Салодкая прадукцыя

79cf483ca844Пра вытворчасць кандытарскіх вырабаў на прадпрыемстве гутарым з галоўным інжынерам філіяла “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлебпрам” Андрэем Ставерам.
— Андрэй Аляксеевіч, “салодкая” тэма часцей становіцца найбольш актуальнай напярэдадні святаў, калі павышаецца попыт на адпаведную прадукцыю. Чым парадуе да святаў жыхароў горада і раёна кандытарскі цэх вашага прадпрыемства?
— У гэтыя перадсвяточныя дні хлебазавод папаўняе асартымент кандытарскай прадукцыі. Паявяцца шэсць новых найменняў тартоў.
— Раскажыце падрабязней пра новую прадукцыю.
— Тарты найменняў “Блюз”, “Казкі дзяцінства”, “Міхайлаўскі”, “Для любімай”, “Шакаладная фантазія” і “Каралева”. Да традыцыйнай рэцэптуры дабаўлены таксама новыя кампаненты: курага, какосавая стружка, чарнасліў, мармелад, шакаладная глазіроўка і іншыя.
— Гэта кілаграмовыя тарты?
— Адны — кілаграмовыя, іншыя — па 0,9 кг.
— Дарэчы, а ці выпускаеце вы тарты на аснове выключна садавіны?
— Раней выпускалі, зараз — не. Попыт на іх невялікі, прадукцыя атрымліваецца нерэнтабельнай.
— Ці вялікая доля прадукцыі кандытарскага цэху ў агульнай масе вытворчасці?
— На першы погляд, невялікая. Калі ў цэлым мы выпускаем дзесьці каля 180 тон прадукцыі, то кандытарскі цэх — усяго тон шэсць — сем. Гэта прыкладна трыццатая частка агульнага аб’ёму вытворчасці. Аднак жа кошт кандытарскай прадукцыі не параўнаеш з коштам на хлеб і нават на хлебабулачныя вырабы.
— Ці займаецеся вытворчасцю салодкай прадукцыі пад заказ?
— “Заказны” торт у нас аднаго наймення. Раней гэта быў “Чароўны”, аснову якога, акрамя бісквіту, складалі салодкі масляны крэм, а зверху — суфле для ўпрыгажэння. Зараз пераходзім на выпуск торта “Блюз”. У аснове яго рэцэптуры — салодкае масла з мармеладам і шакаладнай глазіроўкай, зверху — суфле.
— Колькі прадукцыі “пад заказ” выпускае цэх штодня?
— Па-рознаму. У “вясельны сезон”, з канца мая і да позняй восені, бывае, і па сорак кілаграмаў за дзень.
— А які самы вялікі торт “пад заказ” прадалі?
— Дванаццацікілаграмовы.
— Пры гэтым заказчык не можа дыктаваць сваёй рэцэптуры?
— Вядома, не. Рэцэптура строга стандартная.
— А які ўвогуле сутачны аб’ём прадукцыі кандытарскага цэха?
— У сярэднім — ад 140 да 180 кг. З разлікам таго, што за восем гадзін працы кандытар вырабляе 60 кілаграмаў тартоў. У цэху працуюць тры кандытары — Марыя Тухта, Валянціна Супрэдка і Алеся Січэнка. Узначальвае цэх майстар Жанна Леановіч.
— Кандытарская прадукцыя — гэта вынік у асноўным ручной працы?
— Не толькі. Начынкі і бісквіт робяць машыны. У нас ёсць новыя крэмазбівальная машына і міксер італьянскай вытворчасці, а таксама італьянская печ “Rotar-68”. Міксер мы набылі пры падтрымцы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў працэсе стварэння новага працоўнага месца.
— Якая прадукцыя “салодкага” цэха карыстаецца найбольшай папулярнасцю?
— Вялікі попыт на дзіцячы бісквіт тыпу “Барні” расфасоўкай па 150 грамаў у форме мядзведзіка, качаня і рыбкі. Асвоілі вытворчасць кекса “Сталічнага” з разынкамі, які дагэтуль не выпускалі, пірожных “Заварное” і “Салодкая фантазія”, якое мы завем “какосік”, бо яно з какосавай стружкай.
— Аднак жа кексы выпускаюць і кулінарныя прадпрыемствы. Ды і не толькі кексы”. Не баіцеся канкурэнцыі?
— Не. У кожнага — свой традыцыйны рынак збыту.
— Прадпрыемству выгадна асвойваць новыя віды прадукцыі?
— Так. Будзе выбар — будзе і попыт.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.