100-летний юбилей отмечает жительница Лепельского района Любовь Авдеенок

Другі раз за месяц давялося пабываць на ўрачыстасці з нагоды 100-гадовага юбілею. Зусім нядаўна святкаваў сваю, сапраўды, значную дату Адам Пятровіч Шыдзько, і вось сёння юбілей з дзвюма нулямі адзначае Любоў Фядосаўна Аўдзяёнак.

Гэта вялікае шчасце, што ў нашым раёне ёсць людзі такога шаноўнага ўзросту. Яны адрозніваюцца вялікай мудрасцю, жыццёвым вопытам, карыстаюцца аўтарытэтам не толькі сярод сваіх суседзяў, а і ў мясцовай улады.

З самай раніцы да Любові Фядосаўны прыехалі яе самыя блізкія, павіншавалі з сотым днём нараджэння. Да іх далучыліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан, старшыня Лепельскага сельсавета Васіль Шапка, дырэктар ТЦСАН Наталля Іванова, старшыня савета ветэранаў Васіль Майзус, прадстаўнікі РАУС, Лепельскага МКК і іншыя госці.

Бабуля вельмі рада была, што прыйшлі яе павіншаваць прадстаўнікі ўлады і самадзейныя артысты. Прыемны падарунак зрабілі работнікі Старалядненскага сельскага Дома культуры – выканалі песню «Касіў Ясь канюшыну».

У хаце юбіляршы месца знайшлося ўсім, бо гэтая жанчына вельмі гасцінная, усіх сустракае з усмешкай. Нягледзячы на ​​тое, што жанчына пераступіла векавую мяжу, яна поўная энергіі і жыццялюбства.

У Любові Фядосаўны быў нялёгкі жыццёвы шлях: яна прайшла гады ваеннага ліхалецця, пасляваенны час аднаўлення краіны і Савецкага Саюза.

Нарадзілася ў далёкім 1921 годзе ў простай сялянскай сям’і, дзе выхоўвалася 10 дзяцей, у вёсцы Навасёлкі, недалёка ад Матырына. У Лепельскім раёне прайшло і дзяцінства: скончыла 6 класаў Косцінскай школы. Пасля вучобы пайшла ў калгас, дзе была амаль усё працоўнае жыццё брыгаднай работніцай.

Да вайны сустрэла жанчына і свайго каханага Міхаіла, з якім у хуткім часе пажаніліся. Ён таксама працаваў у калгасе на розных пасадах, а ў перыяд Вялікай Айчыннай партызаніў.

Усё жыццё Любоў Фядосаўна працавала, заўсёды гатовая была дапамагчы, старалася не сварыцца, зла нікому не жадала. І ніколі не маркоцілася, таму сакрэт яе даўгалецця просты: жыццярадаснасць!

Памятае бабуля, як пачалася вайна:

—Вельмі страшна было за сябе, блізкіх, у цэлым краіну… Мужчыны пайшлі ваяваць, у вёсцы засталіся толькі жанчыны і дзеці. Днём прыходзілі немцы за яйкамі і іншымі прадуктамі, а ўначы мы частавалі партызанаў, што было вельмі небяспечнай справай.

Пашанцавала, можна сказаць, вёсцы Ірынполле. Страшныя баі не закранулі населены пункт. Амаль усе дамы захаваліся.

У 1943 годзе ў маёй суразмоўцы нарадзілася дачка Еўдакія, якая зараз жыве з маці, дапамагае ёй па гаспадарцы.

Пасля заканчэння страшных падзей, у 1945-м, вярнуліся дадому ўсе 3 браты Любові Фядосаўны — вялікае свята для сям’і. Мала хто мог такой навіной пахваліцца. Дзень Перамогі для большасці беларусаў быў радасным і адначасова сумным, са слязьмі на вачах.

Узгадвае Любоў Фядосаўна і гады пасляваенныя: вёска шматлюдная, усе святы адзначаліся пышна, весела.

— Незабыўнымі заўсёды былі дажынкі. Хоць і працавалі ад рання да позняга вечара, але але жылі весела, — далучылася да размовы пляменніца юбіляршы Аліна Іванаўна Барчук.

Да, рупіцца даводзілася ім сур’ёзна: садзіць, палоць, жаць, збіраць ураджай… Клапатлівай справай заўсёды быў лён. А пасля будняў спяшаліся на прысядзібны ўчастак. У гаспадарцы былі карова, свінні, куры, таму не сумавалі на прысьбе.

Багатая бабуля на ўнукаў і праўнукаў, якія не забываюць, пры любой магчымасці наведваюць Ірынполле. Падабаецца ім тут, у засені дрэў, на свежым паветры, адпачываць ад гарадской мітусні.

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.