С Еленой Игоревной мы готовились с пятого класса

a-31Алена Ігараўна Зінькевіч — настаўнік англійскай мовы ў гімназіі імя І.М. Ерашова. За перыяд яе педагагічнай практыкі — дзясяткі стабальнікаў цэнтралізаванага тэсціравання, удзельнікі і прызёры раённых, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных алімпіяд і конкурсаў па англійскай мове. Яна рыхтуе моцных вучняў, адной з іх з’яўляецца Алеся Тарасевіч, якая на цэнтралізаваным тэсціраванні па англійскай мове набрала найвышэйшы бал.
Дзяўчына адкрытая і прыязная. Пытаюся ў яе:
— Разлічвала на такі вынік?
— З Аленай Ігараўнай мы рыхтаваліся з пятага класа. І ўсе настройвалі мяне, што пакажу нядрэнны вынік. Гэта ўжо было запланавана. Вядома, вынік стаў прыемным сюрпрызам. Пасля пройдзеных мною алімпіяд пісаць тэсціраванне было складана ў плане таго, што шукаеш нейкія падвохі. Можна зрабіць памылку ў простым заданні.
— Памятаеш свае пачуцці, калі ўбачыла запаветныя сто балаў?
— Безумоўна, было вельмі прыемна, але гэта не стала нечаканасцю.
— Ці заставаўся вольны час на свае інтарэсы?
— Вядома, галоўнае правільна размеркаваць яго. Час для музыкі заўсёды знаходзіла. Калі рабіла нейкую хатнюю працу, урокі, заўсёды гэта было з навушнікамі. Усё роўна ёсць нейкае пачуццё, што ты развіваешся. Займалася ў музычнай школе. Вядома, і сям’я вельмі дапамагала, мяне заўсёды падтрымлівалі.
— Атрымліваецца, здаць на 100 балаў магчыма. Якую параду дасі абітурыентам?
— Самае важнае — жаданне. Калі цябе будуць прымушаць і ты падсвядома гэтаму пярэчыш, то нічога добрага не выйдзе.
Да размовы далучаецца Алена Ігараўна:
— Алеся заўсёды была мэтанакіраванай. Дарэчы, яна адзіны абітурыент, які набраў 100 балаў у Лепелі. Працавітая і самастойная, што немалаважна. Яна заўсёды дакапаецца, як гучыць слова, як гучыць лонданскі дыялект, заўсёды цікавілася гісторыяй паходжання слоў. Дзяўчына з шырокім кругаглядам: музыка, фільмы на замежнай мове. Мы з ёй нават раілі адзін аднаму, што паглядзець ці паслухаць.
— Алена Ігараўна, многія з вашых вучняў набіралі 100 балаў?
— Алеся не першая. Яшчэ ў 5 класе я вырашыла стаць настаўнікам замежнай мовы. І цяпер мне хочацца перадаць свае веды дзецям.
— Ці адразу заўважаеце ў вучняў цікавасць і здольнасці да вывучэння замежнай мовы?
— У Алесі я заўважыла схільнасці да англійскай мовы яшчэ ў 5 класе.
Дамагчыся высокіх вынікаў можа кожны, былі б жаданне і зацікаўленасць.
Аліна КАРПЫЗІНА,
студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава.
На здымку: Алена Ігараўна Зінькевіч і Алеся Тарасевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.