупіў у мясцовага саўгаса мой муж Уладзімір, а нядаўна перапісаў яго на сына Мікалая.
— Кім працавалі да выхаду на пенсію?
— Цялятніцай на жывёлагадоўчай ферме, а муж — механізатарам.
— Паколькі я ўсё жыццё правёў за рычагамі трактара, працаваў на рознай сельскагаспадарчай тэхніцы, то і на пенсію пайшоў датэрмінова — у 55 гадоў, — падключыўся да размовы Уладзімір Якаўлевіч. — Памятаю яшчэ той далёкі час, калі ў нас была самая перадавая ў раёне калектыўная гаспадарка — калгас імя Леніна, дасягаліся надзвычай высокія ўраджаі збожжавых культур, бульбы, утрымлівалася вялікае пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Тады было заможным і жыццё вяскоўцаў.
— Як пазнаёміліся, сталі ладзіць сямейнае жыццё?
— Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы Таўпенцы Чашніцкага раёна, — адказала Ніна Міхайлаўна. — У Баброве жыла і працавала мая сястра. Я неяк сюды прыехала да яе ў госці, сустрэлася з Уладзімірам. Ён мне спадабаўся, выйшла за яго замуж.
— Тады ж і пабудавалі гэты дом, у якім зараз жывяце?
— Так. Купілі неабходную колькасць дзелавой драўніны, нанялі людзей, якія разумеюць у будаўнічай справе. Плацілі за выкананыя работы. Так і быў зладкаваны гэты вялікі дом з трысценам, у якім вышыня ад падлогі да столі складае каля трох метраў. Прасторна ў нас і дыхаецца лёгка. Некалькі год таму замянілі драўляныя рамы вокнаў у трысцене і на кухні на шклопакеты, а сёлета вясною ўстанавілі вокны-шклопакеты і ў самім доме.
— Чым любіце займацца ў вольны час?
— Я люблю глядзець шматсерыйныя мастацкія фільмы, а муж аддае перавагу навінам, розным інфармацыйным перадачам. Каб мы не перашкаджалі адзін другому, сын купіў нам у падарунак другі тэлевізар. Дзякуй яму і ўсёй яго сям’і, што не забываюць нас, дапамагаюць ва ўсім.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Ніна Міхайлаўна і Уладзімір Якаўлевіч Янкевічы — пастаянныя падпісчыкі раённай газеты “Лепельскі край”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.