С детства Юля Жерносек мечтала связать свою жизнь со службой в милиции

img_3903Нагодай для сустрэчы і размовы са следчым раённага аддзела Следчага камітэта лейтэнантам юстыцыі Юліяй Жарнасек стала другое месца, занятае маладой супрацоўніцай у кросе па перасечанай мясцовасці сярод супрацоўнікаў Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. Скарыстаўся магчымасцю больш падрабязна распытаць суразмоўцу пра яе працу, захапленні.

З дзяцінства Юля Жарнасек марыла звязаць сваё жыццё са службай у міліцыі. Кажа, што любіла глядзець фільмы пра іх службу, чытаць дэтэктывы.
— У дзяцінстве ўсе мараць пра ўзвышаныя прафесіі: лётчыкаў, касманаўтаў, урачоў, міліцыянераў. Мая мара ў пэўнай ступені збылася.
Пасля заканчэння сярэдняй школы №1 паступіла на юрыдычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыла летась з чырвоным дыпломам.
— У школе актыўна займалася фізкультурай, у прыватнасці, не гульнёвымі відамі спорту, а лёгкаатлетычнымі: бег, скачкі, лыжы. Нават удзельнічала ў спаборніцтвах. Ва ўніверсітэце спорт адышоў на другі і нават трэці план, першае месца цвёрда займала вучоба, навука. Хаця старалася не закідваць, пры магчымасці выходзіла на бегавую дарожку. І зараз час ад часу бегаю, падтрымліваю фізічную форму.
Пасля ўніверсітэта прапанавалі службу ў РАСК, яна пагадзілася. Тым больш, што пад час вучобы асаблівы ўпор рабіла на вывучэнне крыміналістыкі, практыкі прымянення законаў. Пры паступленні на службу была яшчэ месяц стажыроўка ў Мінску, дзе разам з будучымі калегамі іх уводзілі ў тонкасці справы, расказвалі пра спецыфіку, давалі пэўны набор неабходных навыкаў.
— Размаўляла з калегамі з іншых раёнаў Беларусі, упэўнілася, што служба паўсюль прыблізна аднолькавая, бо грунтуецца на адным заканадаўстве.
— Што вас асабліва прываблівае ў службе?
— Сам характар яе. Бяруся за справу і нібыта збіраю пазл, з разрозненых фрагментаў складаю цэласную карціну. Гэта захапляе.
— Распавядзіце пра сваю самую першую справу.
— Гэта было рабаўніцтва. Гучыць, вядома, гучна, але на самой справе падзеі развіваліся банальна. У верасні мінулага года мясцовы п’яніца, не заплаціўшы, адкрыта скраў у краме “Капейка” бутэльку спіртнога. На заўвагі прадаўшчыц адкрыта нагрубіў ім. Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваны па артыкуле 206 — рабаўніцтва, або адкрыты крадзеж маёмасці. Мужчына да гэтага меў судзімасць за аналагічнае злачынства, таму суд у далейшым яму вынес пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.
— А якая справа была самай цяжкой?
— Расследаванне крадзяжу ў краме вёскі Двор Бабча. Там упершыню сутыкнулася з працай нашага раённага спажывецкага таварыства. Столькі дакументацыі давялося перавярнуць, накладных! Злодзеі скралі некалькі дзясяткаў найменняў тавараў. Трэба было пераправерыць рэшткі, каб дакладна вылічыць нанесены ўрон.
— Некалькі разоў сутыкаўся з крыміналам, крымінальнікамі. Часта людзі гэтай катэгорыі нясуць у сабе негатыў, падаўляюць энергію. Як спраўляецеся?
— Па-першае, характар мае значэнне. Паступова выпрацоўваецца ўпэўненасць у сабе, у сваёй праваце. Па-другое, працу пакідаю на працоўным месцы, не нясу яе дахаты. Дома займаюся выключна хатнімі справамі.
Следчы Юлія Жарнасек завяршае чарговую справу аб крадзяжы мабільнага тэлефона, перадае яе ў пракуратуру.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Юлія Жарнасек.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.