100-летний юбилей отметил ветеран Великой Отечественной войны Адам Шидько

100-гадовы юбілей адзначае паважаны чалавек у Лепелі — ветэран Вялікай Айчыннай вайны Адам Шыдзько. Павіншаваць яго з гэтай важнай падзеяй прыйшлі прадстаўнікі ўлады раёна, савета ветэранаў, ТЦСАН Лепельскага раёна і інш.

Ва ўрачыстай абстаноўцы начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Лепельскага РАУС Васіль Сушко ўручыў самы галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

— …У нашым раёне склалася добрая традыцыя віншаваць 100-гадовых юбіляраў, — адзначыў Васіль Мікалаевіч. — Мы імкнёмся кожнага наведаць дома, каб асабіста ўручыць новы дакумент. Сёння асабліва прыемна, бо Адам Пятровіч — ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

Да віншаванняў далучыўся старшыня раённага Савета ветэранаў Ігар Урбан, які ўручыў мужчыне кветкі і памятныя падарункі з пажаданнямі моцнага здароўя, дабрабыту і даўгалецця.

— 100 гадоў — вельмі значная лічба! Вы годна пражылі свой век, з’яўляліся не толькі сведкам, а і ўдзельнікам шматлікіх гістарычных падзей, што цалкам мянялі звыклы лад жыцця. Пры гэтым Вы засталіся моцным чалавекам, умееце радавацца жыццю і па-філасофску ставіцеся да цяжкасцяў лёсу. Усяго вам самага найлепшага! – адзначыў Ігар Генадзьевіч.

Словы падзякі за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў час вайны, а таксама за шматгадовую і добрасумленную працу на карысць краіны ў мірныя гады выказалі дырэктар ТЦСАН Лепельскага раёна Наталля Іванова, Васіль Майзус і Эмілія Данілава.

***

— Было вялікае пачуццё радасці, усё віншавалі адзін аднаго з заканчэннем вайны, — успамінае ветэран Дзень Перамогі 1945 года, — Гэта самае вялікае свята для мяне.

Лёс Адама Пятровіча такі ж, як і шматлікіх людзей таго часу. Нарадзіўся наш герой на Гродзеншчыне, там прайшло і яго галоднае, басаногае, у прамым сэнсе гэтага слова, дзяцінства. Калі хлопчыку было 4 месяцы, страціў маці, таму выхоўваўся у сям’і роднай цёці.

Як адзначае мужчына, адносіліся да яго добра, як да роднага дзіцяці. Ніводнага дрэннага слова не можа сказаць пра сваю прыёмную сям’ю.

У армію быў прызваны 11 сакавіка 1941 года. З першых дзён вайны ўдзельнічаў у баявых дзеяннях спачатку ў складзе танкавых войскаў, пазней – пяхотных.

Не любіць узгадваць пра вайну ветэран, бо учэпістая памяць і зараз не дае спакою за той жах, што адбываўся ў 40-х.

— Было вельмі страшна страляць у людзей, нават спачатку не цэліўся і не ведаю, колькі застрэліў ворагаў. Жудасна, шмат бруду, вошай, — так у некалькіх словах апісвае вайну Адам Пятровіч. — Зараз такое ўзбраенне магутнае паказваюць на парадах. У 40-х гадах пра такое і марыць не маглі. На двух салдат была адна вінтоўка.

Перамогу сустрэў у Германіі. Асабліва запомнілася сустрэча на Эльбе з амерыканскай арміяй. Гэта была надзвычай важная гістарычная падзея.

Ужо пасля вайны ветэрану хірург дастаў аскалёпак з нагі, якім раніла падчас бабмбёжкі. Аднак і пра гэта не любіць распавядаць нікому, нават самым блізкім людзям.

У мірны час працаваў вадзіцелем хуткай дапамогі ў шпіталі, адтуль і пайшоў на пенсію. А ў вольную хвіліну пасля працоўных будняў любіў на сваім “Масквічы” пракаціцца ў лес за ягадамі і грыбамі.

Стварыў моцную сям’ю, сам пабудаваў дом на Лепельшчыне, дзе з жонкай пражыў доўгія шчаслівыя гады. Сын Валерый жыве ў Мінску. Выраслі ўжо ўнукі і праўнукі, якія не забываюць дзядулю і пры любой магчымасці наведваюць Лепельшчыну.

Нават у свае 100 гадоў ветэран клапоціцца пра тое, каб яго прысядзібны ўчастак не пуставаў. На агародзе ў Адама Пятровіча буяюць бульба, цыбуля і іншая гародніна. Як адзначыла сацыяльны работнік Таццяна Калітуха, якая ўжо 7 гадоў дапамагае па гаспадырцы Адаму Пятровічу, ветэран на зямлі працуе сам, нікому не дазваляе дапамагаць і лічыць, што гэта мужчынская праца.

Для даведкі. У Беларусі пражываюць каля 3300 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама 11,5 тысяы грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны.

Самым узроставым удзельнікам і інвалідам вайны сёння ўжо больш за 100 гадоў, а самым маладым — каля 90 (гэта партызаны і падпольшчыкі).

З улікам асаблівага статусу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і пацярпелых асоб да іх пенсій у адпаведнасці з пенсiйным заканадаўствам робіцца штомесячная выплата ў выглядзе павышэння пенсіі ад 50 да 500 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.