Самый большой урожай

img_9434Лепельскім філіялам Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства было аб’яўлена пра завяршэнне абласнога конкурсу па зборы яблыкаў сярод школьнікаў, агульнаадукацыйных і дашкольных устаноў. У пачатку кастрычніка адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання дзяўчынкі, якая больш за ўсіх сабрала сакавітых пладоў сёлетняга ўраджаю.

На працягу верасня ў нарыхтоўчыя пункты Лепельскага філіяла з’язджаліся аўтамабілі з поўнымі мяхамі яблыкаў у прычэпах. Усяго ў рамках конкурсу было сабрана 5444 кілаграмы садавіны. На прапанову паўдзельнічаць у нарыхтоўцы пладоў адгукнуліся таксама і навучэнцы дзяржаўнай установы адукацыі «Гімназія імя І.М. Ерашова г. Лепеля», якія разам сабралі 723 кілаграмы яблыкаў, а таксама ДУА «Старалядненская яслі-сад – базавая школа Лепельскага раёна». Вынікам працы вучняў гэтай установы стала 280 кілаграмаў пладоў.
Удзельнікамі конкурсу бы­лі таксама асобныя выхаванцы і навучэнцы раёна. Сабраць як мага больш яблыкаў і атрымаць падарунак атрымалася менавіта ў Дар’і Навіцкай, навучэнкі 8 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Лепеля». Гэта дзяўчынка сабрала 4441 кілаграм яблыкаў і стала адзінай пераможцай конкурсу.
– Аднойчы мы з сям’ёй прыехалі здаваць яблыкі ў нарыхтоўчы пункт і ўбачылі тут аб’яву. Такім чынам і даведаліся, што ў раёне праводзіцца конкурс. Без сумненняў я вырашыла ў ім паўдзельнічаць. На працягу месяца збірала яблыкі на дачы, а таксама ў бабулі ў вёсцы. Безумоўна, мне дапамагала ўся сям’я – бацькі і брат. Мы мэтанакіравана ішлі да перамогі, таму я не была здзіўлена, што ўсё запланаванае здзейснілася. Вядома, я вельмі рада сваёй перамозе, – дзеліцца ўражаннямі Дар’я Навіцкая.
Цырымонія ўзнагаро­джання адбылася ў кабінеце Рыгора Стоша, дырэктара Лепельскага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства. Павіншаваць дзяўчынку пажадаў і Віктар Шуляк, намеснік старшыні Віцебскага аблспажыўтаварыства. Пераможца атрымала мабільны тэлефон маркі Huawei. Да таго ж Дар’і ўручылі вялікі торт і падзячны ліст.
– У Лепельскім раёне ты – адзіная ўдзельніца, якая назбірала так шмат садавіны. Упэўнены, што твая праца стане яскравым прыкладам для тваіх сяброў і аднакласнікаў. Магчыма, што яны, як і ты, пажадаюць стаць удзельнікамі конкурсу ў наступным годзе, – звярнуўся да дзяўчынкі Рыгор Стош.
Як адзначыў прадстаўнік Віцебскага аблспажыўтаварыства Віктар Шуляк, удзел у конкурсе пажадалі пры­няць шмат дзяцей з усёй вобласці. Для кожнага з іх гэта стала выдатнай магчымасцю зарабіць асабістыя грошы. У той жа час конкурс навучыў дзяцей важнаму жыццёваму правілу – каб нешта атры­маць, трэба папрацаваць.
* * *
Бягучы год выдаўся незвычайна багатым на яблыкі. Толькі Лепельскім філіялам Віцебскага абласнога спажывецкага таварыста сёлета нарыхтавана 1100 тон духмянай садавіны, а летась – каля 700. Увогуле па вобласці паказчык па зборы яблыкаў сёлета ў 2 разы большы за мінулы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.