Счастье семьи — в детях

img_9658 Цікава, што ў рускай мове “василёк” і “ромашка” — ён і яна, а ў беларускай — наадварот: “валошка” і “рамонак” — яна і ён. Якія ж мы розныя, і якія розныя ў нас мовы!

Мне старшыня Стайскага сельсавета Анатоль Залатуха аднойчы сказаў, што ў іх у Дражне пасялілася надзвычай цікавая сям’я. І вось я вырашыў прыехаць і сваімі вачыма пабачыць тую сям’ю. Дзеля гэтага Анатоль Леанідавіч адклаў свае справы і сам вырашыў пазнаёміць мяне з прыезджымі. І вось мы ў Дражне.
Машына спынілася ля звычайнай вясковай хаты. Больш таго, адразу зразумеў, што гаспадары зусім не карэнныя дражненцы, а хата яшчэ не “абціснутая” (як кажуць у вёсцы), а хутчэй падобная да вулля, у які нядаўна засялілася пчаліная сям’я. Пчолкі засяліліся і адразу ж узяліся за працу…
Не, яны, Марчанкі, маці Таццяна Мікалаеўна і дачка Дар’я, купілі гэты дом, напэўна, у мінулым годзе, і ўжо зіму тут пражылі. Ведаю пэўна, бо Таццяна сказала, што хата ўдалая, цёплая.
Ну, што ж, хата і сапраўды даволі аптымістычная, як старыя людзі сказалі б, “вясёлая”. Высокая столь, вялікія светлыя вокны. Праўда, не такая вялікая хатка, ды на дваіх хопіць, а калі Даша мо з’едзе ў Мінск вучыцца, то хто ж у ёй будзе жыць?
Руская печ займала ледзьве не чвэрць хаты. Выкінулі днямі тую печку, будуць на яе месцы рабіць штосьці больш кампактнае і сучаснае. А пакуль што на месцы печы — голыя сцены ды неабабітая столь. Нязвыкла. Ну, ды нічога, “пчолкі” пачалі ўжо працаваць: паклеена будучая зала светлымі, як самі гаспадары, шпалерамі. Будуць мяняцца вокны на сучасныя, пластыкавыя. Толькі ж — не ўсё адразу. Першыя месяцы гаспадыня, якая прыехала ў Дражна ў пошуках працы, тут яе не знайшла. І выручаў лес. Акурат пайшлі ягады. Давялося сядзець у лесе, затое і заробак быў прыстойны. А затым Таццяну ўзялі працаваць аператарам на свінакомплекс. З’явіўся ўстойлівы заробак. Не вельмі вялікія грошы, ды на дваіх хопіць. Трэба толькі не настройваць сябе на тое, што ўсё павінна быць адразу. Гэта крэда сучаснай моладзі, якая часам не ведае сапраўднага кошту заробленай капейкі. Раней жа ўсё набывалі ў хату паступова.
Ёсць мяккая мэбля, ёсць пісьмовы стол, за якім можна працаваць. Што яшчэ трэба?
Ёсць і паліца… Цікава, а што ж гэта за паліца? Творы Караткевіча, Быкава, Барадуліна, Алексіевіч… А вось і зусім ужо прыемная нечаканасць. Сярод іншых кніг вядомых беларускіх пісьменнікаў прытулілася і мая сціплая, напісаная і выдадзеная яшчэ ў мінулым стагоддзі. Цяпер ужо нідзе яе не знайсці. Як тут устрымацца, каб не запытаць, дзе ж яны знайшлі гэтую кніжку?
— А неяк зайшлі ў магазін у Пышне, там яе і набылі. Даша вельмі ўзрадавалася. Яна заўсёды радуецца любой беларускай кніжцы. І ледзьве толькі ў магазін — адразу купляе. А я таксама дачцэ на кніжкі грошай не шкадую, — распавядае Таццяна.
Сама яна па-беларуску размаўляе толькі ледзь-ледзь, але ж дачка. Куды ж тут дзенешся, калі дачка прызнае ў побыце толькі родную мову?
Вось і я ў Дражне ўволю нагаварыўся з Дашай па-беларуску — адвёў душу. Бо іншым разам пагаварыць на матчынай мове проста няма з кім.
Як жа дзесяцікласніца са Стайскай школы Дар’я Марчанка загаварыла па-беларуску? Ды так загаварыла, што сёлета стала прызёрам раённай і абласной алімпіяд і толькі 0,15 бала не хапіла дзяўчынцы, каб стаць прызёрам алімпіяды рэспубліканскай. Якімі сцежкамі прыйшла яна да беларускасці — да паўнавартаснага ўсведамлення гістарычнай сутнасці сваёй Радзімы?
Жылі ў Ляхавічах, дзе Даша і нарадзілася. Калі вёска пачала пусцець і на месцы не аказалася працы, Таццяна вырашыла перабрацца ў Грыгаравічы. Аднак жа і там неўзабаве закрылася школа, дзе дачка вучылася ў пачатковых класах. Стала Даша вучыцца ў Новых Валосавічах. Сустрэла там настаўніцу гісторыі Вікторыю Мартыненку, якая з цягам часу стане для яе не проста настаўніцай, а вялікім жыццёвым аўтарытэтам і, можна сказаць, дарослым сябрам і дарадчыкам. А потым, калі пераехалі ў Стары Лепель, на шляху Дашы сустрэлася настаўніца роднай мовы і літаратуры Жанна Тухта, якая таксама пакінула светлы след у жыцці дзяўчынкі-падлетка. Нарэшце, у Стайскай школе, пад кіраўніцтвам Алены Маціеўскай, яна ўпэўнена рушыла наперад — браць алімпійскія вяршыні.
Вось так і сфарміраваўся нацыянальны светапогляд, і дзяўчынка загаварыла па-беларуску. Проста Дашы пашанцавала — ёй сустрэліся на жыццёвым шляху добрыя разумныя настаўнікі, якія навучылі думаць, аналізаваць і рабіць правільныя высновы.
— Што будзеш летам рабіць, Даша?
— Вучыцца, — не задумваючыся адказвае.
— Як вучыцца! Дык жа лета. Трэба на свежым паветры гуляць з сябрамі. У цябе ёсць сябры?
— Ёсць. Вікторыя Аляксандраўна.
— Ну, гэта хутчэй не сябар, а настаўнік, дарадчык. А сябры-равеснікі ёсць?
— Блізкіх, напэўна, няма.
— А хобі, чым любіш займацца?
— Вучыцца.
Маці пры гэтых словах толькі безнадзейна махнула рукой:
— Вось так і заўсёды. Пра адпачынак ёй нават і не кажы. Праўда, па гаспадарцы дапамагае.
Марчанкі прывыклі да гаспадаркі, не абыходзяцца без яе і тут, у Дражне, дзе купілі хату. І агарод у іх, вядома ж, за ўсім гэтым догляд патрэбен. Дачка, зразумела, дапамагае маці — у перапынках паміж сваім асноўным любімым заняткам — вучобай.
— Куды плануеш паступаць?
— Яшчэ не вырашыла. Думаю, што на філолага.
— На настаўніка?
— Магчыма, і так, а лепей — на навукоўца.
— Чытаеш?
— Натуральна.
— У межах школьнай праграмы?
— Мне не падабаецца школьная праграма, таму што там ёсць слова “трэба”, а я не хачу “трэба”, я хачу быць вольным чалавекам.
— Што з прачытанага цябе найбольш уразіла?
— Вядома ж, “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча.
— Цяжкавата чытаецца.
— Затое цікава. Проста каб атрымліваць асалоду ад гэтай кніжкі, трэба быць падрыхтаваным чалавекам. А яшчэ ўразіла “Ноч” Віктара Марціновіча.
Калі падпісваў Дашы сваю кніжку, чамусьці захацелася назваць гэтую сціплую вясковую дзяўчынку кветачкай. Памятаеце, у Якуба Коласа была “кветка Палесся”? Дык чаму б і нашай Лепельшчыне не мець сваю дзяўчынку-кветачку, светлую, як сонейка, якая любіць хадзіць босай на зямлі і вельмі любіць сваю зямлю? Як кветка палявая, сціплая — валошка ля дарогі жыцця. Эх! Валошка-Валошка! Дзе ж твой Рамонак? Не прапусціце, хлопцы, свайго светлага беларускага шчасця.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.