Сегодня 90-летний юбилей отмечает педагог по призванию, лепельчанин Иван Граховский


Уваходжу ва ўтульны дом па вуліцы Лабанка. На парозе мяне сустракае мілая жанчына.
—Добры дзень! Праходзьце, калі ласка! Тата вас ужо чакае! Ён ужо і сшыткі са сваімі вершамі падрыхтаваў… — гасцінна запрашае мяне ў дом дачка юбіляра Ала Бунакова.
У прыгожай гасцінай мяне сустракае Іван Грахоўскі. Гэтага цудоўнага чалавека ведаюць дзясяткі выпускнікоў, якія ў свой час набывалі веды ў Слабадской (зараз — Старалядненскай) і Стайскай сярэдняй школах. Педагог па прызванні, Іван Максімавіч аддаў рабоце ў школе 40 год… Сення, 25 чэрвеня яму спаўняецца 90 год. Нягледзячы на пажылы ўзрост, мужчына мае выдатную памяць. Ён можа шмат расказаць пра жыццё школ у былыя гады, добра памятае імёны і прозвішчы многіх сваіх вучняў, іх дзяцей і па жыцці цікавіцца іх лёсам. У сэрцах жа саміх вучняў, дарагіх калег Іван Максімавіч жыве не толькі як выдатны педагог, а і чалавек са шчырай і адкрытай душой, які мог вельмі цікава раскрыць тую ці іншую тэму, падарыць вучням любоў да свайго прадмета.
— Цудоўныя ўрокі Івана Максімавіча я запомніла на ўсё жыццё, — расказвае яго колішняя вучаніца Марыя Рамашка. — Мы з аднакласнікамі маглі гадзінамі слухаць свайго настаўніка і не заўважаць, як хутка пралятае час. Якой бы ні была складанай тэма, педагог мог з легкасцю ўсё нам растлумачыць. Памятаю, як мы спраўляліся са складанымі ўраўненнямі, задачамі, і матэматыка заўсёды была нашым любімым прадметам.
Як жа было прыемна сустракаць Івана Максімавіча на працягу многіх год пасля заканчэння школы! Той жа цёплы позірк, светлая ўсмешка, тая ж няспешная размова — ён ніколькі не змяніўся. Гэта педагог з вялікай літары, чалавек, які ўкладваў у сваю справу сэрца і душу. Вельмі хочацца, каб здароўе не пакідала яго многія гады, — ад душы пажадала колішняя ўдзячная вучаніца.
Такія цёплыя ўспаміны ад вучняў я чула не аднойчы. Было вельмі прыемна даведацца, што Іван Максімавіч калісьці выкладаў матэматыку і ў майго таты, Аляксандра Сільвановіча. Пра гэта мне расказаў сам настаўнік.
Сваіх дарагіх дзяцей, унукаў і праўнукаў, шматлікіх вучняў Іван Максімавіч лічыць самай вялікай узнагародай у жыцці. У 2013 годзе пайшла з жыцця любімая жонка Івана Максімавіча і зараз яго даглядае дачка Ала. Яна гатуе для таты карысныя стравы, сочыць за самаадчуваннем, рэжымам дня. Назіраючы за тым, як Ала Іванаўна размаўляе са сваiм бацькам, я зразумела, што ўсе свае якасці ён перадаў і дзецям. З задавальненнем наведваюць дзядулю дзеці, унукі, праўнукі — і тады ў доме наступае вялікае свята.
З нагоды 90-гадовага юбілею родныя падрыхтавалi для Івана Максімавіча прыемны сюрпрыз. Гэту падзею ён таксама чакае з асаблiвым хваляваннем.
Быццам птушкі, пранесліся 90 год. На стале Івана Максімавіча заўсёды ляжаць альбомы з фотаздымкамі яго вучняў, калег, а таксама сшыткі са шматлікімі вершамі. І кожны са сваіх твораў ён прапусціў праз сэрца. Гэтыя альбомы, сшыткі з’яўляюцца для Івана Максімавіча дарагой рэліквіяй. Ён бярэ ў рукі фотаальбом — і ў адно імгненне вяртаецца на дзесяцігоддзі назад, у пару свайго дзяцінства…
Нарадзіўся Іван Максімавіч у 1932 годзе ў вёсцы Мацюшына Сцяна Лепельскага раёна. У сям’і Максіма Фёдаравіча і Ганны Кузьмінічны Грахоўскіх выхоўвалася 4 дзяцей. Кожнага з іх бацькі не толькі прывучалі да нялёгкай сялянскай працы, а і імкнуліся даць добрую адукацыю. У 1939 годзе Іван Максімавіч пайшоў вучыцца ў 1 клас. Хлопчык лёгка асвойваў усе школьныя дысцыпліны і першыя 2 класы скончыў на выдатна. І раптам пачалася вайна…
З чэрвеня 1941-га па чэрвень 1944 года вясковая сям’я жыла на акупіраванай тэрыторыі. Галава сям’і пайшоў на фронт, а маці засталася адна з дзецьмі на руках. Вядома, кожны з іх змалку адчуў, што такое голад, нястачы і пастаянны страх, што ў любы момант пачнуцца выбухі, і тады трэба ратавацца ад бяды…
На ўсё жыццё Іван Максімавіч запомніў светлы і хвалюючы Дзень Перамогі. Людзі беглі адзін аднаму насустрач, абдымаліся, з нецярпеннем чакалі вяртання з фронту сваіх родных. Якую ж радасць прынесла вестка пра тое, што, нарэшце, мы перамаглі!
Шлях да любімай прафесіі
У 1944 годзе, пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі, Іван Грахоўскі пайшоў вучыцца ў 3 клас Мацюшынскай пачатковай школы і ў 1946 годзе скончыў 4 класы. Затым працягваў вучыцца ў Старалепельскай 7-гадовай школе, якую скончыў у 1949 годзе.
Вучоба Івану заўсёды давалася лёгка. Маючы грунтоўныя веды, ён з лёгкасцю паступіў у Лепельскае педагагічнае вучылішча і ў 1953 годзе скончыў яго.
— Спачатку я вельмі хацеў паступіць у ваеннае вучылішча, быць мараком, — успамінае Іван Максімавіч. — Памятаю, як пасля заканчэння Лепельскага педвучылішча прыйшоў у ваенкамат для таго, каб атрымаць накіраванне на вучобу. Аднак саступiу сваё месца хлопцу-сіраце і вырашыў пайсці працаваць у школу.

Раённы аддзел адукацыі ў той час узначальваў таварыш Батурын, які працаваў выкладчыкам у Лепельскім педагагічным вучылішчы. Ён добра ведаў, што Іван Максімавіч рабіў поспехі ў матэматыцы. Таму ён і прапанаваў яму выкладаць гэты прадмет у Стайскай 8-гадовай школе. З першых дзён настаўніцтва настолькі захапіла хлопца, што ён хутка забыў пра сваё жаданне быць афіцэрам і вырашыў звязаць далейшае жыццё з педагогікай. У кожным са сваіх вучняў настаўнік бачыў дарагіх і блізкіх людзей, сапраўдных сяброў. Кожнага з іх ён імкнуўся зацікавіць да вывучэння няпростага прадмета, і гэта ў Івана Максімавіча выдатна атрымлівалася. Вучні вельмі палюбілі настаўніка за цярплівасць, уменне растлумачыць самы складаны матэрыял.
11 кастрычніка 1954 года малады педагог быў прызваны на службу ў Савецкую Армію.
— Памятаю, як я праводзіў апошні ўрок перад адыходам у армію у 6 “Б” класе, — расказвае Іван Максімавіч. — Растлумачыў дзецям новую тэму, а потым кажу: “Я прыйду да вас няхутка, мне надышоў час абараняць радзіму”. Твары ў дзетак адразу сталі сумныя, а адна з вучаніц, Надзея Шкіранда, заплакала… Вельмі цяжка мне было развітвацца з дарагімі вучнямі. Аднак я цвёрда ведаў, што пасля службы абавязкова вярнуся працаваць у школу.
Тэрміновую ваенную службу Іван Максімавіч праходзіў у Жытомірскім Чырванасцяжным зенітна-артылерыйскім вучылішчы, у палку вучэбна-баявога забеспячэння. У 1955 годзе Іван Грахоўскі быў пераведзены на службу ў ваенную часць 32994, у сяло Саваслейка Арзамаскай вобласці Расіі, на пасаду пісара штаба палка. У студзені 1957 года хлопец быў дэмабілізаваны.
Вярнуўшыся з арміі ў сакавіку 1957 года, Іван Максімавіч Лепельскім раённым аддзелам па адукацыі быў прызначаны настаўнікам матэматыкі і па сумяшчальніцтве — працы і фізкульутры ў Слабадскую 7-гадовую школу.
Настаўніцтва — жыццёвае прызванне
І зноў пачаліся будні любімай працы… Асоба творчая і неардынарная, Іван Максімавіч не толькі цікава выкладаў прадмет, а i далучаў сваіх вучняў да грамадскага жыцця. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, выступаў на сцэне і сам педагог. І зараз ён ахвотна расказвае гумарэскі, якія калісьці чытаў на адным з творчых конкурсаў. Яркія эпізоды свайго жыцця Іван Максімавіч адлюстроўваў у прыгожых вершах. Па прыкладзе любімага педагога актыўна пісалі вершы і яго вучні.
У студзені 1958 года Іван Максімавіч стварыў сваю сям’ю. У гэтым жа годзе ў маладой сям’і нарадзіўся сын Міхаіл, а праз 4 гады на свет з’явілася дачушка Ала. Сваім дарагім жонцы і дзецям Іван Максімавіч таксама прысвяціў нямала цудоўных вершаў.
У студзені 1966 года Лепельскім раённым аддзелам па адукацыі Іван Максімавіч быў пераведзены на работу ў Стайскую сярэднюю школу. Любімую работу ён сумяшчаў з вучобай у Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя С.Кірава (зараз ВДУ імя П. Машэрава), дзе набыў спецыяльнасць настаўніка матэматыкі.
У свой час Іван Максімавіч быў дырэктарам Стайскай сярэдняй школы і толькі ў ліпені 1993 года пайшоў на заслужаны адпачынак.
— Вядома, што ў памяці настаўніка жыве шмат прыемных успамінаў… Якія працоўныя будні вам найбольш запомнілася?
— Памятаю, як у час работы ў Стайскай школе мяне прызначылі выкладаць матэматыку ў класе, дзе налічвалася 30 чалавек, большую частку з якіх складалі хлопчыкі. Усе педагогі лічылі гэты клас вельмі шумным, вучняў — непаслухмянымі. Калі ж я пайшоў туды на ўрок, мне ўсе вельмі спачувалі. Аднак мне ўдалося знайсці да вучняў падыход, — з умешкай расказвае Іван Максімавіч.
— У кожнага з настаўнікаў ёсць вучні, поспехамі якіх ён ганарыцца. Успомніце, калі ласка, пра іх.
— Мой колішні вучань Віктар Шунто — палкоўнік у адстаўцы, жыве ў Расіі, у свой час быў выкладчыкам ваеннага вучылішча. Значныя поспехі ў матэматыцы рабіў таксама мой вучань Уладзімір Баразна, сын выдатнага фельчара, які вучыўся ў Слабадской 7-гадовай школе. Маім вучнем у свой час быў Анатоль Залатуха, які шмат год працаваў у жыллёва-камунальнай службе, а перад выхадам на заслужаны адпачынак узначальваў Стайскі сельвыканкам.
Сям’я — найдаражэйшы падарунак
Іван Максімавіч лічыць, што з яго сям’і пачалася дынастыя настаўнікаў. Ён ганарыцца сваім старэйшым братам Мікалаем, які набыў спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў. 1 год адпрацаваў у школе, а затым у 1939 годзе пайшоў служыць у армію. Скончыў Магілёўскае ваенна-тэхнічае вучылішча і ў 1941 годзе загінуў. Ён пражыў няшмат, але праявіў сябе і ў якасці настаўніка, і афіцэра. Сястра Івана Максімавіча Ефрасіння таксама скончыла Лепельскае педагагічнае вучылішча, атрымала спецыяльнасць настаўніка біялогіі і свой працоўны шлях пачала ў Маладзечанскай (зараз Гродзенскай) вобласці. Малодшы брат Івана Максімавіча Дзмітрый не быў настаўнікам, але таксама меў добрую адукацыю, стаў аграномам.
Звязалі сваё жыццё з педагогікай таксама 2 дачкі Ефрасінні: Яніна выкладала ў школе замежную мову, а Вольга працавала настаўніцай пачатковых класаў. Жонка Івана Максімавіча, Марыя Пятроўна, мела спецыяльнасць агранома, у свой час працавала галоўным аграномам раёна, узначальвала ўпраўленне сельскай гаспадаркі и харчавання райвыканкама.
Іван Максімавіч ганарыцца і сваімі дзецьмі. Старэйшы сын Міхаіл скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (зараз Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт). Свой працоўны шлях пачаў на пасадзе галоўнага інжынера ў калгасе імя Тэльмана, а затым разам са сваёй жонкай пераехаў у г. Заслаўль Мінскай вобласці. І там ён працягваў працаваць у галіне сельскай гаспадаркі, быў старшынёй калгаса, намеснікам дырэктара завода жалезабетонных вырабаў. Дачка Ала па прыкладзе таты набыла спецыяльнасць настаўніка. Скончыла Віцебскі дзяржаўны інстытут імя С. Кірава па спецыяльнасці “настаўнік хіміі і біялогіі”. Спачатку працавала настаўнікам біялогіі ў Новавалосавіцкай сярэдняй школе, затым — у галіне прадпрымальніцтва, пазней была таваразнаўцай у філіяле “Каапнарыхтпрам” Лепельскага райспажыўтаварыства.
Сваім галоўным багаццем Іван Максімавіч лічыць 8 ўнукаў і трое праўнучак. Калі ж усе дзеці, унукі і праўнукі збіраюцца разам, на вачах Івана Максімавіча выступаюць слёзы шчасця…
— Мне наканаваны шчаслівы лёс. У сваім жыцці я зрабіў усё, што жадала сэрца, — шчыра прызнаецца Іван Максімавіч.
На развітанне ад душы абдымаю дзядулю  і ад сэрца ідуць пажаданні: “Няхай у вашым жыцці будзе яшчэ шмат шчаслівых падзей!”.
Тэкст і фота: Святлана ВАЗНЯК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.