Секрет работы учителя-дефектолога

 

1Таццяна Мурашова — настаўнік-дэфектолаг.
Каля двух гадоў вядзе ў дзяржаўнай установе
дашкольнай адукацыі “Яслі-сад №4 г. Лепеля”
заняткі з дзецьмі, якія маюць праблемы
з маўленнем. Ва ўстанове існуе пункт
карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

Прашу Таццяну Вячаславаўну расказаць аб рабоце гэтага пункта.
— У нас займаецца трыццаць дзяцей. Заняткі праходзяць штодня, з васьмі да дванаццаці гадзін. Сярод іх індывідуальныя, падгрупавыя і групавыя.
— Дзеці наведваюць пункт у дадатак да асноўнай праграмы?
— Так, гэта як бы дадатковая нагрузка, але вельмі неабходная дзецям, і бацькі гэта разумеюць. Да таго ж, многія тэмы пераклікаюцца з тымі, якія прапануюць выхавальнікі.
— Усе бацькі разумеюць важнасць такіх заняткаў?
— Практычна. Некаторыя мяркуюць, што выправіць моўныя хібы дзіцяці мы здольныя без іх дапамогі. Яны памыляюцца. На карэкцыйных занятках дзіця бывае некалькі гадзін, асноўны ж яго асяродак стасункаў — сям’я. Таму праводзім растлумачальную, а часам і навучальную работу таксама і з бацькамі.
— У які час?
— У зручны для іх саміх. Кансультуем бацькоў як мы самі, так і праз выхавальнікаў. Каму як зручней.
— Чым адрозніваецца характар індывідуальнага, падгрупавога і групавога навучання?
— Тэмамі. Адна тэма — скажам, “паставіць” гук, патрабуе індывідуальнай работы з кожным. Іншыя можна распрацоўваць на групавых занятках. Групы невялікія — па тры-чатыры чалавекі. Групавыя заняткі працягваюцца 25-30 хвілін, а індывідуальныя яшчэ карацейшыя — па 15-20 хвілін. Як-ніяк трэба ўлічваць узрост.
— Дарэчы, пункт карэкцыйнай дапамогі разлічаны на дзяцей якога ўзросту?
— Лічыцца, што да пяці гадоў дэфект маўлення ўвогуле карэгіраваць не варта. Таму ў нас займаюцца дзеці пяці-шасцігадовыя.
— А як яны да вас трапляюць?
— У выніку заключэння медыка-псіхолага-педагагічнай камісіі, папярэднічае якой наша прафілактычная работа. Увогуле, у кожнага чалавека ўсё індывідуальнае, і праблемы з маўленнем таксама. Гэта трэба ўлічваць. Літара “р”, дарэчы, у многіх дзяцей “прачынаецца” ўвогуле толькі да сямі гадоў. Так што хвалявацца не варта, але не варта і запускаць гэты працэс. Напрыклад, фанетычнае ўспрыняцце трэба скарэкціраваць менавіта ў дзіцячым садзе, інакш у школе дзіця будзе няправільна чуць і пісаць.
— Як праходзяць заняткі на пункце? Раскрыйце некаторыя свае прафесійныя сакрэты.
— Усё адбываецца, зразумела, у форме гульні. Любыя індывідуальныя заняткі суправаджаюцца артыкуляцыйнай гімнастыкай, дзе мы адпрацоўваем правільнае становішча вуснаў, языка — для далейшых практыкаванняў. Для кожнага гука існуе свая гімнастыка.
— Якімі нагляднымі дапаможнікамі карыстаецеся? Альбо самі іх вырабляеце?
— Штосьці, вядома, робім і самі, аднак зараз няма неабходнасці ў такой самадзейнасці, усё можна знайсці ў інтэрнэце, многае магчыма набыць.
— Ці сустракаліся ў вашай педагагічнай практыцы яркія, запамінальныя дзеці?
— Вядома. Яны прыносяць асаблівы каларыт і ствараюць добры настрой. У нас ёсць дзяўчынка Ксюша, вясёлая, рухавая, светлае, як сонейка, дзіця. Цікава, што тата ў яе гаворыць па-беларуску, а мама — па-руску. Ксюша ў нас за перакладчыцу. Ёсць хлопчык Мацвей, які вельмі доўга маўчаў. Былі на тое свае прычыны. А зараз праблемы ліквідаваны, і наш хлопчык загаварыў, так “забалбатаў”, што не стрымаць.
— Ведаю, што сама вы — маладая маці, у якой дзіця наведвае гэты ж дзіцячы сад. Скажыце, якім, на ваш погляд, павінна быць выхаванне – жорсткім альбо, наадварот, мяккім і лаяльным? Іншыя кажуць, да пэўнага ўзросту дзіцяці нельга нічога забараняць.
— Не ведаю, я прыхільніца даходлівага выхавання. Усё патрэбна быць у меру. Залішняя жорсткасць да дабра не прывядзе, а толькі раззлуе, і ўседазволенасць народзіць эгаізм. Памятаю адзін выпадак. Ехалі ў Віцебску на трамваі. Сядзіць хлопчык, чаравікі брудныя, а побач — цёця ў паліто. Хлопчык водзіць нагамі прама па вопратцы жанчыны. Тая зрабіла заўвагу — ніякай рэакцыі. І ад маці хлопчыка таксама. Маці растлумачыла: “У нас выхаванне па японскай методыцы, нельга нічога забараняць”. Урэшце, той хлопчык з маці ўсталі, накіраваліся да выхаду. Раптам падымаецца малады чалавек, які жаваў гумку і… прыклейвае яе наўпрост на лоб той “японскай выхавальніцы”. Нямая сцэна. А хлопец кажа: “Нічога не зробіш. Я выхаваны па японскай методыцы”. Думаю, для ўсіх дарослых, пасажыраў трамвая гэта быў вельмі даходлівы выхаваўчы ўрок.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.